За вопытам — у лепшую базавую школу

Актуально 19 августа 11 1546
За вопытам — у лепшую базавую школу
Клайшанская школа выйшла пераможцай у намінацыі на лепшую базавую ўстанову адукацыі ў абласным конкурсе “Брэнд сістэмы адукацыі 2010 года”. А Воранаўская спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву і Радунскі сацыяльна-педагагічны цэнтр узнагароджаны Дыпломамі II ступені.
Творчая сустрэча сабрала 16 жніўня ў Клайшанскай базавай школе дырэктараў падобных устаноў адукацыі вобласці. Педагагічны калектыў пераможцы конкурсу “Брэнд сістэмы адукацыі 2010 года”  сумесна з намеснікам старшыні райвыканкама Мечыславам Уляшкам і намеснікам начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Верай Матусевіч шчыра вітаў  паважаных гасцей Воранаўшчыны.
Ідэя правядзення “Брэнда года” ўзнікла ў Год якасці з мэтай выяўлення станоўчага вопыту работы навучальных устаноў. Конкурс на лепшую сістэму адукацыі сярод рэгіёнаў вобласці праводзіцца ўжо даўно, а сярод устаноў адукацыі такога на абласным узроўні не было. Былі распрацаваны пэўныя крытэрыі. Улічваліся розныя напрамкі дзейнасці ўстановы: і адукацыйны, і выхаваўчы, і гаспадарчы, і пазабюджэтны. Адным словам, усё жыццё школы ў комплексе... Вынікі конкурсу кампетэнтнае журы падвяло ў лютым 2011 года. Пераможцай у намінацыі на лепшую базавую ўстанову адукацыі стала Клайшанская школа.
— Наогул, вызначыць лепшую ўстанову адукацыі вельмі няпроста, — вядзе са мной размову ў перапынку сустрэчы галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Тамара Прадзед. — Калі іх шмат заяўлена, ёсць магчымасць выбраць самую лепшую. А вось калі ўдзельнікаў мала, то, канешне, цяжкавата. Асабліва складана ацэньваць базавыя школы. Кожная мае свой будынак, а то і некалькі, у кагосьці ёсць актавая зала, у кагосьці яе няма або адсутнічае спартыўная і г.д. За ўсё гэта налічваліся балы, ну і, бясспрэчна, пераважылі тут якасныя паказчыкі: сярэдні бал паспяховасці, удзел дзяцей у розных конкурсах, інфарматызацыя... Цяпер ужо, падвёўшы вынікі, можна перагледзець і крытэрыі конкурсу. Некаторыя не ўлічваць, нешта ўвесці новае. Як паказаў аналіз, ёсць над чым падумаць да 2012 года (час правядзення чарговага “Брэнда года” — прыкм. аўт.).
З аднаго боку быць лепшымі — гэта годнасць і павага, з другога — вялікая адказнасць. А часам і крытычны позірк калег — бачыць памылкі заўсёды лягчэй, чым працаваць над імі. Аднак  на сустрэчы гэтага не было. Кожны настаўнік разумеў, што падрыхтоўка да “Брэнда года” — вельмі складаная работа, якая адымае шмат часу і намаганняў усяго калектыву на чале з дырэктарам. І вынікам гэтага працэсу павінна быць якасная адукацыя вучняў. Як забяспечыць яе даступнасць у адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі грамадства, падзяліўся з калегамі кіраўнік Клайшанскай базавай школы Тадэвуш Ярмак. Слушным было выступленне яго намесніка Тарэсы Мікша аб пашырэнні сферы дзелавой ініцыятывы праз удасканаленне метадычнай работы з педагагічнымі кадрамі. Аб ролі інфарматызацыі ва ўдасканальванні ўпраўленчай дзейнасці і вучэбна-выхаваўчага працэсу расказаў настаўнік інфарматыкі Юрый Вільчэўскі. Цікавым для ўдзельнікаў сустрэчы стала знаёмства з новымі падыходамі настаўніка фізічнай культуры і здароўя Ірыны Вараноўскай да арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы ў шосты школьны дзень. Гісторык Іван Фясенка праз работу навуковага аб’яднання “Дайнова” і музейную дзейнасць развівае інтэлектуальныя здольнасці вучняў школы. Аб тым, як гэта дасягаецца, ён паведаміў у сваім выступленні. А настаўнік працы Таццяна Троцкая паказала цесную сувязь пазакласнай работы і ўрочнай дзейнасці па абслугоўваючай працы.
Трэба адзначыць, што ўсе выступленні былі захапляльнымі і не насілі справаздачны характар. Нефармальная абстаноўка падчас сустрэчы дазваляла гасцям задаваць шматлікія надзённыя пытанні. І гэтую магчымасць настаўнікі актыўна выкарыстоўвалі, атрымліваючы кампетэнтныя адказы ад пераможцаў конкурсу “Брэнд года-2010”. Несумненна, для педагогаў такі абмен вопытам напярэдадні новага навучальнага года стаў вельмі карысным.
Завяршылася мерапрыемства абмеркаваннем за круглым сталом прыярытэтных накірункаў дзейнасці базавых школ у 2011/2012 навучальным годзе, спосабаў рэалізацыі новых нарматыўных дакументаў у кантэксце Кодэкса аб адукацыі і прапаноў у праект рэзалюцыі абласной нарады.
Святлана ВАДЭЙКА.
На здымках: з адукацыйнай сістэмай школы знаёміць дырэктар Т. Ярмак;
удзельнікі мерапрыемства падчас экскурсіі па школе.