Людскія — значыць... нічыйныя?

Актуально 09 сентября 11 1932
Людскія — значыць... нічыйныя?
У будні дзень рэдка сустрэнеш кагосьці на вясковых могілках. А вось з набліжэннем Дзядоў ці Радаўніцы яны ажыўляюцца. Праз які месяц пачнуць вызваляцца ад шкоднай расліннасці, афарбоўвацца ў яркія колеры кветак. 
Як могілкі выглядаюць у перадсвяточныя дні, высвятлялі супрацоўнікі рэдакцыі, спланаваўшы днямі аглядную “камандзіроўку” па месцах вечнага спачыну. Паездка дала падставу для разважанняў.
Цікавіў нас не знешні выгляд саміх месцаў пахавання — усё магчымае для іх добраўпарадкавання робіцца на мясцовым узроўні (праўда, дзе больш, дзе менш). Уразіў жа ўнутраны стан гэтых аб’ектаў. Як бы гэта дзіўна не гучала, але ёсць у месцаў апошняга зямнога прытулку людзей і будні, і святы. Некаторыя светлыя і дагледжаныя кожны дзень (бачна, што продкаў не забываюць), а іншыя нават у святы шэрыя. А робіць іх такімі адрознымі ўдзячная людская памяць або раўнадушнае бяспамяцтва.
У Радуні на могілках, якія цяпер мясцовыя жыхары называюць старымі, заўважыла немаладую жанчыну. “Прыехала, відаць, здалёк...” — мяркую па стану пахавання, якое яна прыбірала.
— Вашы бацькі пахаваны? — звяртаюся.
— Так, — узнімае сумнаватыя вочы, ківае на суседняе чыстае, упрыгожанае кветкамі пахаванне і тут жа, зразумеўшы мой запытальны позірк, паясняе: — А на гэтую магілку многа гадоў ніхто не прыходзіць. Мама пры жыцці, прыбіраючы татаў надгробак, і гэты не абмінала. Казала, неяк не па-людску, нашто каб зарастала травой. 
Крыху памаўчаўшы, прадоўжыла:
— Мамы не стала восем гадоў назад. Мне таксама  шкада пахаваных тут людзей, бо гэта чыесьці бацькі... А можа, дзяцей не мелі, і сёння няма каму прыехаць і прыбрацца тут. Сумленне не дазваляе пакінуць так, не цяжка ж вы-рваць шкодную расліннасць.
“Не па-людску”... Засеў у думках выраз сталай вясковай жанчыны, які працытавала  мая выпадковая субяседніца. Каб хаця б палова з нас, наведвальнікаў гэтых месцаў, так меркавала, мабыць, не было б такіх занядбаных магіл, якія знайсці цяжка за дзікай расліннасцю. Яны з дакорам і сумам паглядаюць на дагледжаных “суседак”. Такіх шмат пабачылі мы ў Асаве, Радуні, Начы. Замест жоўтага пяску і кветак — бур’ян, нават маладыя дрэўцы павырасталі на надгробках. А пакуль яны праклюнуліся і акрэплі, прайшло нямала часу. Значыць, сюды даўным-даўно ніхто не наведваўся. Чаму? Можа, вельмі далёка закінуў лёс родных, можа, іх няма ў жывых, а можа, успамінаюць аб пахаваным тут чалавеку калі-нікалі на словах, аддаць жа даніну павагі сваім прыездам, запаліць свечку і памаліцца не лічаць абавязковым рытуалам.
І ўжо зусім абурыла куча вецця і перапрэлага зелля пасярод могілак. Унутраная стыхійная звалка, так сказаць. А якая ж стыхія яе стварыла?.. Людская!  Хтосьці з наведвальнікаў пачаў скідваць шкодную расліннасць, астатнія гэтую “справу” прадоўжылі.
Давялося пабачыць і такое: праз маладзенькі “лес”, закіданы тым жа самым смеццем, ледзь праглядвае агароджа. Значыць, не заўважыў хтосьці помніка за расліннасцю і вывернуў зверху няшмат — кошык-другі — вецця і лістоты (на жаль, чорна-белы колер газетных фотаздымкаў не зможа ў поўнай меры передаць убачанае: даводзіцца апісваць словамі). 
Хто нясе адказнасць за ўтрыманне могілак? Найперш, старшыня сельскага Савета, паколькі яны размешчаны на тэрыторыі. Аднак яму аднаму ні сіл, ні сродкаў не хопіць, каб навесці парадак на месцах вечнага спачыну. Даводзіцца выступаць арганізатарам (разам са светарамі), каб заахвоціць людзей прыняць удзел у агульнай справе, дыпламатам, каб наладзіць кантакт са старшынёй сельгасарганізацый. Падрамантаваць і пафарбаваць агароджу, зрабіць кантэйнеры, паклапаціцца аб спілоўванні аварыйных дрэў, абкошванні шкоднай расліннасці вакол могілак і своечасовым вывазе смецця. У Воранаве і Радуні такім абслугоўваннем займаецца жыллёва-камунальная гаспадарка. Адным словам, за знешні выгляд аб’ектаў ёсць з каго спытаць. У хуткім часе могілкі будуць пераведзены на баланс камунальнікаў (а пакуль што яны — нічыйныя). Магчыма, гэта палепшыць догляд за іх тэрыторыямі, зробіць іх уборку рэгулярнай, аднак за станам пахаванняў па-ранейшаму будуць сачыць самі людзі.
І хоць за занядбанне памяці аб продках да матэрыяльнага пакарання ніхто не прыцягне, застаецца маральны аспект... Не аддаючы даніну павагі ім, мы, дарослыя, становімся  прыкладам абыякавасці да свайго радаводу для пакалення, якое выхоўваем. 
Дзіўна неяк атрымліваецца. У век тэхнічнага прагрэсу, калі ў кожнага трэцяга беларуса ёсць аўтамабіль, не маем часу лішні раз, акрамя як напярэдадні Дзядоў ці Радаўніцы,  наведаць памерлых продкаў у месцы іх апошняга прытулку.
Сваім меркаваннем на гэты конт падзяліўся ксёндз асоўскага касцёла Ян Пяцюн, да ягога мы завіталі па дарозе з могілак.
— Сёння людзі сапраўды нейкія занятыя, — разважае ён. — Раней вернікі выйдуць з касцёла, яшчэ доўга размаўляюць, зойдуць на могілкі. А цяпер пасля імшы — у аўто і паехалі. І тэрыторыя касцёла хутка становіцца бязлюднай.
За штодзённымі клопатамі мы не павінны страчваць духоўную сувязь са сваімі продкамі. Бо толькі ўдзячная памяць звязвае нас з імі. Хіба ж можна, разважаючы аб вечным, апускацца да непавагі, забыцця, занядбанасці...
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
На здымках: Весці ўлік на новых могілках (каля г.п. Радунь) зручна: строгі парадак размяшчэння пахаванняў, асфальтаваныя дарожкі, даглядчык. Чацвёртае па ліку — таксама пахаванне. Аднак яго абрысы ледзь згадваюцца сярод кустоўя. За станам могілак у в. Лебеднікі (Доцішскі сельскі Савет) сочаць усе разам: людзі, кіраўніцтва сельсавета і сельгаскааператыва. Пастаянна.