I душой, i сэрцам — народныя!

Знай наших! 01 ноября 13 1656
I душой, i сэрцам — народныя!

Народны ансамбль народнай музыкі і песні «Лявоны» пад нязменным кіраўніцтвам заслужанага дзеяча культуры Беларусі Вячаслава Канстанцінавіча Мацкевіча ўжо даўно стаў сапраўдным брэндам Воранаўшчыны. Ён з’яўляецца лаўрэатам фестываляў і конкурсаў у краіне і далёка за яе межамі, носьбітам лепшых традыцый народнай песні нашага Воранаўскага краю. Ужо на працягу трох дзесяцігоддзяў захоўвае вернасць выбранаму жанру. Выступленні калектыву — гэта заўжды свята беларускіх фальклорных звычаяў і абрадаў, народнага гумару і яскравых эмоцый. Глядач заўсёды прымае калектыў на “ўра” і спяшаецца паслухаць сваіх “Лявонаў”. Таму юбілейны канцэрт, які адбыўся на гэтым тыдні ў Воранаўскім гарадскім цэнтры культуры і вольнага часу, сабраў вялікую колькасць прыхільнікаў іх творчасці.

На канцэрце-прэзентацыі Аляксандр Мацюк, пастаянны ўдзельнік калектыву, таленавіты музыкант і спявак, прадставіў шырокай аўдыторыі сваю кнігу “Лявоны”: 30 лет на сцене”. Менавіта Аляксандр Антонавіч на працягу ўсяго творчага шляху ансамбля збіраў па кроплі матэр’ял, якога за гэты час сабралася столькі, што ў рэшце рэшт атрымалася кніга. Яна ўбачыла свет дзякуючы дапамозе райвыканкама. У ёй сабраны ўспаміны аб самых  памятных канцэртах і па-дзеях у жыцці калектыву. Таму яна стала сапраўдным падарункам не толькі для ўдзельнікаў ансамбля, але і для  гасцей творчага вечара.

На сцэну для прывітальнага слова падымаліся намеснік старшыні райвыканкама М.І. Уляшка, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Л.А. Каланас. Прыйшлі раздзяліць радасць з “Лявонамі” і тыя, хто ў розныя гады быў удзельнікам славутага ансамбля. У свой час выступала ў гэтым мужчынскім калектыве і адзіная жанчына — таленавітая скрыпачка Ірына Папова (Жыткевіч). Яна зрабіла сваім сябрам і ўсім гледачам цудоўны музычны падарунак.

Увесь вечар у гарадскім цэнтры гучалі сабраныя “Лявонамі” ў вёсках нашага раёна песні, якія складаюць іх асноўны рэпертуар. Гэта і “Утканская полька-шабасоўка”, і “Воранаўскі вальс”, і жартоўная беняконская народная песня “Гневаецца маці”, і “Рамашканская полька-агульніца”...

Успомніць “маладосць” калектыву дапамаглі і ўрыўкі з перадачы “Запрашаем на вячоркі”, якая выйшла ў свет на беларускім тэлебачанні ў ліпені 1989 года, і з музычнага фільма “Лявоны”, знятага беларускім рэжысёрам-пастаноўшчыкам В. Арловым.

“Лявоны” — людзі шырокай душы, вялікага і шчодрага сэрца. Яны адгукнуліся на чалавечую бяду: усе выручаныя за юбілейны канцэрт грошы будуць пералічаны Дзянісу Кіндару на лячэнне за мяжой. Юнаку музыканты жадаюць хутчэйшага выздараўлення!

Творчая вечарына атрымалася надзвычай цёплай і душэўнай. Адным словам, гэта была сапраўдная сустрэча сяброў.

На юбілейным канцэрце пабывалі Наталля ІВУЦЬ і Яўген КОМАР (фота).



.



.



.



.



.



.