Пагародзенскі кірмаш дужа спадабаўся сталічным гасцям

Актуально 21 сентября 12 4006
Пагародзенскі кірмаш дужа спадабаўся сталічным гасцям

Прыемным, творчым і вельмі адказным выдалася 14 верасня на культурнай ніве раёна, асабліва для работнікаў Пагародзенскага цэнтра вольнага часу і народнай творчасці. Гэтая ўстанова прэтэндуе на званне “Клуб года” Беларусі. Ацаніць работу пагародзенцаў прыехала прадстаўнічая рэспубліканская камісія на чале з  начальнікам аддзела міжнароднай і сацыяльна-культурнай дзейнасці Інстытута культуры Беларусі Ліліяй Жмачынскай.

Як і падабае, гасцей на  бастунскім перакрыжаванні сустрэлі вясёлай музыкай “Лявоны”, старшыня райвыканкама Мікалай Розум і яго намеснік Мечыслаў Уляшка, начальнік аддзела культуры Алена Ястрэмская, а таксама старшыня Пагародзенскага сельвыканкама Вольга Сінельнікава і дарэктар Пагародзенскага цэнтра Таццяна Пашкелевіч.

Па дарозе ў Пагародна госці наведалі вёску Асава, дзе палюбаваліся велічным вонкавым выглядам і багатым унутраным убраннем касцёла Святога Георгія, паслухалі аповяд ксяндза Яна Пецюна аб дзейнасці прыхода і сумеснай рабоце з мясцовай уладай і ўстановамі культуры па духоўнаму выхаванню жыхароў сельсавета, з асалодай паслухалі арганную музыку... Душэўны зарад быў вялікім, мо і таму ўскладанне вянка да помніка чатыром сувязісткам ў Пагародне было вельмі дарэчы.


Тым часам аграгарадок усё больш поўніўся бадзёрымі песнямі і музыкай — гэта каля будынку Цэнтра вольнага часу і народнай творчасці набіраў моц мясцовы кірмаш. Адразу падумалася, што калі б па волі якога-небудзь чараўніка перанесці гэтую жывую карцінку-кірмаш у вялікі горад, то не было б адбою ад пакупнікоў. Бульба ўрадзіла на дзіва, ад гарбузоў ды кабачкоў воз так і гнуўся, проста зіхацелі на сонцы сакавітыя яблыкі... А пачастункі! Дранікі са смятанай, марынаваныя грыбочкі, квас жытнёвы і яшчэ мноства розных мясцовых страў, нават сыры з казінага малака. Ды не толькі восеньскімі дарамі і кулінарнымі прысмакамі быў багаты кірмаш. Здзівілі тут усіх і розныя вырабы юных гурткоўцаў, радавалі слых спевы аматарскіх ансамбляў. І ўжо пакідаючы кірмашовы пляц, сталічныя госці ўдала станцавалі “лявонаўскую” польку-агульніцу.


У самім будынку Цэнтра члены рэспубліканскай камісіі наведалі сельскую бібліятэку, пакой-музей “Тут Радзімы маёй пачатак”, дзе сабраны сялянскія прылады паўсядзённага ўжытку даўніх часоў. Доўга любаваліся кроснамі і калаўротам, на якіх ткачыха Станіслава Міхна і пральшчыца Марыя Сакалоўская паказалі сапраўдны майстар-клас. Трэба зазначыць, што кросны не проста музейны экспанат, а дзейсны сродак навучання ткацкаму рамяству дзяцей-школьнікаў — ткаць вучацца не толькі дзяўчынкі, але і хлопчыкі.

З вялікім задавальненнем прынялі госці ўдзел у гульнёвай праграме Узорнага тэатра-студыі гульні “Пагародзенскі кірмаш”. Такім чынам госці на свае вочы пабачылі вынікі паўсядзённай плённай працы мясцовых культработнікаў. Пазней у прыватнай размове Лілія Жмачынская шчыра заўважыла:

— Самыя лепшыя ўражанні! Вельмі прыемна, што ў вашым раёне і канкрэтна ў гэтым аграгарадку паспяхова рэалізуецца дзяржаўная праграма адраджэння і ўстойлівага развіцця сельскіх населеных пунктаў. Праведзена вялікая работа па ўмацаванні сацыяльнай сферы, стварэнні неабходных ўмоў, каб нашы ўстановы маглі паспяхова павышаць культурны ўзровень жыцця сельскіх жыхароў. Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшую арганізацыю работы клубных устаноў як раз і накіраваны на выяўленне новага і перадавога ў фарміраванні культурнай прасторы, культурнага асяроддзя ў аграгарадках... І мы яскрава ўбачылі, што дзяржаўная канцэпцыя сацыяльнай адказнасці паспяхова ўвасабляецца і на тэрыторыі вашага раёна. Адчуваецца цесная зладжанасць сумеснай працы раённай і мясцовай улад, клуба і школы, іншых арганізацый па павышэнні якасці культурнага жыцця вяскоўцаў усіх узростаў, захаванні і прапагандзе народных традыцый. Што датычыцца конкурсу, то за званне “Клуб года” будуць творча змагацца 12 устаноў культуры Беларусі. І тое, што абласное кіраўніцтва ўпраўлення культуры вылучыла на рэспубліку Пагародзенскі цэнтр вольнага часу і народнай творчасці, ужо само па сабе з’яўляецца перамогай.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

На здымках: замалёўкі з кірмашу: народным рамёствам жыць.