Ой, ды ў ноч на Івана Купалу...

С праздником 09 июля 13 2681
Ой, ды ў ноч на Івана Купалу...

Самае старажытнае, але і самае рамантычнае ў сённяшні прагматычны час народнае свята адбылося ў Воранаве з 6 на 7 ліпеня. Прыгожым у гэтыя вечар і ноч было ўсё навокол: пасёлак з яго чыстымі і ціхімі вуліцамі, яснае неба з невялікімі і таямнічымі воблачкамі. Ласкавы ветрык абвяваў твар прыемнай прахалодай. У поўнай гармоніі з прыродай ліліся музыка і вясёлы гоман з рэстарана “Сустрэча”, чулася сардэчнае “Маладым — горка!”. Хтосьці ўжо, шчасця ім, знайшоў сваю “Папараць-кветку”...

Ну, а тыя, хто толькі марыў аб гэтым, ішлі ды ішлі на бераг возера. Там для прыемнага адпачынку жыхароў і гасцей райцэнтра працавалі багатыя гандлёвыя палаткі, казытаў нос водар шашлыкоў. Дзеці бавіліся на надзімальных атракцыёнах, надзвычай разнастайным быў выбар неонавых цацак і ўпрыгожванняў, многія набывалі квіткі бяспройгрышнай латарэі...

І вось загучала “Ой, рана на Івана...”, купальскае дзейства пачалося. На працягу дзвюх гадзін тэатралізаваная праграма з песнямі, гульнямі не давала сумаваць адпачываючым. Пажаданні дабрабыту, здароўя выказалі як вядучыя свята, так і любімыя ў народзе героі Купала і Купалінка. Сваё майстэрства, шчырасць падарылі гледачам удзельнікі вакальных гуртоў “Пралескі” з Начы і “Рэчанька” з Жырмунаў. Асабліва вялікую сімпатыю ў воранаўцаў выклікала “Неўмоніха-Лявоніха”, якую таленавіта ўвасобіла дырэктар Нацкага сельскага Цэнтра нацыянальных культур Данута Крэнь. Яна так і свяцілася радасцю сустрэчы з гасцямі свята ў гэты добры купальскі вечар. Яе гаворка, шчодра аздобленая народнымі трапнымі словамі, прымаўкамі ды жартамі, была такой сакавітай і ўсім зразумелай, што ад жадаючых паўдзельнічаць у гульнях не было адбою.  Напрыклад, у конкурсе на лепшую пару “польку-весялуху” танцавала амаль ці не ўся пляцоўка. Не сумаваў народ і пад песні Алы Наймовіч, Таццяны Гулеўскай, Эдзіты Сакалоўскай і Яраслава Івашкевіча. Дыскатэка таксама ўдалася на славу. Па шчырых і добрых усмешках людзей, дарэчы, прысутнічала шмат гасцей з Ліды і іншых мясцін, было відаць, што аўтару сцэнарыя і рэжысёру купальскага свята Святлане Вашкевіч удалося стварыць атмасферу добразычлівасці і весялосці. Парадавала купальскае вогнішча, полымя якога разгарэлася імгненна, было яркім і велічным. Сапраўды паверылася, так лічылі і нашы продкі, што купальскі агонь будзе аберагаць нас ад бедаў і няшчасцяў увесь год, прагоніць усялякую нячыстую сілу і прынясе нам толькі здароўе, багацце, дабрыню і мір.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



.