Чацвёртая жонка не падвяла

Страницы истории 20 августа 10 2256
Чацвёртая жонка не падвяла
Як гэта не дзіўна, але тры шлюбы вялікага князя літоўскага, а пазней польскага караля Ягайлы не прынеслі яму спадчынніка. У бедалагі падрасталі толькі дзве дачкі.
У 1422 годзе сямідзесяцічатырохгадовы манарх надумаў ажаніцца ў чацвёрты раз. У “Хроніцы Быхаўца” даволі падрабязна апісана, як Ягайла прыйшоў да гэтага рашэння.
Са сваёй абранкай, маладзенькай князёўнай Гальшанскай, кароль сустрэўся даволі выпадкова — падчас гасцявання ў Друцку ў палацы яе брата князя Сямёна. Яна не вызначалася той яркай прыгажосцю, якой славілася, напрыклад, каралева Ядвіга. Соф’я Гальшанская прывабіла старога караля хутчэй пяшчотнай свежасцю сваёй маладосці. Падобная больш да духмянай палявой кветкі, чым да пышнай ружы, магчыма, князёўна i не была створана для кароны. Але манарх убачыў, захапіўся i прыняў рашэнне. Сватам Ягайла папрасіў быць свайго стрыечнага брата вялікага князя літоўскага Вітаўта, з якім адносіны ў яго былі дзіўныя i незразумелыя. То яны сябравалі i кляліся ў вечнай дружбе, то пачыналі ўспамінаць усе ўзаемныя крыўды i ледзь не аб’яўлялі адзін аднаму вайну.
Biтaўт, які меў ужо вопыт у справах сватаўства (ён выступаў у адпаведнай ролі, калі палякі прапаноўвалі Ягайлу руку сваёй маладзенькай каралевы Ядвігі), звярнуўся да Сямёна Гальшанскага. Але той нечакана ашарашыў яго словамі аб тым, што не можа аддаць Соф’ю замуж. Растлумачыў i прычыну: у сямействе Гальшанскіх былі дзве сястры — Соф’я i Васіліса. Соф’я — маладзейшая. Выдаць яе замуж раней за Васілісу азначала б зганьбіць i асарамаціць старэйшую. Сямён прапанаваў Biтaўтy, каб той сватаў менавіта Васілісу. Тым больш, што яна была намнога прыгажэйшай. Вітаўт пагадзіўся з гэтай прапановай i пачаў угаворваць Ягайлу ўзяць замуж старэйшую. Але кароль не пажадаў змяніць сваё рашэнне. Ён yбiў сабе ў галаву, што са старэйшай сястрой сапраўднай сям’і ў яго не атрымаецца — хаця яна i больш прыгожая, але ў яе быў “вус” (пушок над вуснамі). Па гэтай прыкмеце ён вызначыў, што Васіліса — дзяўчына моцная i тэмпераментная.
Перагаворы зайшлі ў тyпiк. I тады было знойдзена кампраміснае рашэнне. Васілісе хуценька знайшлі жаніха. Ім стаў князь Іван Бельскі. Больш перашкод не было. Шаснаццацігадовая Соф’я была выдадзена замуж i стала польскай каралевай.
У хуткім часе Вітаўт пашкадаваў аб тым, што так настойліва дамагаўся ў Гальшанскіх гэтага шлюбу. Ён жа быў проста ўпэўнены, што ў такім старэчым узросце Ягайла не зможа стаць бацькам, i разлічваў пасля яго смерці заняць польскі прастол. А новая жонка старога караля хутка нарадзіла яму спачатку аднаго, а потым i другога сына. Надзеі Вітаўта на прастол з трэскам праваліліся. I тады ён распрацаваў вельмі хітры план, які пры поспеху забяспечыў бы яму ажыццяўленне шматгадовай мары. Вялікі князь вырашыў абвергнуць правы сыноў Соф’і на польскую карону. Пры распрацоўцы каварнага плана Вітаўт улічыў усё. У першую чаргу — раўнівы характар Ягайлы, а яшчэ — непапулярнасць каралевы-беларускі сярод палякаў, якія пастаянна параўновалі яе са сваёй няшчаснай каралевай Ядвігай, прыгажуняй, разлучанай з каханым дзеля дынастычнага шлюбу з Ягайлам, якая памерла маладой, не перажыўшы свайго гора.
