Адзінагалосна падтрымалі

Актуально 11 февраля 11 1388
Адзінагалосна падтрымалі
У сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася 8 лютага, прынялі ўдзел прадстаўнікі абласной выканаўчай улады: І. Жук — першы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, А. Наумовіч — старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, Л. Ермантовіч — начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Гродзенскага аблвыканкама, А. Астроўскі — старшыня Лідскага райвыканкама, І. Клімовіч — старшыня Лідскага міжраённага камітэта дзяржаўнага кантролю. Былі запрошаны члены раённага выканаўчага камітэта, кіраўнікі яго аддзелаў і ўпраўленняў,  старшыні сельскіх Саветаў і сельскагаспадарчых калектываў, кіраўнікі прадпрыемстваў  раёна.
Пытаннем павесткі дня было зацверджанне на пасадзе старшыні Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта. Адзінагалосна дэпутаты падтрымалі прапанаваную кандыдатуру Мікалая Розума, у падтрымку якога выступілі дэпутаты Г. Казлоўскі і В. Роік. Яны адзначылі, што яго 20-гадовая працоўная біяграфія звязана з нашым раёнам, поспехі прадпрыемства, якое ён узначальваў, сведчаць аб дзелавых і прафесіянальных якасцях назначанага кіраўніка раёна.
— Вы як прадстаўнік вертыкалі ўлады будзеце вырашаць многа задач — штодзённых, якія забяспечваюць жыццядзейнасць Воранаўшчыны, і на перспектыву. Раён нядрэнна выглядае на фоне вобласці, за некалькі апошніх  гадоў дасягнуў значных вынікаў па розных паказчыках. Таму галоўнае — захаваць станоўчую дынаміку развіцця і, канешне ж, памножыць дасягненні. У год Вашага назначэння стартавала і новая пяцігодка, на выкананне яе паказчыкаў таксама спатрэбіцца многа сіл. Поспехаў Вам! — звярнуўся да нованазначанага кіраўніка раёна І. Жук.
Вольга Вараб’ёва.
На здымку: віншаванні і кветкі ад І. Жука
прымае М. Розум.