Каб дзеці і ўнукі не забыліся, што яны - беларусы. Міністр інфармацыі сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі

Общество 10 ноября 26 85
Каб дзеці і ўнукі не забыліся, што яны - беларусы. Міністр інфармацыі сустрэўся з беларускімі пісьменнікамі
Тэмы папулярызацыі беларускай мовы і літаратуры абмяркоўваліся 10 лістапада на сустрэчы міністра інфармацыі Дзмітрыя Жука з актывам Саюза пісьменнікаў Беларусі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пашыранае пасяджэнне прэзідыума Саюза пісьменнікаў ператварылася ў шчырую і цікавую гутарку аб будучыні беларускай літаратуры, аб выкарыстанні сучасных механізмаў і пляцовак для папулярызацыі мовы і літаратуры. 

"Перад намі стаіць задача - папулярызацыя, захаванне беларускай мовы, каб нашы з вамі дзеці і ўнукі не забыліся, што яны беларусы. Трэба зрабіць больш прывабнай нашу літаратуру перш за ўсё для школьнікаў і студэнтаў", - адзначыў міністр інфармацыі. 

"У нас дзве дзяржаўныя мовы - руская і беларуская, - звярнуў увагу Дзмітрый Жук. - У карыстанні моладзі пераважна руская мова. Вялікую ролю ў гэтым адыгрываюць гаджэты, дзе беларускае слова амаль не гучыць". 

На вельмі змястоўнай і цікавай сустрэчы ішла размова пра захаванне духоўных каштоўнасцей, беларускіх традыцый, пра тое, як іх перадаць маладым пакаленням.

Дзмітрый Жук падкрэсліў: "Сёння трэба працаваць над тым, каб мова, беларускасць сталі моднымі, элітарнымі. Мы павінны прывучыць грамадскасць да таго, што беларуская мова і валоданне ёю - гэта элітарная і модная з'ява".

Міністр разам з папулярызацыяй літаратуры закрануў і пытанне яе якасці. "Калі чытаеш верш, і ён не выклікае ніякіх эмоцый, гэта, напэўна, не зусім паэзія. Паэзія - гэта і пачуцці, і эмоцыі, і эстэтычная асалода. Няма дрэннай ці добрай кнігі - ёсць цікавая або не. А галоўнае - яна павінна кранаць", - выказаў думку Дзмітрый Жук.

Падчас сустрэчы закраналася тэма прадстаўленасці сучасных аўтараў у падручніках, а таксама адлюстравання творчасці беларускіх аўтараў у навуковых працах. Прысутныя падзяліліся сваімі думкамі і прапановамі аб перспектывах дзейнасці Саюза пісьменнікаў.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч расказаў аб напрамках дзейнасці грамадскага аб'яднання.

"На дзяржаўным узроўні будзе працягнута падтрымка літаратуры і дастойных мастацкіх твораў", - падкрэсліў міністр інфармацыі Беларусі.

https://belta.by/