Мы — СЯБРЫ, мы — БРАТЫ,з роднай песняй весялiмся i працуем разам з ёй

С праздником 10 июля 12 2084
Мы —  СЯБРЫ, мы — БРАТЫ,з роднай песняй весялiмся i працуем разам з ёй

Прыгожа, утульна, смачна, весела і цёпла было ў мінулую нядзелю на вуліцах Радуні. Цяпло лілося не толькі з неба, хай сабе і вельмі гарачага, але і ад людскіх усмешак, дзічага гоману і розных мелодый. Тут, на шчодрай радунскай зямлі, упершыню велічна заявіў аб сабе раённы фестываль нацыянальных культур “Песні Воранаўшчыны маёй”.

— Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома, — вітаў радунцаў, гасцей і ўдзельнікаў фестывалю старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Аркадзьевіч Розум. — Упэўнены, так могуць казаць людзі любой з 24 нацыянальнасцей, якія ў міры і згодзе жывуць на Воранаўшчыне. Гэтае свята — сімвал еднасці і сяброўства народаў, сведчанне нашай беларускай талерантнасці, яркае адлюстраванне дзяржаўнай нацыянальнай палітыкі. Мы сустракаемся разам, таму што ва ўсіх нас адна місія — умацаванне міру, сяброўства, здаровага ладу жыцця, адзінства і ўзаемаразумення паміж народамі. Пазнаць культуру, традыцыі, абрады народа, з якім жывеш побач, — гэта вялікае шчасце. Народная творчасць заўсёды была гаючай крыніцай мудрасці і духоўнага здароўя. А дзе мудрасць — там мір і згода.


Добрага настрою, моцнага здароўя, поспехаў пажадаў святкуючым і старшыня Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч:

— Нашы раёны блізкія не толькі геаграфічна. У нас, як і ў вас, акрамя беларусаў дружна жывуць палякі, рускія, украінцы і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Нашы раёны сябруюць з рэгіёнамі ў Польшчы, Літве і Расіі. Паверце, нашы сябры з далёкага і блізкага замежжа хацелі б часцей сустракацца з намі і вамі не толькі ў мэтах эканамічнага, але і культурнага супрацоўніцтва. Хочацца, каб воранаўскі край стаў ініцыятарам сумесных, як гэты фестываль, святаў, а мы, шчучынцы, заўсёды падставім плячо. Было б вельмі добра наладзіць такое свята для жыхароў нашых раёнаў.


Падзякаваўшы за хлеб-соль, раённыя старшыні-суседзі, а таксама шматлікія госці і жыхары Радуні сталі сведкамі незабыўнага песеннага, музычнага, танцавальнага дзейства, якое распачаў самы старэйшы і таленавіты калектыў Воранаўшчыны — народны ансамбль “Лявоны”. Потым творчую эстафету прыняў ансамбль беларускай песні “Світанак” Васілішскага сельскага цэнтра культуры Шчучынскага раёна і зачараваў сваёй самабытнасцю, артыстызмам і высокім прафесіяналізмам усіх гледачоў.  Не давялося нікому сумаваць (а наадварот, падпяваць) і падчас выступлення нашых мясцовых ансамбляў і гуртоў —  радунскай “Зараніцы”, “Радунскіх хлопцаў”, “Вясёлкі” з Воранава, “Рэчанькі” з Жырмунаў, “Крыніцы” з Доцішкаў, салістаў Р. Марцінкевіча, А. Сцефановіча і А. Арловіча з Радунскага гарадскога Дома культуры. Не шкадавала публіка апладысментаў і для танцавальнага калектыву “Атлантыка” Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы.


А тым часам, пакуль са сцэны ліліся прыемныя сэрцу і слыху любімыя народныя і сучасныя песні, аўтарытэтная камісія начале з намеснікам старшыні Воранаўскага райвыканкама Мечыславам Уляшкам наведала нацыянальныя падворкі. Не памылюся, калі скажу, што ўсе, хто завітаў сюды, былі ў захапленні. Міжволі хацелася танцаваць, трапятала і ляцела кудысьці душа на цыганскім падворку, вабілі прыгажуні-дзяўчаты на ўкраінскім, паланілі сэрца армянскія мелодыі. А хіба ж можна было не адгукнуцца на літоўскую сардэчную песню-марш “Сукрацяле”, а потым — на запрашэнне ў рускую баню?! А як жа без “100 лят”  ад пенкных кабет?.. “Шалом, сябры, шалом. Мы адной дарогай ідзем, мы як сёстры і браты жывем. Шалом, сябры, шалом!” — сустракалі гасцей на яўрэйскім падворку. І нарэшце, пусціцца ў скокі прымусіла беларуская полечка-трасуха.


