400-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе

Страницы истории 16 июля 13 2679
400-годдзе з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе

У пабернардынскім касцёле ў Будславе знаходзіцца цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, шырока вядомы ў XVII–XVIII стагоддзях. Аднаўленне яго культу адбываецца ў наш час. У Будзе з 1589г. існавалі касцёл і кляштар бернардынцаў. Тут у 1613г. знаходзіўся абраз, пазней двойчы перанесены ў новазбудаваныя каменныя касцёлы. Хроніка кляштара сведчыць, што ў 1598г. абраз быў падараваны папам Кліментам VIII мінскаму ваяводу Яну Пацу, калі той перайшоў з кальвінізму ў каталіцтва. Ваявода вельмі шанаваў абраз і заўсёды вазіў з сабою. Пасля смерці Паца ён застаўся яго капелану Ісаку Салакаю, які пазней стаў вікарыем у Даўгінаве. У 1613г. Салакай, які быў у Будславе ў Вялікі чацвер і пятніцу, узрушаны набажэнствам, а таксама просьбай айцоў, ахвяраваў абраз касцёлу «і там у законе св. Францішка сваё жыццё закончыў».

Змешчаны ў драўляным касцёле, абраз адразу стаў карыстацца пакланеннем простага люду, праславіўся цудамі і ласкамі, якія былі апісаны прыёрам Элеўтэрыем Зеляевічам у кніжцы «Задыяк на зямлі» (Вільня, 1650). Аўтар адзначае, што сведчанні аб ласках абраза былі апісаны на паперы і прыклеены на сцены драўлянага касцёла; пры яго разборцы многія запісы пашкодзіліся. Першы цуд зафіксаваны ў 1617г. — вяртанне зроку 5-гадоваму хлопчыку Язафату Тышкевічу, які пазней стаў вядомым айцом кармелітам. У той жа дзень Рэджынальд Тышкевіч пазбавіўся ад хваробы, якая мучыла яго сем гадоў. Зеляевіч апісаў 42 цудоўныя аздараўленні і эпізод з Янам Вронскім, ротмістрам надворнай харугвы Яна Кішкі, вялікага гетмана і полацкага ваяводы. Ранены ротмістр трапіў у маскоўскі палон у 1632г. і змог шчасліва вярнуцца дзякуючы шлюбу перад абразом яго таварыша Лукаша Уладоўскага. Магчыма, таму Ян Кішка стаў разам з віленскім прыёрам Фларыянам Калецкім і сямействам Долмат-Iсайкоўскіх адным з фундатараў мураванага касцёла (1633-1643гг.). Для змяшчэння цудатворнага абраза майстрам Пятром Грамелем у 1649г. быў выразаны выдатны алтар, які захаваўся да нашага часу. Тады ж бернардынцамі-злотнікамі выкананы срэбраныя аздобы святыні — сукенка і ажурная рама. У час нашэсця войск цара Аляксея Міхайлавіча абраз вывозіўся ў Саколку (на Падляшшы), адкуль вярнуўся ў 1665г.

У наш час Маці Божая Будслаўская становіцца агульнабела-рускай святыняй, сведчаннем чаго з’явілася каранацыя абраза 2 ліпеня 1998г. З 1992г. адроджана традыцыя пілігрымак у Будслаў. Сёлета цудатворны абраз святкаваў 400-годдзе з’яўлення, таму на святочныя мерапрыемствы прыбылі каля 40 000 паломнікаў з усіх дыяцэзій Беларусі, сярод якіх былі і вернікі з нашага раёна. На ўрачыстасці прысутнічаў і прадстаўнік Святога айца, які падчас Імшы перадаў благаславенне Бенедыкта XVI.

Падрыхтавала Наталля ІВУЦЬ.