Гаспадары зямлi

Знай наших! 16 августа 13 5133
Гаспадары зямлi

Упершыню на Воранаўшчыне 15 жніўня прайшоў раённы этап рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта “Уладар сяла-2013”.  Арганізатары, а гэта раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў БРСМ і “Белая Русь”, райкам прафсаюза работнікаў АПК, намеснікі кіраўнікоў гаспадарак па ідэалагічнай рабоце, сельвыканкамы, падрыхтавалі надзвычай захапляючую конкурсную праграму як для саміх удзельнікаў, так і гледачоў. Інтэлект і фантазію, спрыт і сілу, працавітасць і ўзаемадапамогу ярка паказалі ўсе сем’і ў конкурсах “Візітоўка”, “Дравасек”, “Сіўка-Бурка”, “Сельская спартыўная эстафета”, “Сталяр”, у відэароліках “Лепшы сельскі падворак”. Стадыён Радунскай школы-інтэрната літаральна патанаў у працяглых апладысментах і водгуках “брава” ад удзячных гледачоў. Самадзейным артыстам Радунскага гарадскога Дома культуры давялося не раз рабіць больш доўгія музычныя паузы, каб члены журы змаглі, падчас нават у гарачых спрэчках, падвесці вынікі таго ці іншага спаборніцтва канкурсантаў. Нягледзячы, што цяпер умовы жыцця ў аграгарадках такія ж, як і ў буйных гарадах, кожная сямейная пара паказала вялікія здольнасці ў пілаванні дроў, уменні запрэгчы і распрэгчы каня, забіць цвік (тут жанчыны былі проста супер!). А дзеткі! Як жа яны хваляваліся за свіх бацькоў, як старанна дапамагалі ім збіраць бульбу і яйкі ў кошыкі, і, дарэчы, ніводнага не разбілі! Гледзячы на ўвесь гэты прасякнуты сяброўскім саперніцтвам конкурсны марафон, можна з упэўненасцю сказаць: будуць заўсёды жыць адвечныя сялянская мудрасць, талент і  святая хлебаробская праца, не зарасце пустазеллем родная беларуская зямля!

І вось наступіў трыумфальны апафеоз цудоўнага дзейства (адразу заўважу, што граматы, грашовыя, каштоўныя, а таксама салодкія падарункі атрымалі ўсе канкурсанты). Такім чынам, трэцяе ганаровае месца прысуджаецца сям’і Івана і Аліны Станевічаў і іх сыночкам Дар’юшу і Даніэлю (на здымку справа) з  эксперыментальнай базы  “Пагародна”. На другім месцы прадстаўнікі сельгаскааператыва “Доцішкі” — сям’я  Паўла і Алены Учкуронісаў, дачушак Яўгеніі, Валерыі і сыночка Глеба (на здымку злева).  Ну а званне “УЛАДАР СЯЛА-2013” Воранаўскага раёна адзінадушна заслугоўвае сям’я з сельгаскааператыва “Больцішкі” — Мар’ян і Ірына Тункелі з сынамі Арцёмам, Вадзімам і Аляксандрам (на здымку ў цэнтры), якія і прадставяць Воранаўшчыну на абласным этапе ўжо на наступным тыдні. Будзем балець за нашых. Перамогі вам, сапраўдныя гаспадары зямлі!

Вікенцій ЯКОВІЧ.

Фота Вольгі МЕЛЬКО.



.



.