200 год касцёлу ў Забалаці
Нязвыклы юбілей адбыўся ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету ў парафіяльнай супольнасці ў Забалаці. Усе парафіяне разам са сваім пробашчам кс. дзеканам Генрыкам Яблонскім у гэты дзень дзякавалі за дар 200-годдзя святыні, а ўрачыстасць узначаліў пастар дыяцэзіі кс. біскуп Аляксандр Кашкевіч.
Ксёндз Генрык Яблонскі прывітаў светароў, якія прыбылі на ўрачыстасць, прадстаўнікоў мясцовай улады, дзяцей і моладзь, а таксама ўсіх вернікаў, голас якіх у гэты дзень быў чутны і па-за мурамі святыні, паколькі яна нават не змясціла ўсіх. Ён узгадаў гісторыю гэтай цудоўнай святыні.
Першы драўляны касцёл быў пабудаваны тут у 1622 годзе, яго фундатарам была сям’я Нарбут, але ўжо ў 1812 годзе быў асвечаны новы мураваны касцёл. Яго зафундавала сям’я Тышкевічаў. У часы савецкай улады ў касцёле была прадуктовая крама, а напрыканцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя прынята рашэнне знішчыць касцёл. Аднак людзі не дапусцілі гэтага. Як успамінаюць старэйшыя парафіяне, гэта зрабіць не дазволіў мясцовы міліцыянер, якога ведалі як чалавека справядлівага. Ён сказаў адкрыта і ясна: “Не вы яго будавалі, не вы яго і нішчыць будзеце”. Так да сённяшняга дня найпрыгажэйшы дар святыні цешыць вока і сэрца кожнага, хто ў яго трапляе.
Разам з кс. біскупам Аляксандрам усе вернікі перапрашалі Бога за грахі, спявалі гімн хвалы, а таксама слухалі Божае слова ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету. Гучала шмат прыгожых і цёплых слоў: пробашч дзякаваў парафіянам, дзеці і моладзь — прысутным гасцям, мясцовая ўлада — за дар святыні, а кс. біскуп на заканчэнне ўрачыстасці заахвоціў усіх занесці прывітанне ў свае хаты.
Гісторыя касцёла была прадэманстравана таксама ў мультымедыйнай прэзентацыі перад урачыстай малітвай, адбыўся і цікавы канцэрт рэлігійнай песні.
Варта адзначыць, што ў апошнія гады быў праведзены грунтоўны рамонт касцёла, шмат рэчаў было зменена і адноўлена, а перадусім гэта быў духоўны рамонт нашых сэрцаў, якія ў гэты дзень былі адноўлены ў прыгожай святыні, у якой хочацца маліцца.
Ксёндз Павел Салабуда,
адказны за СМІ Гродзенскай дыяцэзіі.
На здымку: падчас урачыстасці.
Фото сайта http://prosto-free.livejournal.com.