За плённую працу песню прыміце

Актуально 29 июля 11 1470
За плённую працу песню прыміце
Ва ўсе часы жніўная пара суправаджалася ў народзе песнямі. Гэтая традыцыя жыве і ў нашы дні. А ствараюць добры настрой удзельнікам жніва работнікі культуры, аматары мастацкай самадзейнасці. Вось і 26 ліпеня канцэртная брыгада раённага Дома культуры сумесна з супрацоўніцамі раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці выступіла на збожжаскладах у аграгарадках Вараноўка і Пераганцы РУСП саўгас “Воранаўскі”. Шчырыя словы вядучай Жаны Дорашавай, песні ў выкананні Таццяны Гулеўскай, Эдзіты Сакалоўскай, Ліліі Бярцэвіч і Андрэя Лаўрыновіча, гумарыстычны верш Ірыны Камінскай, гукавое афармленне Юрыя Барбаровіча спадабаліся ўсім гледачам. А на канцэрт сабраліся не толькі рабочыя складоў, але прыйшлі і многія жыхары вёсак, дарослыя і дзеці. Усе яны не хавалі задаволеных усмешак, не шкадавалі апладысментаў.
— Вялікі дзякуй за канцэрт! Вельмі добра, што ў такі напружаны час, калі мы з раніцы да ночы працуем, артысты парадавалі нас сваім талентам і песнямі, — падзялілася ўражаннямі загадчыца збожжасклада Ядвіга Азароўская.
Словы падзякі ў гэтыя дні выказваліся (і яшчэ не раз прагучаць) ад хлебаробаў у адрас самадзейных артыстаў па ўсёй нашай Воранаўшчыне. Бо, як заўважыла дырэктар раённага метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Камінская, канцэртныя брыгады створаны амаль пры ўсіх клубных установах. Канцэрты праходзяць як на зернетаках, так і непасрэдна на палявых станах.  Выступаюць артысты ў асноўным падчас абедзеннага перапынку і не парушаюць тэмпы жніва.
Вікенцій ЯКОВІЧ.
На здымку: ансамбль “Вясёлка”.