Так трымаць, Канстанцiн!
— Наш візіт у вашу школу яшчэ раз сведчыць аб тым, што кіраўніцтвам раёна надаецца вялікая ўвага выхаванню, навучанню і развіццю інтэлектуальных здольнасцей школьнікаў, — распачаў урачыстасць начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Аляксандр Кашлей. — У нас многа творчых педагогаў, амаль у кожнай сярэдняй і буйных базавых школах ёсць навуковыя таварыствы, дзе праводзіцца навукова-даследчая работа, актыўна ўкараняюцца ў вучэбны працэс сучасныя камп’ютарныя тэхналогіі. Сумесная дзейнасць настаўнікаў і вучняў прыносіць добры плён. Нашы школьнікі, у тым ліку і з Забалаці, паспяхова ўдзельнічаюць у алімпіядах і конкурсах, з года ў год павялічваецца колькасць пераможцаў як на абласным, так і рэспубліканскім узроўні. Яркі прыклад гэтаму і Канстанцін Вільчэўскі, які ў гэтым годзе стаў абсалютным пераможцам у вобласці, трэцім — у рэспубліцы, а нядаўна паспяхова падцвердзіў свае здольнасці і на міжнародным узроўні ў Санкт-Пецярбургу. Вялікі дзякуй настаўнікам Забалацкай і Клайшанскай школаў за такога выдатнага вучня.
Не спыняцца на дасягнутым пажадала Канстанціну і першы сакратар райкама грамадскага аб’яднаня “БРСМ” Марына Бобіна, якая ўручыла яму падарачны набор фота і відэаматэрыялаў аб дзейнасці рэспубліканскага маладзёжнага саюза.
— Мне вельмі прыемна быць на такой сустрэчы, вельмі радасна, што мы віншуем таленавітага вучня менавіта вашай школы. Яго перамога — гэта гонар для ўсяго нашага раёна, — сказаў старшыня Воранаўскага раённага выканачаўга камітэта Мікалай Розум і пад гучныя апладысменты ўручыў Канстанціну сучасны планшэт “ASUS”, з дапамогай якога можна будзе падарожнічаць у інтэрнэт-прасторы і ўдасканальваць майстэрства інфарматыка-праграміста.
— Дзякуй школе, настаўнікам, бацькам, аддзелу адукацыі. Дзякуй за падтрымку і падарунак, — толькі і змог прамовіць Косця, гэтым яшчэ раз падцвердзіўшы бясспрэчную ісціну: таленавіты, здольны чалавек сціплы ва ўсім, акрамя сваёй любімай справы.
Вікенцій ЯКОВІЧ.
На здымку: так трымаць, Канстанцін!