Культурная повязь двух народаў

Актуально 27 августа 13 1918
Культурная повязь двух народаў

Беларусы, якія пакінулі сваю Радзіму і доўгі час жывуць за мяжой, імкнуцца згуртавацца і стварыць нацыянальныя грамадскія і культурныя аб’яднанні, каб захаваць свае традыцыі, мову. І, канешне ж, яны стараюцца падтрымліваць дзелавыя і культурныя сувязі з Беларуссю. Яскравым прыкладам гэтага стала цырымонія падпісання Пагаднення аб супрацоўніцтве паміж грамадскім аб’яднаннем “Культурны цэнтр “Радзіма” горада Астана Рэспублікі Казахстан і аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама ў Воранаўскай дзіцячай школе мастацтва 26 жніўня.

Мерапрыемства, прысвечанае сяброўству паміж дзвюма краінамі і двума народамі (у Казахстане жыве 63 тысячы этнічных беларусаў), паказала, што вялікая адлегласць не з’яўляецца перашкодай для любові да малой радзімы, цеснага творчага супрацоўніцтва. Што і падкрэсліла намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Радзіма” Тамара Іванаўна Батрак ( у дзявоцтве Мурашка). Таленавітая, ініцыятыўная жанчына актыўна ўключаецца ў грамадскае жыццё Воранаўшчыны, калі прыязджае сюды з Казахстана, які стаў для яе другім домам. У гэты дзень яна выступіла з прыемнай місіяй — уручыла Граматы ад старшыні цэнтра Дзмітрыя Валер’евіча Астаньковіча за развіццё супрацоўніцтва і падтрымку культурных і творчых сувязей Людміле Паўлаўне Урбановіч і Аляксандру Антонавічу Мацюку.


І вось доўгачаканы значны момант у культурным жыцці Воранаўскага раёна і горада Астана — начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Алена Мар’янаўна Ястрэмская падпісала Пагадненне аб супрацоўніцтве. І заўважыла, як цудоўна, што нашы землякі аб’ядноўваюцца ў дыяспары, памятаюць аб сваіх каранях і гісторыі. А жыхары Воранаўшчыны заўсёды адкрыты для сяброў-беларусаў замежжа. Па словах Алены Мар’янаўны, супрацоўніцтва з землякамі ў Астане пачалося даўно, і гэта дзякуючы Тамары Батрак. Падпісанне Пагаднення з абодвух бакоў замацуе творчыя зносіны афіцыйна. Для грамадскага аб’яднання ў Астане Алена Ястрэмская перадала кнігі пра наш раён і яго людзей, а таксама беларускую ляльку — сімвал фестывалю гульні “Карнавал весялосці”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

Фота Яўгена КОМАРА.