Вясну-красну клікалі

С праздником 22 марта 11 2490
Вясну-красну клікалі
Каляндарная вясна ўжо амаль месяц таму наступіла, але патрэбнай моцы так і не набрала. То маразы і пранізлівы ветрык яе палохаюць, то мокры сняжок зверху лье-засыпае.  Вось такім няўтульным выдаўся і пачатак дня 19 сакавіка ў нашым райцэнтры, што, напэўна, і перашкодзіла многім воранаўцам прыйсці на свята “Гуканне вясны”. Здароўя, дабрабыту, плённых веснавых работ і багатага ўраджаю ўсім жыхарам нашага краю пажадаў на пачатку свята намеснік старшыні раённага выканачаўга камітэта Мечыслаў Уляшка. А супрацоўнікі раённых метадычнага цэнтра народнай творчасці і Дома культуры, юныя і дарослыя аматары мастацкай самадзейнасці таленавіта паказалі ўсю прыгажосць старажытнага народнага абраду:
— Благаславіце, людзі добрыя,
Ай вясну-красну загукаць,
Загукаці жа.
Лютую зіму замыкаць,
Замыкаці жа...
Дай, божа, на жытачка род,
На статачак плод,
Людзям на здароўе.
Прыгожым і вясёлым, з песнямі і карагодамі, мудрымі і руплівымі Гаспадаром і Гаспадыняй, выгнаннем апошняга Снегавіка, прылётам жаўрукоў і сустрэчай Вясны, атрымалася тэатралізаванае прадстаўленне. Дастойным яго працягам былі і выступленні ансамбляў “Вясёлка” і “Канвелішскія штукары”, салістаў Аксаны Дзюк, Наталлі Адамовіч, Яўгена Вайцяховіча, Івана Бенкевіча, Яніны Сцефановіч і Вольгі Толкач. Выстава вырабаў раённага Дома рамёстваў, бяспройгрышная латарэя, гандлёвыя кіёскі таксама парадавалі ўсіх гасцей свята.
Вікенцій ПАДГАЙСКІ.
На здымках: так вясну клікалі...