1 снежня — Сусветны дзень прафiлактыкi СНIД. Горкi лiст...

Актуально 26 ноября 10 1653
1 снежня — Сусветны дзень прафiлактыкi СНIД. Горкi лiст...
СНІД… Колькі лёсаў і жыццяў ён зламаў!.. Колькі выпіў слёз і адняў шчаслівых дзён!.. Яшчэ раз у гэтым мяне пераканаў ліст, які выпадкова трапіў мне ў рукі, незнаёмай дзяўчынкі да сваёй сяброўкі.
Прывітанне, мая мілая сяброўка Юлечка!
Мінуў ужо месяц з таго часу, як я ў цябе гасцявала. Тыя два дні пабыўкі ў тваім маленькім і ўтульным гарадку і сёння саграваюць маё сэрца. Аднак гэты светлы і радасны ўспамін змрочвае трывожнае сёння. Ведаеш, калі я ўжо страціла надзею на тое, што мяне хтосьці зразумее, успомніла пра цябе, пра нашы сакрэтныя размовы, таму і дасылаю табе гэты ліст.
Ты ведаеш гісторыю майго знаёмства з Колем. Мне здаецца, што з таго часу, калі я пачала перапісвацца з ім, прайшлі тысячы цяжкіх і самотных хвілін, а не тры тыдні. Спачатку мы нібы прыглядаліся адзін да аднаго, абменьваючыся нічым нязначнымі словамі і, на мой погляд, “забівалі” электронную пошту наіўным дзіцячым глупствам. І так працягвалася наша перапіска тыдзень. Не памятаю з чаго ўсё пачалося, але Коля напісаў, што ў хуткім часе будзе праездам у маёй мясцовасці. Я адразу ж, не задумваючыся, запрасіла яго ў госці: “Заязджай, пазнаёмімся, можа, будзем добрымі сябрамі”. Коля не пісаў мне тры дні. А на чацвёрты я са слязамі на вачах чытала: “Ты не захочаш мяне бачыць, бо я хварэю на СНІД”...
З гэтых слоў і пачалося маё непаразуменне з бацькамі, аднакласнікамі і проста знаёмымі людзьмі. Бацькі, калі я ім расказала, што перапісваюся па “электронцы” з хлопцам хворым на СНІД, забаранілі мне падыходзіць да камп’ютара, а аднакласнікі казалі, што я павінна думаць пра сябе. Усе раілі забыцца пра чалавека, які згублены для грамадства, ды і хутка памрэ. На душы стала прыкра і самотна, таму таемна ад бацькоў я ўзнавіла перапіску з Колем. Ён мне расказаў, што захварэў год назад, калі абараняў сваю суседку ад незнаёмых хлопцаў. Атрымалася так, што адзін з нападаючых сам параніўся аб шкло і акрываўленым яго куском параніў руку Колі. У шпіталі высветлілася, што ў таго хлопца быў СНІД і праз кроў гэта хвароба перадалася майму новаму знаёмаму.
Так  я даведалася пра гісторыю хваробы Колі і рашыла сур’ёзна пагаварыць з бацькамі. Яны мне дазволілі перапісвацца з хворым хлопчыкам, аднак забаранілі з ім сустракацца. Для таго, каб даказаць бацькам, што яны не маюць рацыю ў сваёй забароне, я пачала чытаць кнігі пра гэту страшную хваробу, пераказваць іх змест матулі і тату. Але іх нельга было пераканаць. 
Мне здавалася, што я пачынаю жыць чужым жыццём. Боль практычна незнаёмага чалавека стаў маім болем. Я пачала задумвацца пра сэнс жыцця, пра тое, чаму ў адных яно хуткаплыннае, чаму другія доўга і спакойна крочаць па ім.
Віртуальнае знаёмства з Колем выклікала ў мяне жаданне растлумачыць усім, што трэба звярнуць увагу на пакуты і душэўныя раны побач ідучага чалавека. Мне хацелася, каб людзі ведалі,  што толькі страх перад невядомым прыцягвае да сябе непрыемнасці і хваробы.
Я думаю, нам трэба часцей гаварыць пра СНІД, каб людзі ведалі, што мы не павінны цурацца хворых на яго, што ім патрэбна наша дапамога. На маю думку, абараняць адзін аднаго ад СНІДу трэба не забаронай зносін з хворым на яго, а непарыўным клопатам пра бліжняга чалавека.
Юлечка, мне здаецца, што за тры тыдні я змяніла свой погляд на жыццё, узаемаадносіны, нават напісала верш пра СНІД:
Свяціла ўчора ясна сонца,
Лагодна ветрык абдымаў.
— Жыву! — крычалася бясконца...
А сёння СНІД цябе зламаў...
…Далей словы і подпіс былі размыты горкімі слязамі дзяўчынкі, якая прыняла лёс невядомага ёй у рэальным (а не віртуальным) свеце юнака блізка да сэрца. Міжволі ўзнікла пытанне: можа, варта было б большасці людзей праявіць спагаду да хворых на СНІД, унесці ў іх жыццё хвіліны радасці, аддаліць ад іх самоту і горыч адзіноты?..