Школьны музей — скарбнiца гiсторыi

Страницы истории 19 апреля 13 2905
Школьны музей — скарбнiца гiсторыi

Слынна зямля нацкая славутымі землякамі, такімі як Нарбуты, Шукевічы. Ёсць тут касцёл, якому ўжо больш за 200 год. А колькі тут жыло людзей, паклаўшых сваё жыццё за мір і спакой у часы ваеннага ліхалецця... Таму ў Нацкім школьным гістарычна-краязнаўчым музеі імя Тэадора Нарбута сабраны значны матэрыял, які адлюстроўвае гісторыю мясцовага краю, барацьбу землякоў у гады рэвалюцый, у суровы перыяд Вялікай Айчыннай вайны, гісторыю школы. І нягледзячы на тое, што сёння ў школе часова няма гуртка, які раней вёў гісторык Андрэй Часлававіч Куель, дзейнасць музея не спынілася. Ён па-ранейшаму адчыняе дзверы для шматлікіх наведвальнікаў, якія прыязджаюць сюды не толькі з нашага раёна, вобласці і рэспублікі, але і нават з замежжа.

Галоўная задача школьнага музея — каб кожны экспанат як мага актыўней працаваў на сваіх наведвальнікаў. Вядома ж, ў гэтай справе найбольш дзейсным сродкам з’яўляецца добра наладжаная экскурсійная работа. І яна тут сапраўды арганізавана належным чынам. Шэсць дзяўчынак-экскурсаводаў не толькі дасканала ведаюць матэрыял, але яшчэ і папаўняюць яго кожны раз новымі звесткамі. Дапамагаюць ім ў гэтым намеснік дырэктара школы па выхаваўчай рабоце І.Э. Урублеўская і А.Ч. Куель. Каб вывучыць такую колькасць гістарычнага матэрыяла, трэба не адну гадзіну прасядзець над кнігамі, няўжо не надаядае? — пытаюся ў юных экскурсаводаў.

— Нам вельмі падабаецца тое, чым мы займаемся. Запамінаць матэрыял — справа не зусім складаная, таму што нам усё гэта цікава: гісторыя нашага краю, лёсы людзей, які тут жылі і жывуць. Кожнай з нас было прапанавана самой абраць экспазіцыю, аб якой мы будзем расказваць. Вось, напрыклад, Анжаліка Дудко, дзяўчынка вельмі набожная, а яшчэ і жыве побач з касцёлам, таму яна абрала для сябе тэму Нацкага касцёла. Вераніка Вароніна і Караліна Маркевіч наогул не баяцца выступаць перад публікай. Яны — пастаянныя ўдзельніцы ўсіх мерапрыемстваў, што праводзяцца ў Нацкім цэнтры нацыянальных культур, таму пайшлі ў школьныя экскурсаводы. А Ірына Мікелевіч працягнула справу старэйшай сястры, якая таксама калісьці была ў школьным музеі экскурсаводам, зараз яна гісторык. Віялета Юсевіч добра арыентуецца ў тэме Вялікай Айчыннай вайны, а самая маленькая Вераніка Кіюць толькі пачала сваю “кар’еру” экскурсавода, таму ў яе яшчэ ўсё наперадзе, — расказалі пра сваё захапленне нацкія дзяўчаты.

Школьны музей — гэта не толькі захавальнік дакументаў і рэчыўных матэрыялаў, сабраных вучнямі і настаўнікамі школы, а ў першую чаргу — гэта цэнтр гісторыка-краязнаўчай работы. Тут вядзецца даследчая дзейнасць, дзякуючы якой з’явілася навуковая праца “Гісторыя нацкай парафіі і нацкага касцёла”.

Наталля ІВУЦЬ.

На здымку: нацкія гісторыкі-краяведы разам з І. Урублеўскай і А. Куелем.

Фота Алега Бельскага.