З праблемамі — да ўлады

Актуально 22 июня 12 1486
З праблемамі — да ўлады

На сход грамадзян у вёску Старыя Смільгіні мы прыехалі загаддзя. Жыхары гэтай мясцовасці нас сустрэлі добразычліва, расказалі, як ім жывецца. Затым прапанавалі наведаць ФАП і прайсціся па адной з вуліц вёскі. Па праўдзе кажучы, будынак установы аховы здароўя патрабуе капітальнага рамонту, вуліца, на якой жывуць шэсць маладых сем’яў (дзве з іх — мнагадзетныя), — гаспадарскай рукі. Гэтыя і іншыя праблемы людзі пасля выказалі прадстаўнікам раённай і мясцовай улады.

Гасцей прысутным прадставіў старшыня Радунскага пасялковага Савета С.В. Жук. Ён выказаў спадзяванні на адкрыты і прадуктыўны дыялог паміж уладай і насельніцтвам. Старшыня раённага Савета дэпутатаў С.Ул. Конан у пачатку сустрэчы заўважыў, што на сходзе ў Старых Смільгінях ён не ўпершыню. Мінулы раз жыхары вёскі хваляваліся, ці будуць закрыты ФАП і магазін. Сёння да іх дзейнасці пытанняў не ўзнікае. Толькі вельмі прасілі жанчыны ў галоўнага ўрача Воранаўскай ЦРБ А.В. Ануфрыева, каб іх установа аховы здароўя працягвала працу і далей, а для “свайго доктара”, загадчыка ФАПа В.І. Жукоўскай, — стварэння неабходных умоў для работы.

Мужчыны ж спыталі, ці можна выкарыстаць на дровы лясны буралом і чаму кошт брыкету “кусаецца”.  Прадстаўнікі ўлады патлумачылі, што за дровамі неабходна звяртацца ў лясніцтва, а за брыкет пенсіянеры плацяць 50% ад яго кошту (затраты на дарогу пры гэтым не ўлічваюцца). У сваю чаргу папрасілі да зімы рыхтавацца загаддзя — тады таннага паліва хопіць усім. Удзельнікаў сходу хвалявала і тое, што ў сераду цераз вёску не ходзіць аўтобус. Справа ў тым, што ў гэты дзень тыдня ў Радуні працуе рынак, а многія не маюць магчымасці дабрацца да гарадскога пасёлка сваім ходам. Святаслаў Конан паабяцаў адрасаваць гэтую просьбу кіраўніцтву філіяла “АтП №14 г.п. Воранава”. Падчас сустрэчы дамовіліся, што СВК “Доцішкі” акажа пасільную дапамогу мясцовым жыхарам у апрацоўцы бульбы.

Вяскоўцы літаральна засыпалі пытаннямі М.П. Конана, галоўнага інжынера ДРБУ-120. Іх хваляваў стан як цэнтральнай дарогі, так і трох вуліц населенага пункта. Дадзеная праблема ўзята на кантроль, рэдакцыя газеты таксама будзе пільна сачыць за яе вырашэннем.

Людзі занепакоены і тым, што ў Старых Смільгінях практычна нельга бяспечна прайсці па вуліцы з-за сабак, бо некаторыя гаспадары не лічаць патрэбным іх навязваць. Сітуацыю патлумачыў пракурор Воранаўскага раёна В.А. Калеснік. Акрамя таго, ён звярнуўся да прысутных з просьбай клапаціцца пра сваю маёмасць і заўчасна рыхтавацца да зімы: не адкладваць рамонт печак на пасля. Валяр’яна Аляксандравіча падтрымаў С.Ул. Конан. Святаслаў Уладзіміравіч падкрэсліў, што на сёння праблема пажарнай бяспекі застаецца вельмі актуальнай. Ён заклікаў вяскоўцаў больш пільна сачыць за станам каміноў, праводкі і не пакідаць без дагляду дзяцей.

Некаторыя жыхары Старых Смільгіняў свае праблемы данеслі да прадстаўнікоў улады падчас індывідуальнай гутаркі.

Марына КАНДРАТОВІЧ.