Гучыць музыка аргана ў сэрцы святара

Гучыць музыка аргана ў  сэрцы святара

Нядаўна я з сябрамі накіравалася ў суседні Воранаўскі раён, у маленькую вёсачку пад назвай Асава. Месца гэта вельмі прыгожае, куды ні кінеш погляд, усюды такія маляўнічыя краявіды і такая цішыня, што толькі песня ветра парушае спакой.  У гэтым райскім куточку нам пашчасціла пазнаёміцца з чалавекам, які служыць Богу і людзям, — Янам Пецюном. Акрамя сваіх паўсядзённых абавязкаў святар яшчэ валодае майстэрствам настройкі аргана, які займае вядучае месца сярод іншых музычных інструментаў.

Яшчэ на пад’ездзе да вёскі Асава здалёк відаць велічны будынак — касцёл Св. Юрыя, у якім з’яўляецца святаром ксёндз Ян. На парозе нас сустрэў прыветлівы чалавек з прывабнай знешнасцю, як потым  зразумелі — і шырокай душой, і запрасіў у дом. Ксёндз Ян вельмі просты ў адносінах да людзей, таму стала зразумела, чаму прыхаджане, якіх налічваецца каля паўтары тысячы чалавек,  вельмі любяць свайго ксяндза, які па ліку сёмы ў касцёле св. Юрыя.

— Чаму Вы вырашылі стаць святаром? — пытаюся ў ксяндза Яна.

— Мой старэйшы брат амаль сем гадоў прыслужваў у касцёле, нават у няпросты час, калі адносіны да рэлігіі былі вельмі складаныя, а я, малады хлопец, вярнуўшыся з арміі, працаваў вадзіцелем, але таксама, як і брат,  наведваў касцёл. У мяне з’явілася пачуццё, што больш карысці я змагу прынесці, калі буду служыць Богу і людзям. Пазней паступіў у Рыжскую духоўную семінарыю, пасля яе заканчэння быў напраўлены ў Даўгаўпілс, затым служыў у парафіі ў касцёлах вёсак Новы Двор, Забалаць, Нача, а потым вярнуўся на сваю малую радзіму — у Асаву.

Вынікі работы Яна Пецюна не могуць не здзіўляць. Акрамя таго, што святар выконвае свае штодзённыя абавязкі, ён яшчэ вельмі таленавіты. У касцёле Св. Юрыя шмат чаго зроблена ксяндзом, але найбольшае ўражанне выклікае арган, які адрадзіўся, дзякуючы намаганням настаяцеля касцёла. Складаецца арган з металічных  трубак, мяхоў і клапанаў. Калісьці ксёндз Ян запрашаў майстроў настройкі арганаў з суседняй Літвы, але пасля іх візіту гучанне інструмента не спадабалася настаяцелю касцёла. Ён вырашыў настроіць арган самастойна. Справа гэта вельмі складаная. Нягледзячы на знешнюю моц, інструмент вельмі разладжваецца ад перападу тэмпературы, а вярнуць голас няпроста: патрабуецца 4-5 гадзін работы двух чалавек. За адзін дзень можна настроіць толькі адзін голас, таму што настройка дае вялікую нагрузку на слых. З 6-галоснага аргана Ян Пецюн зрабіў 15-галосны.  Пра арган Ян Пецюн, здаецца, ведае ўсё, можа гаварыць з захапленнем цэлымі гадзінамі пра гэты цудоўны інструмент.

— Мне здаецца, што да аргана Вы адносіцеся, як да жывога, з  вялікай павагай.

— Я вельмі люблю гэты музычны інструмент. Арган атрымаў званне каралеўскага інструмента, таму што ён здольны адзін сыграць за ўвесь аркестр. Гучанне аргана — гэта цуд.

Ян Пецюн паспяхова арганізоўвае канцэрты арганнай музыкі. У бліжэйшых планах  — сустрэчы музыкантаў з Мінска. Цяпер каралеўскі інструмент, дзякуючы свайму майстру, і загучаў па-каралеўску.

Ксёндз аказвае дапамогу і ў суседніх вёсках. Капліца ў Пагародна была разбурана, але дзякуючы намаганням святара дзейнічае ў цяперашні час. У Жырмунах з 1935 г. арган не працаваў, яго хацелі нават вынесці з касцёла, але ксёндз Ян узяўся за справу, адрадзіў старажытную рэч — і арган загучаў.

Размаўляючы з Янам Пецюном, разумееш, што чалавек выбраў правільны шлях у сваім жыцці. Яго справы працягваюць радаваць вернікаў.

Наталля ХЕГСТРЭМ,

г. Ліда.

Фото аўтара.