У 1427 годзе на Гарадзельскім сойме вялікі князь літоўскі раптоўна папрасіў слова i з загадкавым тварам спытаўся ў караля, як таму ўдаецца, нягледзячы на свае гады, трымаць сябе ў такой цудоўнай форме? Спадчыннікі з’яўляюцца адзін за адным! Цi не знайшоў у гэтай справе Ягайла сабе памочнікаў? Ядвіга таксама была маладой, здаровай жанчынай, але дзяцей яна Ягайлу не падарыла. Не было спадчынніка i ад дзвюх іншых яго жонак, Ганны i Эльжбеты. А Ягайла ж тады быў значна маладзейшым i мацнейшым.
Сойм загудзеў, бы растрывожаны вулей. Ганебныя для гонару Соф’і меркаванні папаўзлі па радах. Ніхто з удзельнікаў не ўступіўся за жанчыну — настолькі праўдападобнай аказалася хлусня.
Стары кароль павёў сябе, бы сапраўдны Атэла. Раз’юшаны, кінуўся да нi ў чым не  вінаватай жонкі з патрабаваннем назваць імя палюбоўніка. Але што магла сказаць Соф’я, па ўзросту амаль дзяўчынка, сумленная, але нявопытная? Яна толькі плакала, упрошваючы раўніўца паверыць яе словам.
Пасля каралевы Ягайла абрушыў свой гнеў на прыдворных. Ён загадаў арыштаваць ycix больш-менш сімпатычных рыцараў, якія патэнцыяльна маглі б з’яўляцца палюбоўнікамі Соф’і. Астатнія ў часы прыёмаў вымушаны былі хаваць вочы пад прыдзірлівым поглядам свайго манарха. Нават прыдворныя больш сталага ўзросту не маглі адчуваць сябе ў бяспецы, бо ў вачах васьмідзесяцігадовага старога яны выглядалі ледзь не юнакамі.
Не дабіўшыся “праўды” ад жонкі, стары раўнівец вырашыў выведаць яе ў Соф’іных фрэйлін. Некалькі жанчын арыштавалі. Іх адвезлі ў Літву. Там катавалі. Аднак нават на дыбе i пад пагрозай распаленага жалеза ні адна з ix ні ў чым не абвінаваціла каралеву. Следства працягвалася больш чым год. У рэшце рэшт на чарговым Гарадзельскім сойме Соф’я на Бібліі паклялася ў тым, што не здраджвала мужу. Пасля ўcix гэтых перыпітый хутка парадавала мужа трэцім сынам. Дарэчы, гэта быў славуты ў далейшым вялікі князь літоўскі i польскі кароль Казімір.
У 1434 годзе Ягайла памёр. Каралём быў абраны дзесяцігадовы сын Соф’і Уладзіслаў. Апякункай малалетняга караля па ўcix правілах павінна была б стаць яго маці. Але палякі ледзь цярпелі яе. Яны не маглі i не жадалі дараваць каралеве ні яе “літоўскае” (беларускае) паходжанне, ні тое, што сыноў свaix яна выхоўвала ў духу любові да Літвы. Нават называлі яны паміж сабою каралеву не Соф’яй i нават не Зоф’ей (на каталіцкі манер), а Сонькай. Таму апекунамі, а фактычна i правіцелямі стала купка польскіх магнатаў. Найбуйнейшымі з ix былі прадстаўнікі радоў Алясніцкіх i Тэньчыньскіх.
Каралева-ўдава засталася непатрэбнай. Яна назірала, як мужнеюць яе сыны, як становяцца сапраўднымі правіцелямі. Памалу старэла i ў 1461 годзе ціха памерла.
А яе нашчадкі працягвалі жыць. Прадстаўнікі дынастыі Ягелонаў, якую пачала Соф’я Гальшанская, былі вялікімі князямі літоўскімі, каралямі Польшчы, Чэхіі i Венгрыі.
Падрыхтаваў Уладзімір ЯГОРЫЧАЎ.