Абеліск

Абеліск
Амаль кожны дзень я наведваюся сюды, бо побач пралягае мой тэрэнкур, калі можна так сказаць: каля самай чыгункі, а дакладней чыгуначнага прыпынку з шыльдай “Воранава”, знаходзіцца магілка салдата мінулай вайны, які загінуў пры вызваленні раёна ад фашысцкай навалы. Імя яго невядома. І толькі чырвоная зорачка на абеліску сведчыць аб тым, што тут знайшоў вечны спачын безыменны герой. І хай імя яго невядома, але подзвіг несмяротны.
Чыгуначны прыпынак сёння мяняе сваё аблічча. Ужо з’явіўся перон — пасажырская платформа з бетонных плітаў. Падлягае рэканструкцыі і сам будынак — тут ужо завіхаюцца будаўнікі. Па ўсім відаць: павільён будзе мець прывабны выгляд. Адначасова добраўпарадкоўваецца прылеглая тэрыторыя — з’явіліся тратуары, якія надалі забудове гарадскі выгляд. Кінулася ў вочы і такая акалічнасць  — і гэта прыемна адзначыць — будаўнікі праклалі дарожку да самага абеліска. І тут усплылі ў памяці словы паэта: «К нему не зарастет народная тропа». Падумалася, што, можа, і саму магілку варта было б аздобіць пліткаю — гэта быў бы яшчэ адзін дабрачынны жэст ад удзячных патомкаў-чыгуначнікаў. Гэта я сказаў між іншым, дзеля таго, каб падахвоціць добры намер на добры ўчынак нашых людзей.
Я ўжо збіраўся адыходзіць. Яшчэ раз акінуў позіркам абеліск, схіліў галаву. І ў гэты момант раздаўся гудок і грукат колаў цягніка, агалошваючы наваколле. Я знерухомеў ад нечаканасці, і мне здалося, што машыніст не інакш чарговы раз салютаваў Невядомаму салдату. І ад свядомасці таго, што ніхто не забыты і нішто не забыта, мне стала радасна на душы. І я крочыў па Юбілейнай, не адчуваючы пад сабою ног, міма парку, міма касцёла, міма пасляваенных забудоў да самага скрыжавання, да самага помніка Салдату Вялікай Айчыннай, вызваліцелю раёна, дзе не затухае сімвалічны Вечны агонь удзячнай памяці патомкаў, дзе гараць святочным полымем кветкі на братняй магіле. На мармуровых плітах — імёны тых, хто паклаў сваё жыццё на алтар Перамогі.
Чытаю імёны. Перад вачыма літары, а ў памяці паўстаюць сілуэты, постаці мужчын у шэрых салдацкіх шынелях. Уявіце на імгненне іх у баі, а ў атаку вядзе маёр А.І. Канарчык — Герой Савецкага Саюза. Гэта мне не цяжка было зрабіць падчас урачыстасцей з нагоды 65-годдзя Перамогі, калі салютавалі салдаты-пагранічнікі (стрэлы здольны выклікаць у нас розныя пачуцці і асацыяцыі).
Вось і ўсё, што хацеў сказаць, што здолеў сказаць. Лічу, што ў дзень вызвалення Воранава і раёна мы павінны будзіць нашу памяць і аддаваць даніну павагі тым, каму абавязаны мірным жыццём на вольнай зямлі беларускай.
Міхась ТРУШКО.