— Свята вельмі цудоўнае! Многа прыгожых і добрых людзей, шыкоўныя вырабы народных майстроў, а падворкі —  супер! Здароўя, плёну вам і надалей! — не хавала свайго задавальнення вядучы спецыяліст Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Святлана Міхайлаўна Дуброўская.

Сваімі ўражаннямі падзяліўся і кіраўнік дэлегацыі са Шчучына, старшыня райвыканкама Сяргей Іосіфавіч Ушкевіч:

— Воранаўшчыну, яе жыхароў, як вельмі таленавітых і працавітых людзей, ведаю даўно — мы ж суседзі. І нягледзячы на тое, што ў нашым раёне ёсць некалькі буйных прамысловых прадпрыемстваў (рамонтны і масласырзавод, “Аўтапровад”), мы — сельскагаспадарчы раён. Тут я працую 30 год, з якіх 9 быў старшынёй калгаса. І вось ужо 11 год — на пасадзе старшыні райвыканкама. Таму з вашым старшынёй Мікалаем Аркадзьевічам, вашымі спецыялістамі сельгасгаспадарак мы кантактуем пастаянна. І мне прыемна адзначыць, што сёлета на вашых нівах будзе багаты ўраджай, вы будзеце з добрым хлебам. За гэта вялікі дзякуй усім аграрыям Воранаўскага раёна.


— Сяргей Іосіфавіч, чуў, што і на вашых нівах даспявае важкі колас?

— Азімы ячмень з плошчы 530 га ўжо ўбралі і атрымалі па 56 цэнтнераў з гектара. Усяго ж трэба зжаць 25 тысяч гектараў зерневых. Плануем мець па выніках жніва 53-55 ц/га ў сярэднім па раёне. Жаданне адно: каб вашым і нашым хлебаробам спрыяла толькі добрае надвор’е, а працавітасці нам не пазычаць. Ды і святкаваць мы можам творча і ад душы. Таму вельмі добра, што пабываў у вас на свяце, якое атрымалася надзвычай цікавым. А нацыянальныя падворкі са сваімі непаўторнымі музыкай, строямі, кухняй і мастацкім афармленнем падаравалі незабыўную атмасферу сяброўства і сардэчнасці. Усё гэта яркае сведчанне таму, што ў шматнацыянальнай Беларусі дзякуючы нашаму народу і Прэзідэнту існуе мір, спакой, узаемаразуменне, павышаецца дабрабыт людзей, зберагаецца і развіваецца багатая нацыянальная культура. Яскравы прыклад гэтаму таксама і фестываль у Радуні. Дзякуй яго арганізатарам і артыстам, кіраўніцтву і ўсім жыхарам раёна!


А свята тым часам працягвалася, спявала, танцавала, сабірала каля галоўнай сцэны ўсё больш і больш людзей. Усе з нецярпеннем чакалі вынікаў конкурсу нацыянальных падворкаў, якія, безумоўна, былі не падобны адзін да аднаго, адметны сваім каларытам і ўсе прэтэндавалі на перамогу. Тым не менш дыпломы трэцяй ступені атрымалі арганізатары беларускага і польскага падворкаў. Прадстаўнікі яўрэйскай і ўкраінскай культуры адзначаны дыпломамі другой ступені. А найлепшым  быў прызнаны цыганскі падворак — яму Дыплом першай ступені і доўгія цёплыя апладысменты гледачоў. Добрым дапаўненнем да дыпломаў былі і грашовыя ўзнагароды. Наогул, без падзякі ніхто з удзельнікаў фестывалю не застаўся.


Не паспелі адгучаць апладысменты ў адрас артыстаў-аматараў, як на сцэну выйшла таленавітая беларуская эстрадная спявачка Вольга Плотнікава — і ў адно імгненне паланіла сэрцы гледачоў...

— Спадабаліся падворкі, канцэрты, гандаль, выставы народных умельцаў, дзіцячыя атракцыёны, пена-лазернае шоу. Усё было на радасць. Часцей бы так весела адпачываць! — гаварылі пра фестываль жыхары і госці Радуні.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.