Археолаг, этнограф, публiцыст

Из редакционной почты 01 февраля 13 2470
Археолаг, этнограф, публiцыст

Вандалін Аляксандравіч Шукевіч надзвычай важная постаць у археалагічнай навуцы Беларусі, Польшчы, Літвы і Расіі.

Чарговае сведчанне таму — з’яўленне ў кніжнай прасторы хоць і невялікай, але змястоўнай кнігі аб ім, напісанай яго біёграфам Марыяй Бломберговай.

Непасрэднае дачыненне да выдання дадзенай кнігі мелі Камітэт гісторыі навукі і тэхнікі Польскай Акадэміі навук, а таксама ГА “Таварыства польскай культуры на Лідчыне”.

Дык чым жа прыцягальнае і запамінальнае вышэйзгаданае выданне, якое ўтрымлівае 8 раздзелаў, напісаных на польскай і беларускай мовах, ілюстраванае такой жа колькасцю здымкаў?

У першым раздзеле “Сын лідскай зямлі, даследчык і грамадскі дзеяч” аўтар нагадвае пра ініцыятыву братоў Я. і К. Тышкевічаў, А. Кіркора, дзякуючы намаганням якіх 29 красавіка 1855 года расійскі імператар Аляксандр І падпісаў Указ аб стварэнні музея старажытнасці і Археалагічнай камісіі з цэнтрам у Вільні. Аднак яны праіснавалі толькі 10 гадоў.

Назапашаныя прадметы і ў тым ліку ўнікальныя артэфакты былі ў лепшым выпадку перададзены публічнай бібліятэцы ў Вільні, а ў горшым звезены ў Румянцаўскі музей у Маскву ці ў Гатчыну.

Ажыўленне даследчыцка-навуковай працы ў Літве і Беларусі пачалося толькі ў сувязі з арганізацыяй Маскоўскім археалагічным таварыствам ІХ археалагічнага з’езда ў Вільні ў 1893 годзе.

В. Шукевіч, які быў на той час ужо добра вядомым археолагам, стаў адной з цэнтральных фігур гэтага з’езда.

У двух наступных раздзелах “Радавод і бацькоўскі дом Вандаліна Шукевіча” і “Нача — радзімае гняздо Вандаліна Шукевіча” аўтар прыводзіць цікавыя звесткі, якія тычацца продкаў Вандаліна Аляксандравіча па бацькоўскай лініі.

У 4-м па ліку раздзеле чытач дазнаецца пра першага настаўніка малога Вандаліна і яго сястры Ідаліі Уладзіслава Абакановіча, які перад тым навучаў дзяцей Нарбутаў у Шаўрах. У 1867 годзе дзеці Ванды-Аліны і Аляксандра Шукевіча едуць ў Вільню, дзе слухаюць лекцыі вядомага натураліста, батаніка, прафесара Юзафа Юндзіла.

Вандалін збіраў гербарыі і калекцыі насякомых, вучыўся маляванню ў Вінцэнта Слядзінскага.

Праз два гады брат і сястра Шукевічы едуць у Варшаву.

Там Вандалін рыхтуецца да паступлення ў мясцовы ўніверсітэт, для чаго вывучае гісторыю, геаграфію, матэматыку, лацінскую, французскую, нямецкую і рускую мовы. Яго сястра наведвае вячэрнія курсы ў кансерваторыі. Вандаліну, аднак, паступаць ва універсітэт не прыйшлося таму, што яго бабуля Ганна папрасіла ўнука вярнуцца дамоў, каб дапамагаць ёй у гаспадарцы. Тут, у Начы наш герой актыўна займаўся самаадукацыяй і знайшоў сабе выдатных знаёмых у асобе Юзэфы і Браніслава Ёчаў — перадавых людзей таго часу, сяброўства з якімі цягнулася ажно да самай яго смерці.

Даволі падрабязна М. Бломбергова апісвае “віленскі” перыяд у жыцці В. Шукевіча і яго старэйшых дзяцей, звязаны з іх навучаннем у горадзе. Ён пачаўся ў 1896 годзе ва ўмовах, калі (па словах М. Бломберговай) “курыць, пляваць і размаўляць па-польску” улады забаранялі.

У 6-й па ліку частцы кнігі “Навукова-даследчая і арганізатарская праца” М. Бломбергова як спецыяліст дае разгорнутую характарыстыку дасягненняў Вандаліна Аляксандравіча ў раскопах, пачынаючы з яго археалагічнага дэбюта каля в. Пузелі недалёка ад Начы.

Знаходкі, зробленыя падчас гэтых раскопаў, тычыліся розных перыядаў каменнага веку, веку бронзы і жалеза.

Сістэматызацыя і лакалізацыя знойдзеных пры раскопах матэрыялаў, уласныя дасканалыя замалёўкі іх і шэраг іншых спецыяльных метадаў прывялі, па-першае, да таго, што даследаванні В. Шукевіча ацэніваліся як узорныя, па-другое, афіцыйныя расійскія ўлады давяралі яму рэалізацыю важных праектаў, як, напрыклад, рэстаўрацыя і кансервацыя замка ў Троках.

У апошніх двух частках кнігі В. Шукевіч прадстае ў якасці арганізатара сістэмы польскамоўнай адукацыі на сваёй малой радзіме, некалькіх іншых важных ініцыятыў — адным словам, Асветніка і Гуманіста з вялікай літары.

Напрыканцы зазначу, што кніга прафесара М.М. Бломберговай з’яуляецца асабліва каштоўнай для тых школ, у якіх мэтанакіравана вывучаецца курс “Воранавазнаўства”.

Уладзімір РУЛЬ.