Воранаўскае падвор’е самае прыгожае

Знай наших! 29 мая 12 1741
Воранаўскае падвор’е самае прыгожае

20 мая ў г. Шальчынінкай адбыўся XVII Міжнародны фестываль фальклору “Daina prie Salcios”. Упершыню за сваё існаванне на літоўскае свята быў запрошаны з выставай наш раённы Дом рамёстваў. На гасціннай суседскай зямлі сабраліся літоўскія і польскія калектывы з Беларусі, прынялі ўдзел майстры народнай творчасці з Літвы, Польшчы, Расіі, Беларусі. Цяжка было адвесці вочы ад непаўторных дываноў і посцілак, прыгожых абрусаў і рушнікоў, самабытных вырабаў з дрэва, лазы, саломы. Вельмі зацікавілі на майстар-класе сваёй працай ганчары з Польшчы.

Але хочацца сказаць галоўнае — воранаўскае падвор’е з выставай майстроў з раённага Дома рамёстваў выглядала самым цікавым, утульным і прыгожым. Аж да позняга вечару яго не пакідалі наведвальнікі, зачараваныя ўменнем нашых людзей. Немагчыма перадаць словамі ўсю тую творчую асалоду, што адчуваў кожны з нас, ад зацікаўленасці воранаўскім краем і нашымі вырабамі. Прыемна было чуць словы падзякі за прынятае запрашэнне на свята ад мэра г. Шальчынінкай Здзіслава Палевіча, які таксама наведаўся на выставу. У адказ  начальнік аддзела культуры Алена Ястрэмская і аўтар гэтых радкоў шчыра прывіталі літоўскіх сяброў і ўручылі ім воранаўскі каравай, а таксама падарункі, з любоўю зробленыя рукамі нашых майстроў. Шмат добрых слоў мы пачулі ў свой адрас ад літоўскіх суседзяў. Радаснымі і акрылённымі вярталіся дамоў з гэтай творчай паездкі.

Ірына КАМІНСКАЯ,

дарэктар РМЦ НТ.

Фота аўтара.