Сустрэча з паэтам

Из редакционной почты 27 февраля 13 1904
Сустрэча з паэтам

Спадчына... Гэта ўсё тое, што захавалася нам ад продкаў. А яшчэ так называецца наш гурток, які мы наведваем. Нядаўна на занятках В.Ул. Коцік арганізавала нам сустрэчу з вядомым паэтам Воранаўшчыны, членам Саюза пісьменнікаў Беларусі Ул.В. Рулём. Сустрэча адбылася ў цёплай, сардэчнай атмасферы. Уладзімір Валяр’янавіч расказаў нам пра сябе, пазнаёміў са сваімі творамі і прэзентаваў сваю кнігу для дзяцей. Гэта вершаваная казка “Як Зай пахваліўся сабой”. Кожны з нас атрымаў у падарунак выданне з аўтографам аўтара.

Мне і маім сябрам гэтая сустрэча запомніцца надоўга. Бо не кожнаму ў жыцці выпадае сустрэцца з сапраўдным паэтам, ды яшчэ атрымаць яго кнігу з аўтографам.

Вечарам таго ж дня я прачытала гэтую казку, ёй зацікавілася і мая сястрычка Алеся.

Чытаючы твор, я быццам сама пабывала на той палянцы сярод спрадвечнай пушчы каля магутнага стогадовага дуба. Мне вельмі спадабаўся Лесавічок, які апавядае гісторыю пра гультая і хвалько Зая, а вось сам “герой” мне не спадабаўся, хоць і быў вясёлым і надзвычай гаваркім. Ён любіць пахваліцца сваімі “ўменнямі” і “заслугамі”. Пра гэта ведаюць усе лясныя жыхары. Родныя і блізкія хацелі яму дапамагчы змяніць характар, але гэтыя спробы ніякіх станоўчых вынікаў не далі. Таму ўсе ўрэшце рэшт вырашылі махнуць на яго рукой.

Для сябе я зрабіла выснову, што браць прыклад з такога Зая нельга, бо толькі абняславіш сябе, сваю сям’ю, свой род, сваю Радзіму. Калі хто з вас, паважаныя сябры, яшчэ не знаёмы з творам наша земляка Ул. Руля, то абавязкова знайдзіце і пачытайце яго.

Таццяна ЦЫДЗІК,

член гуртка “Спадчына”.

На здымку: кніжка з аўтографам аўтара — дарагі падарунак.

Фота з архіва Забалацкага НПК.