Тэадор Нарбут, Бабруйская крэпасць i вайна 1812 года

Страницы истории 20 ноября 12 2413
Тэадор Нарбут, Бабруйская крэпасць i вайна 1812 года

Адразу зазначу, што сёлета ў друкаваных сродках масавай інфармацыі і інтэрнэце няма недахопу ў публікацыях, прысвечаных падзеі 200-гадовай даўнасці, ахрышчанай яшчэ гісторыкамі царскай Расіі Айчыннай вайной 1812 года.

I ў “Воранаўскай газеце” 25 ліпеня бягучага года быў надрукаваны матэрыял прафесара А. Пятруннікава пад загалоўкам “Гроза двенадцатого года”.

Але ні ў гэтага аўтара, ні ў аўтараў іншых публікацый па дадзенай тэме няма, як я лічу, вельмі істотнага моманта, які ў свой час агучыў Аляксандр Іванавіч Міхайлоўскі-Данілеўскі (1789-1848 гг.), генерал-лейтэнант, сенатар, рускі ваенны пісьменнік, гісторык, акадэмік Імператарскай акадэміі навук. У 1812 годзе ён быў адным з ардынарцаў М.І.Кутузава. Цытую акадэміка ў арыгінале: «6-го июня благополучно прибыла 2-я армия в Бобруйск. Построение сей крепости было почти доведено к окончанию: верки отсыпаны в настоящий профиль, большая часть дерновых одежд сделана, положенное число 360 орудий, с достаточным количеством снарядов, выставлено. Удачный выбор места, где выстроен Бобруйск, оказал в Отечественную войну величайшую, неоценимую услугу. Ни одна крепость в России никогда не была столь полезной, как Бобруйск в 1812 году (выделено В. Рулем). Не будь там крепости, князю Багратиону невозможно было б прежде исхода августа соединиться с 1-ю армиею, а тогда она была уже в окрестностях Москвы. Переправа через Березину сделалась бы совершенно недоступною, ибо князь Багратион находился еще в Слуцке, Пажоль был уже в Свислочи и мог по устроенному им в Острове мосту перейти на левую сторону реки, уничтожить гати и плотины на болотных берегах Березины и затруднить нашим войскам наведение мостов. Князю Багратиону, не имевшему с собою понтонов, довелось бы идти на Речицу и Лоев, там переправляться через Днепр и большим обходом искать соединения с 1-ю армиею, или вовсе от него отказаться. Пинскими болотами примкнуть к Тормасову, и 1-й армии одной предоставить бороться с Наполеоном».

Такім чынам, вельмі дасведчаны вайсковы аналітык, дэталёва аналізуючы незайздроснае становішча першай і другой рускіх армій напачатку ваеннай кампаніі 1812 года, робіць слушную выснову аб выключна важным значэнні Бабруйскай цытадэлі, аб яе ў многім вызначальнай ролі ў перамозе Расіі над напалеонаўскай Францыяй.

Дадам да гэтага, што з 35 тысяч войск імператара Францыі, пакінутых ім на тэрыторыі Беларусі перад наступленнем на Маскву, 20 тысяч, як лічыцца, знаходзіліся якраз ля сцен гэтай крэпасці, гарнізон якой складаў каля пяці тысяч абаронцаў. Крэпасць была блакіравана роўна чатыры месяцы (з 10 ліпеня па 10 лістапада), але так і не ўзята праціўнікам.

Ну, а цяпер самы раз успомніць пра тое, што месца для будаўніцтва крэпасці менавіта каля Бабруйска прапанаваў наш зямляк Тэадор Нарбут (1784-1864гг.). Ён жа склаў першапачатковы яе план з некалькіх бастыёнаў і ншых фартыфікацыйных збудаванняў, а затым прымаў дзейсны ўдзел у яе ўзвядзенні. За выдатную прапанову, добрасумленную і, што самае галоўнае, эфектыўную працу наш герой быў узнагароджаны ардэнамі святога Уладзіміра IV ступені, святой Ганны ІІ ступені і павышаны ў званні да штабс-капітана.

Тым з чытачоў, якія захочуць падрабязна пазнаёміцца з ходам будаўніцтва, з асаблівасцямі ўзвядзення цытадэлі, я раю прачытаць кнігу шаноўнага навукоўца і краязнаўцы з Бабруйска прафесара А.М. Ненадаўца “Крэпасць на Беразіне”, 1993 года выдання, ці наведаць Бабруйскі краязнаўчы музей.

Калі пагадзіцца з прыцягальнай і, трэба думаць, аб’ектыўнай логікай А. Міхайлоўскага-Данілеўскага, то мы, безумоўна, з гонарам можам успрымаць факт геніяльнага прадбачання паручніка-фартыфікатара Фёдара Яўхімавіча (так яго называлі саслужыўцы) Нарбута. Чаму? Таму, што яму прапаноўваліся для вызначэння месца будаўніцтва два зусім іншыя участкі ў Магілёўскай губерні.

Але, хутчэй за усё гранічна важная роля нашага героя ў вайне 1812 года вышэйпрыведзеным не абмяжоўваецца. Зусім дапушчальным з’яўляецца факт спробы французскіх афіцэраў даведацца ад ужо адстаўнога вайскоўца (Т. Нарбут перад вайной пайшоў у адстаўку ў сувязі з амаль поўнай стратай слыху з-за цяжкай кантузіі) аб сакрэтах крэпасці.  Такая мажлівасць арганічна ўвайшла ў сцэнарый  фільма “Тэадор Нарбут. Бабруйская цытадэль” серыі “Земля гениев”, створанага групай беларускіх кінематаграфістаў на чале з прадзюсарам Т. Серабраковай.

Уладзімір Руль.