Будучыню Беларусi вызначаць i нашы землякi

Актуально 05 ноября 10 1634
Будучыню Беларусi вызначаць i нашы землякi
Роўна праз месяц, 6-7 снежня, у Мінску адбудзецца чацвёрты Усебеларускі народны сход, на якім будуць падведзены вынікі  сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай краіны за 2006-2010 гады і вызначаны асноўныя  накірункі Праграмы  сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады. Удзел у рабоце  народнага сходу прымуць 2 500 чалавек, у тым ліку ад кожнай вобласці — па 350 чалавек. Якраз у гэтыя дні ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзяць сходы ўпаўнаважаных, якія і дэлегіруюць сваіх прадстаўнікоў на  высокі форум.
У нашым раёне сход упаўнаважаных з удзелам старшыні Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў, члена аблвыканкама Іосіфа Гайдукевіча і першага намесніка начальніка ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Паўла Сухарукава  адбыўся 2 лістапада ў Доме культуры гарадскога пасёлка Воранава.  На сход сабралася 266 упаўнаважаных з 277, якія былі  абраны працоўнымі калектывамі прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў і сельскагаспадарчых арганізацый раёна. Згодна з зацверджанай павесткай, напачатку сходу выступіў старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Астроўскі, які расказаў аб асноўных выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Воранаўскага раёна ў 2006-2010 гадах. Былі адзначаны пэўныя станоўчыя поспехі ў сельскай гаспадарцы, прамысловасці, будаўніцтве жылля  як у аграгарадках, так і ў Воранаве і Радуні. Шмат увагі надаецца ў раёне і развіццю сацыяльнай сферы — адукацыі, культуры,  ахове здароўя, у тым ліку і сацыяльнай падтрымцы  насельніцтва, асабліва ветэранаў вайны і працы. І як справядліва адзначыла ў сваім выступленні старшыня раённага савета ветэранаў Нэлі Пушнянкова, дынамічнае развіццё Воранаўшчыны дасягнута і дзякуючы   плённай працы  тых жыхароў раёна, якія сёння ўжо на заслужаным адпачынку. Павага, клопат пра іх праяўляецца на ўсіх узроўнях, многія пенсіянеры і сёння яшчэ працуюць, перадаючы свой багаты жыццёвы вопыт  маладым.
Вось  з ліку творцаў сучаснай гісторыі Воранаўскага краю і прапанаваў  па даручэнню раённага арганізацыйнага камітэта намеснік старшыні райвыканкама Мечыслаў Уляшка абраць удзельнікамі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу самых дастойных нашых землякоў. У падтрымку названых кандыдатур выступілі  Таццяна Сушынская — дырэктар Воранаўскай  цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы і Віктар Міхалоўскі — дырэктар Радунскай дзяржаўнай спецыяльнай школы-інтэрната для дзяцей с цяжкасцямі навучання імя І.А. Котава. У выніку адкрытага пайменнага галасавання ўдзельнікамі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу адзінагалосна абраны:
1. Аляксандр Мікалаевіч АСТРОЎСКІ — старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта; 
2. Зафія Станіславаўна ВІЛЬБІК — начальнік Воранаўскага раённага вузла паштовай сувязі, дэпутат Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў. Працоўны калектыў, які яна ўзначальвае, на працягу 2008-2009 гадоў па эканамічным паказчыкам прызнаваўся пераможцам сярод прадпрыемстваў Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта”;
3. Наталія Алегаўна ГРЫШКО — дырэктар Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў. Граматны кіраўнік і педагог, пад яе кіраўніцтвам школа мастацтваў выйшла на высокі ўзровень эстэтычнага выхавання. Вялікую ўвагу ў рабоце надае ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы школы, развіццю пазабюджэтнай і канцэртнай дзейнасці;
