Ажываюць фарбы на палатне

Знай наших! 04 декабря 12 1531
Ажываюць фарбы на палатне

Больш за дзесяць гадоў таму назад лёс звёў мяне з таленавітай дзяўчынай з Беняконяў Валянцінай Мікуць. Яна рабіла першыя крокі ў дзіўны свет мастацтва. Але ўжо тады было бачна, што зярняткі творчасці, якія прарастаюць у душы пачынаючай мастачкі, хутка дадуць свой плён. І сапраўды, сёння карціны Валянціны можна адрозніць ад карцін іншых творцаў па стылі выканання. Некаторыя з яе работ пабывалі на выставах не толькі ў нашай краіне, але і за мяжой.

Дар маляваць у дзяўчыны яшчэ ў школе заўважыў мясцовы мастак Анатоль Талчкоў. Ён, можна сказаць, стаў для Валянціны духоўным настаўнікам і крытыкам яе першых работ. І цяпер мастачка не забывае свайго педагога — прыходзіць да яго, каб падзяліцца творчымі задумкамі, пачуць яго меркаванне аб новай рабоце. А расказаць ёсць што.

У мінулым годзе карціна “Начны Вільнюс” Валянціны Мікуць пабывала на дабрачыннай выставе ў Варшаве. У верасні гэтага года дзяўчына змагла паспрабаваць свае творчыя здольнасці на пленэры ў польскім горадзе Пултуск, размешчаным на рацэ Нарва. Цэлы тыдзень мастакі знаёміліся з гісторыяй і краявідамі гэтага горада. Вынікам мерапрыемства сталі абмен творчым вопытам і тры карціны, на якіх, згодна з умовай пленэра, былі выяўлены нарвянскія пейзажы. Увогуле, як зазначыла Валянціна, палякі цёпла ўспрынялі работы беларускіх мастакоў. Нядаўна дзве карціны, выкананыя ў графіцы, на выставе ў Вільнюсе былі вынесены на суд гледачоў і калег-мастакоў з розных куткоў Беларусі.

— Калі трапляю ў творчы асяродак, — дзеліцца Валянціна, — адчуваю сябе сярод сваіх. Калегі па цэху найбольш дасканала могуць даць адзнаку работам, калі трэба, то і пакрытыкуюць. Што датычыцца стылю, то мне гаварыць аб ім пакуль што рана. Аднак выстава ў Вільнюсе паказала: графіка — мой накірунак. А найлепшы суддзя карцінам — глядач, для яго і працую.

Ёсць і творчая мара — аформіць кнігу. Зараз дзяўчына працуе з пісьменнікам Юрыем Боханам з Мінску, які піша пра гісторыю роднага краю, у прыватнасці пра Вялікае Княства Літоўскае. Вопыт сумеснай работы ў Валянціны і Юрыя ўжо ёсць — мастачка выканала для апошняга ілюстрацыі рэканструкцыі касцюма рыцара ВКЛ ХІV-ХVІ стагоддзяў. Зараз яны працуюць над гісторыяй Беларусі для падлеткаў. Будзем спадзявацца, што кніга ў хуткім часе ўбачыць свет.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: В. Мікуць (справа) са сваімі калегамі-мастакамі ў Пултуску; работа, выкананая ў графіцы.

Фота з архіва Валянціны МІКУЦЬ.