Новы цэнтр культуры ў Больцішках (фота)

Актуально 04 декабря 12 1513
Новы цэнтр культуры ў Больцішках (фота)

Доўгачаканая падзея адбылася напрыканцы мінулага тыдня ў аграгарадку Больцішкі — адкрыццё новага сельскага Дома культуры. Стары аднапавярховы будынак ужо даўно прыйшоў у нягоднасць, і, дзякуючы намаганням як улад, так і мясцовых жыхароў на чале з дарэктарам СДК Ганнай Нядзелька, быў пабудаваны новы двухпавярховы адпавядаючы ўсім сучасным патрабаванням клуб з бібліятэкай. Падзея значная, бо за апошнія 10 год у нашым раёне не будаваліся новыя ўстановы культуры.


На ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прысутнічалі старшыня Воранаўскага райвыканкама М. Розум, начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама А. Вярсоцкі, намеснік старшыні райвыканкама М. Уляшка, начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва райвыканкама Г. Крахмальчык, дарэктар ААГ “СтройВектар” П.В. Петрс, а таксама старшыні мясцовых сельгаскааператыва і сельсавета А. Вількевіч і М. Скорб. Вольга Дзюба, менавіта яна зараз выконвае абавязкі дарэктара, як сапраўдная гаспадыня сустракала гасцей хлебам з соллю, а народны ансамбль “Лявоны” — сваімі песнямі. П.В. Петрс уручыў сімвалічны ключ ад новага Дома культуры Г. Нядзелька, якая хоць і знаходзіцца цяпер у адпачынку па дагляду за дзіцем, але ўвесь час цікавілася ходам будаўніцтва і дапамагала па магчымасці ў падрыхтоўцы да ўрачыстасці. І вось даўгачаканы момант — перарэзванне чырвонай стужкі... Урачыстае адкрыццё новага храма культуры ў аграгарадку Больцішкі адбылося. Па добрай хрысціянскай традыцыі ксёндз-пробашч А. Рудзевіч пасля малітвы асвяціў будынак.


Святочнае мерапрыемства працягнулася ў глядзельнай зале. Словы віншавання і падарункі ад гасцей змяніліся танцамі, песнямі і музычнымі кампазіцыямі ў выкананні вучняў Радунскай гімназіі і Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў, артыстаў раённага Дома культуры. А сапраўднай феерыяй можна назваць выступленне фальклорнага гурта “Купалінка” Беларускай дзяржаўнай філармоніі — падарунак ад СПК “Больцішкі”. Мяркую, што гэта першыя беларускія зоркі, якія апрабавалі новую сцэну, але не апошнія... Гледачоў Больцішскага сельскага Дома культуры наперадзе чакае шмат цікавых мерапрыемстваў, канцэртаў і імпрэзаў, а моладзь ужо будзе з карысцю праводзіць свой вольны час. І ўсё гэта адбылося, дзякуючы сацыяльна накіраванай палітыцы нашай дзяржавы, якая дапамагае з’яўляцца вось такім цэнтрам культуры.

Наталля ІВУЦЬ.

Фота аўтара.


/


/