4. Генадзь Францавіч КАЗЛОЎСКІ — старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Доцішкі”, дэпутат Гродзенскага абласнога і Доцішскага сельскага Саветаў дэпутатаў. У 2009 годзе быў занесены на раённую дошку Гонару. Узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”;
5. Святаслаў Уладзіміравіч КОНАН — старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў, старшыня раённага Савета грамадскага аб’яднання “Белая Русь”;
6. Лілія Чаславаўна КРУЧКО — участковы ўрач-тэрапеўт, загадчыца тэрапеўтычным аддзяленнем Воранаўскай паліклінікі ўстановы аховы здароўя “Воранаўская цэнтральная раённая бальніца”. За час  працы зарэкамендавала сябе граматным і чулым  спецыялістам. На ўзначальваемым ёю ўчастку работы палепшыліся паказчыкі тэрапеўтычнай службы паліклінікі, зніжана смяротнасць у параўнанні з аналагічным перыядам 2009 года на 5 працэнтаў. Пярвічны выхад на інваліднасць  захоўваецца на ўзроўні ніжэй абласнога. Дыспансерызацыя абслугоўваемага насельніцтва праведзена на 95 працэнтаў;
7. Міхаіл Уладзіміравіч ОРДА — трактарыст сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва “Місявічы”. У 2009 годзе быў занесены на раённую дошку Гонару, узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”;
8. Вольга Уладзіміраўна СІНЕЛЬНІКАВА — старшыня Пагародзенскага сельскага выканаўчага камітэта. Паказала сябе граматным і ініцыятыўным кіраўніком, паслядоўна вырашае пытанні навядзяння парадку на зямлі, добраўпарадкавання населеных пунктаў, развіцця аб’ектаў сацыяльнай сферы на падведамаснай тэрыторыі;
9. Павел Віктаравіч ТАРЧЫНСКІ — настаўнік гісторыі дзяржаўнай установы “Навіянкаўская базавая агульнаадукацыйная школа”. Праявіў сябе як ініцыятыўны, мэтанакіраваны педагог, з’яўляецца сакратаром школьнай пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання “БРСМ”;
10. Іосіф Зыгмундавіч ЯВАРОЎСКІ — дырэктар камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Эксперыментальная база “Кастрычнік”, дэпутат Жырмунскага сельскага Савета дэпутатаў. Прадпрыемства, якое ён узначальвае, неаднаразова прызнавалася прызёрам раённага спаборніцтва па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. У 2010 годзе занесены на раённую дошку Гонару.
Адразу ж пасля сходу, у перапынку перад канцэртам гурта “Ритмы границы” Лідскага пагранічнага атрада,  удзельнікі будучага рэспубліканскага народнага форуму падзяліліся сваімі пачуццямі:
Н. Грышко: Вельмі прыемна, што буду прадстаўляць культуру Воранаўшчыны на такім высокім узроўні. Пастараюся апраўдаць аказаны мне давер сваёй працай.
З. Вільбік: Ганаруся нашай краінай. У нас кожнаму грамадзяніну прадастаўлена сёння магчымасць удзельнічаць у вырашэнні дзяржаўных і палітычных задач.
Г. Казлоўскі: Вялікі дзякуй усім, хто даверыў мне быць паўнапраўным удзельнікам гэтага высокага сходу беларускага народа, прыкладу ўсе намаганні, свой аптымізм дзеля дасягнення яшчэ большых поспехаў у працы.
П. Тарчынскі: Радуюся і хвалююся адначасова. Трэба ж будзе паведаць аб пабачаным і пачутым у Мінску сваім калегам-настаўнікам, усім землякам. А калі б прыйшлося выступіць на форуме, то найперш бы  расказаў  на ўсю краіну пра  Воранаўскі раён і  нашых працавітых людзей. Здароўя  вам, дарагія землякі!
Вікенцій Яковіч.
На здымку: удзельнікі чацвёртага Усебеларускага народнага сходу.
Фота Яўгена КОМАРА.