Ахова рубяжоў — справа агульная

Актуально 19 ноября 10 1451
Ахова рубяжоў — справа агульная
10 лістапада ў аддзяленні пагранічнай службы “Воранава” адбылася каардынацыйная нарада, у якой прынялі ўдзел камандзір в/ч 1234 палкоўнік Мікалай Кукін і старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Астроўскі. Падчас яе  падведзены вынікі сумеснай работы па правядзенні дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі Воранаўскага раёна за перыяд бягучага года, вызначаны яе асноўныя задачы і напрамкі на 2011 год, агучаны вынікі аператыўна-службовай дзейнасці вайсковай часці 1234.
Геаграфічнае становішча нашага раёна (працягласць Дзяржаўнай мяжы з Літоўскай Рэспублікай на яго тэрыторыі складае 64% ад працягласці ўсяго ўчастка пагранічнага атрада), безумоўна, накладвае пэўны адбітак на ажыццяўленне адміністрацыйна-гаспадарчай дзейнасці на Воранаўшчыне, вызначаючы тым самым рад дадатковых задач для кіраўнікоў розных узроўняў па правядзенні дзяржаўнай пагранічнай палітыкі нашай краіны. Таму невыпадкова ўдзельнікамі каардынацыйнай нарады былі не толькі прадстаўнікі пагранічнай службы, якія штодзённа выконваюць свой абавязак па ахове Дзяржаўнай мяжы, але і кіраўнікі асноўных служб Воранаўшчыны, старшыні сельскіх Саветаў, прадстаўнікі сілавых структур. Забяспечваць нацыянальную бяспеку прасцей пры цесным супрацоўніцтве, своечасовым абмене інфармацыяй з рознымі ведамствамі і арганізацыямі.
Мяркуючы па выступленні камандзіра вайсковай часці Мікалая Кукіна, узаемадзеянне з органамі выканаўчай і заканадаўчай улады, Міністэрства ўнутраных спраў наладжана паспяховае і якаснае. За перыяд 2010 года праведзена больш за дзесяць рабочых сустрэч камандавання Лідскага пагранічнага атрада з прадстаўнікамі органаў улады раёна, больш за трыццаць — са старшынямі сельскіх Саветаў, прадпрыемстваў і арганізацый, у інтарэсах пагранічнага атрада  Воранаўскім райвыканкамам прынята рашэнне. Сумесна з Воранаўскім РАУС, інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па Воранаўскаму раёну, інспекцыяй па ахове жывёльнага і расліннага свету праведзена больш за 50 сумесных аператыўна-пошукавых і прафілактычных мерапрыемстваў, накіраваных  на недапушчэнне парушэння мяжы. З ваенным камісарыятам наладжана работа па адборы кандыдатаў для праходжання службы ў органах пагранічнай службы, у тым ліку і для ўкамплектавання падраздзяленняў мяжы.
На абароне інтарэсаў дзяржавы ў яго пагранічнай прасторы сёння стаяць грамадскія аб’яднанні і самі грамадзяне. Супрацоўнікі Лідскага пагранічнага атрада заахвочваюць мясцовае насельніцтва да аховы мяжы. Напрацаваны станоўчы вопыт дзейнасці дабравольных дружын. У нашым раёне іх дзевяць з агульнай колькасцю 109 чалавек. Члены іх назіраюць за пэўнымі ўчасткамі мясцовасці, патруліруюць іх, адным словам, удзельнічаюць у ахове мяжы ў вольны ад работы час. З іх удзелам на ўчастку атрада затрымана 124 парушальнікі пагранічнага рэжыму.
— Аналізуючы выкананне пратакола каардынацыйнай нарады, якая праходзіла 26 лютага (падчас яе ставіліся пытанні рэалізацыі дзяржаўнай пагранічнай палітыкі на тэрыторыі нашага раёна — прыкм. аўт.), хачу адзначыць, што ў цэлым запланаваныя мерапрыемствы выкананы, — сказаў Мікалай Кукін. — Ад імя кіраўніцтва Дзяржпагранкамітэта, пагранічнікаў нашай рэспублікі перадаю вам шчырыя словы падзякі за тую дапамогу, якую вы аказваеце ў справе забеспячэння дзяржаўнай бяспекі нашай краіны, дастойных умоў службы і побыту пагранічнікаў.
Асабіста падзякаваў кіраўніку раёна, начальнікам аддзелаў Воранаўскага райвыканкама (ідэалагічнай работы — С. Дубок, па справах моладзі — І. Шчэглік), першаму сакратару РК ГА “БРСМ” М. Бобінай, начальніку дарожнага ўпраўлення У. Саку, старшыням сельскіх Саветаў, сельскагаспадарчых калектываў за цеснае і плённае супрацоўніцтва. За актыўнае садзеянне органам пагранічнай службы ў ахове Дзяржаўнай мяжы граматы за подпісам старшыні Дзяржаўнага пагранічнага камітэта РБ генерал-маёра І. Рачкоўскага былі ўручаны старшыні Воранаўскага райвыканкама А. Астроўскаму, в.а. начальніка РУП ЖКГ С. Крывеню, старшыні СВК “Доцішкі” Г. Казлоўскаму, дырэктару КСУП “Эліт-Агра Больцінікі” Ю. Сурканту, старшыні Паляцкішскага сельскага Савета Г. Журомскай. 
Як адзначыў Аляксандр Астроўскі, цеснае супрацоўніцтва будзе ажыццяўляцца і надалей. Таму што мы, гаспадары гэтай зямлі, зацікаўлены ў яе нацыянальнай бяспецы. І кожны жыхар, кіраўнік, служачы павінен аблегчыць работу пагранічнай структуры, якая спыняе  процівапраўную дзейнасць на даручаным участку, а не ўскладняць яе парушэннем пагранічнага заканадаўства. Таму такія праблемныя пытанні, як выпас жывёлы ў межах забароненай зоны, расчыстка ад шкоднай расліннасці меліярацыйных каналаў, па якіх праходзіць мяжа, парушэнне правіл продажу білетаў для ўезду ў пагранічную зону, на наступнай сустрэчы ўзнікаць не павінны (ён звярнуўся асабіста да прадстаўнікоў тых служб, якія прысутнічалі на нарадзе і ў чыёй кампетэнцыі выпраўленне існуючых недахопаў). Кіраўнік раёна пацвердзіў, што нямала зроблена ў  напрамку забеспячэння пагранічнай бяспекі, але многае яшчэ належыць зрабіць. Тым больш, што Законам РБ унесены змяненні і дапаўненні ў Бюджэтны кодэкс нашай краіны, якія даюць права мясцовым распарадчым і выканаўчым органам на фінансіраванне марепрыемстваў, накіраваных на падтрымку і далейшае развіццё інфраструктуры Дзяржаўнай мяжы і прыгранічнай тэрыторыі.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
На здымках: А. Астроўскі і М. Кукін;
М. Кукін уручае Грамату Г. Журомскай.
Фота Яўгена Комара.