Поспехi залежаць ад штодзённай працы

Подводя итоги 01 марта 13 1566
Поспехi залежаць ад штодзённай працы

Вынікі сваёй працы за 2012 год на гэтым тыдні падвялі самыя творчыя і таленавітыя — супрацоўнікі аддзела культуры, яго структурных падраздзяленняў і ўстаноў раёна. Справаздачны год быў вельмі плённым для настаўнікаў і навучэнцаў музычных школ у плане  ўдзелу ў міжнародных, рэспубліканскіх і абласных  конкурсах і фестывалях, на якіх займалі прызавыя месцы і былі адзначаны граматамі і дыпломамі.  Выкладчык Беняконскага філіяла Воранаўскай ДШМ В.В. Чэкан занесена на раённую дошку Гонару. Мастацкаму кіраўніку Пагародзенскага СЦДіНТ С.В. Салмановіч прысуджана прэмія імя А.І.Дубко Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”. Па выніках абласнога этапу агляда-конкурса на лепшую пастаноўку работы сельскіх клубных устаноў Пагародзенскі сельскі цэнтр дасуга і народнай творчасці выйшаў пераможцам і ў верасні 2012 года змагаўся ў рэспубліканскім аглядзе-конкурсе за ганаровае званне “Клуб года Беларусі”. Дыпломамі III ступені ў сваіх намінацыях адзначаны пераможцы абласнога конкурсу “Установа культуры года” — Воранаўскі РМЦіНТ (дырэктар І.В. Камінская) і Воранаўскі РДК (дырэктар Н.В. Вашкевіч). Начальнік аддзела А.М. Ястрэмская за добрасумленную працу, узорнае выкананне абавязкаў і за дасягненне высокіх паказчыкаў у рабоце атрымала Падзяку міністра культуры РБ. І гэта невялікі пералік поспехаў прадстаўнікоў сферы культуры, за кожным з іх штодзённая праца самаадданых людзей.

Запомніўся мінулы год і мноствам знакавых падзей: адкрыццё Больцішскага сельскага Дома культуры, правядзенне ІV абласнога адкрытага фестывалю гульні “Карнавал весялосці”, упершыню адбыўся раённы фестываль нацыянальных культур “Песні Воранаўшчыны маёй” у г.п. Радунь, які па праву атрымаў прызнанне насельніцтва.

На працягу года ўстановамі культуры праведзены шэраг будаўніча-рамонтных работ, у тым ліку гаспадарчым спосабам. Вялася работа па добраўпарадкаванню і азеляненню тэрыторый. Па выніках абласнога агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і азеляненне тэрыторый устаноў культуры ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка аддзела культуры райвыканкама па добраўпарадкаванню і азеляненню прылягаючай тэрыторыі” пераможцам стала Пагародзенская сельская бібліятэка. Варта заўважыць, што хоць узнагароду і атрымала бібліятэка, але яна па праву належыць усім установам, якія знаходзяцца ў гэтым будынку: і сельскаму цэнтру досуга і народнай творчасці, і Пагародзенскаму аддзяленню Радунскай ДШМ.

Поспехі, канешне, ёсць, але ёсць і праблемы. У нашым раёне носяць найменне “народны” ўсяго 5 калектываў і адзін — “узорны”, па гэтых паказчыках мы напрыканцы “турнірнай табліцы” вобласці. Усім школам і клубным установам раёна неабходна больш актыўна працаваць над падрыхтоўкай калектываў да прысваення найменняў. Ужо вядзецца  падрыхтоўка ансамбля народных інструментаў “Гарэзлівыя струны” Воранаўскай ДШМ, тэатральна-драматычнага калектыву “Надзея” Нацкага СЦНК да прысваення наймення “народны”,  вакальнага ансамбля “Юность” Радунскай ДШМ —  да прысваення наймення “ўзорны”. Павялічаная колькасць такіх калектываў паўплывае і на рост сярэднямесячнай заработнай платы работнікаў культуры, якая  па-ранейшаму застаецца невысокай. Ёсць праблемы і з кадрамі. З 321 работніка ўстаноў культуры вышэйшую адукацыю маюць толькі 59. Хоць у апошнія гады і назіраецца рост гэтага паказчыка (у 2012 годзе ён склаў 26,8%), але застаецца ніжэй абласнога (каля 50%). Хвалюе пытанне і пазабюджэтнай дзейнасці: даведзены паказчык па платных паслугах на 2012 год выкананы на 147,6%, але ў бягучым годзе ён будзе павялічаны.  Дасягнуць яго будзе вельмі складана яшчэ і па прычыне таго, што на дыскатэкі дапускаецца толькі моладзь ад 18 гадоў, таму патрэбна развіваць новыя віды платных паслуг. Гучалі нараканні і ў бок супрацоўнікаў Дома рамёстваў, якія, на жаль, не ўмеюць скарыстаць дадзеныя ім магчымасці: не павялічваюць спіс сувенірнай прадукцыі, не выкарыстоўваюць новыя формы работы. Аб гэтым і не толькі гаварылі пад час нарады і начальнік аддзела культуры А.М. Ястрэмская, і начальнік фінансава-эканамічнага аддзела культуры аблвыканкама Г.А. Багдзевіч, а таксама намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама М.І. Уляшка.

На бягучы год, які абяцае быць напружаным, работа ўсіх устаноў культуры будзе скіравана на рацыянальны падыход да выкарыстання бюджэтных сродкаў, прыняцце дадатковых мер па безумоўнаму  выкананню ў поўным аб’ёме ўсіх планавых паказчыкаў, якія вызначаны дзяржаўнымі, абласнымі і раённымі праграмамі, забеспячэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, культывіраванне новых формаў і метадаў работы,  павышэнне творчага ўзроўню дзейнасці, прафесіяналізму спецыялістаў, паляпшэнню культурнага абслугоўвання насельніцтва, прыцягненне спонсарскай дапамогі ў сферу культуры.

Нарада завершылася на прыўзнятай ноце — самым лепшым супрацоўнікам былі ўручаны ўзнагароды ад Гродзенскага абласнога ўпраўлення культуры, райвыканкама і аддзела культуры.

Наталля ІВУЦЬ.

На здымках: уладальнікі абласных узнагарод Г. Пацюн, Д. Крэнь і Л. Качурка.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.