У добрым настроі, з музыкай і песнямі работнікі і ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці Курчоўскага сельскага Дома культуры Вера Васько, Вячаслаў Запаснік, Мечыслаў Вільчэўскі, Вольга Васько, Уладзімір Сікорскі і Надзея Зінчанка наведалі 14 кастрычніка ферму “Запрудзяны” сельгасвытворчага кааператыва “Місявічы”. У Дзень маці свой канцэрт яны прысвяцілі жанчынам-працаўніцам, жанчынам-маці. Першай была ўшанавана загадчыца фермы Аліна Макіцкая, якая ўжо 15 гадоў працуе на гэтай пасадзе. Дзякуючы яе намаганням, арганізатарскім здольнасцям ферма знаходзіцца на лідыруючых пазіцыях у гаспадарцы. Да таго ж Аліна Вікенцьеўна — клапатлівая маці, выхавала такіх жа, як сама, працавітых сына і дочку. А вось даярка Галіна Шмара дала жыццё і добрае выхаванне аж чацвярым дзецям. Трое дзяцей у Тарэсы Залескай, якая сярод даярак па выніках 9 месяцаў бягучага года займае першае месца ў кааператыве. У лідарах і даглядчыца фермы Ганна Кежун, маці чатырох дзяцей. Самых цёплых слоў была ўдастоена на гэтым свяце Рэгіна Паўловіч за плённую працу даглядчыцы і за мацярынскую нястомную працу па выхаванні траіх дзяцей. А ветэрынарны ўрач фермы Марына Рулько не толькі выдатна спраўляецца са сваімі прафесіянальнымі абавязкамі, але і паспяхова вучыцца ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, а яшчэ, вядома ж, не абдзяляе ласкай сваіх дваіх дзяцей.
У знак падзякі за добрыя словы і прыгожыя песні Тарэса Залеская падарыла калектыву клуба прыгожы сувенір — зробленую сваімі рукамі бярозку з бісеру.
Вікенцій ПАДГАЙСКІ.
На здымку: працаўніцы фермы “Запрудзяны” і артысты-аматары з Курчоўцаў.
Фота з архіва Курчоўскага СДК.