Польская ўлада імкнулася ператварыць беларускую зямлю ў «крэсы ўсходнія», але не атрымалася
Проект «Время выбрало нас».

17 верасня беларусы шосты раз адзначаць Дзень народнага адзінства. Хоць падзеі, якія сталі гістарычнай падаплёкай свята, адбыліся значна раней – у 1939 годзе, калі БССР і Заходняя Беларусь уз’ядналіся. Давайце ўспомнім, што адбывалася на нашых землях да гэтай даты, і чаму яе важнасць у календары гісторыкі ставяць разам з Днём Перамогі і Днём Незалежнасці.
Без мяне мяне жанілі
Згодна з Рыжскім мірным дагаворам, падпісаным 18 сакавіка 1921 года без удзелу беларускай дэлегацыі, амаль палова тэрыторыі Беларусі, на якой больш за 70% карэннага насельніцтва складалі беларусы, адышла да Польшчы.
Звярніце ўвагу: у той сітуацыі не проста не ўлічылі меркаванні беларусаў, іх ніхто нават не спытаў. Непрыемна? Так. Але самае страшнае чакала наперадзе: заходнія беларусы апынуліся на мяжы знікнення менавіта як нацыя.
Польшча для палякаў
Пад такім лозунгам польскія ўлады праводзілі сваю палітыку на тэрыторыі “крэсаў усходніх”. Заўважце: ужо на гэтым этапе няма месца беларускай назве. Так, нейкая ўсходняя ўскраіна...
А далей было тое, што мы і сёння практычна паўсюдна назіраем у заходняй палітыцы: падвойныя стандарты. З аднаго боку, польская Канстытуцыя гарантавала павагу і захаванне этнічнай аўтэнтычнасці (але гэта так і засталося ў выглядзе літар на паперы). З іншага боку, ішлі катэгарычныя заявы польскіх палітыкаў.
Чытаем: “Беларусі самой гісторыяй прызначана быць мостам для польскай экспансіі на ўсход. Беларуская этнаграфічная маса павінна быць пераробленая ў польскі народ. Гэта прысуд гісторыі, мы павінны гэтаму спрыяць”.
Во як! Не беларусы, не людзі, а “этнаграфічная маса”. І словы гэтыя належаць не якому-небудзь дробнаму падпанку (чаго толькі сп'яну не ляпнеш), а міністру юстыцыі Польшчы Аляксандру Мейштовічу, якія ён вымавіў у 1926 годзе, хіба ўявіўшы сябе Богам.
Цяпер паглядзім, што ў 1936 годзе заявіў у Сейме міністр адукацыі Польскай Рэспублікі Леапольд Скульскі: “Запэўніваю вас, спадары, што праз якіх-небудзь дзесяць гадоў вы са свечкай не знойдзеце (у Заходняй Беларусі) ніводнага беларуса”.
А вось што ўспамінае Зінаіда Шут, ураджэнка вёскі Супроўшчына Лідскага раёна: “Усё выкладанне ў школе было толькі на польскай мове. Ксёндз таксама прыходзіў вучыць рэлігіі і вельмі імкнуўся далучыць да навучання нас, праваслаўных. Але мы збягалі ад яго.
Царкву ў Ганчарах, у якую мы хадзілі, не паспелі забраць, а Беліцкую забралі пад касцёл”.
Што ж, яе ўспаміны цалкам супадаюць з афіцыйнай статыстыкай: калі ў пачатку 1920-х гадоў у Заходняй Беларусі функцыянавалі 2 беларускія настаўніцкія семінарыі (у Барунах і Свіслачы), 8 беларускіх гімназій і каля 400 пачатковых беларускіх школ, то ў 1938–1939 навучальным годзе не засталося ніводнай такой школы.
Пацвярджаюць успаміны Зінаіды Сцяпанаўны і наступныя факты: для беларусаў быў практычна закрыты доступ да вышэйшай адукацыі і навукі. Вось што яна распавяла: “Пазней, калі пасталела і выйшла замуж, даведалася, што Марыі, роднай сястры майго мужа, каб атрымаць прафесію, прыйшлося прыняць каталіцтва. Інакш вучыцца нікуды не бралі. І добра бы размова ішла пра вышэйшую адукацыю. Але яна атрымлівала нейкую рабочую прафесію… Здаецца, швачкі…”
Такім чынам, у свядомасці вернікаў усяляк замацоўваўся тэзіс “каталік – значыць, паляк”.
Тое, што адбывалася тады на тэрыторыі Заходняй Белаурсі, гісторыкі кваліфікуюць як этнацыд беларускага народа. У адрозненне ад генацыду (фізічнае знішчэнне людзей) этнацыд – гэта палітыка, накіраваная на знішчэнне этнічных рыс і поўную асіміляцыю, калі адзін народ “раствараецца” ў іншым, губляючы сваю мову, культуру, звычаі.
Не лепшыя абставіны складваліся і для эканомікі гэтай часткі Беларусі. Самі польскія эканамісты прызнавалі, што ёсць цэнтральная Польшча “А” і ўсходняя Польшча “Б”. У першую ўкладваліся вялікія капіталаўкладанні, ствараліся сучасныя вытворчасці. А з другой – толькі выпампоўваліся рэсурсы, ператвараючы гэтую тэрыторыю ў адсталы аграрна-сыравінны рэгіён польскай дзяржавы. У найбольш цяжкім становішчы апынулася заходнебеларуская вёска, дзе пражывала больш за 80% усяго насельніцтва краю. Сяляне пакутавалі ад беззямелля і падатковага цяжару.
Зноў звернемся да ўспамінаў Зінаіды Шут: “Наша сям’я бедна жыла. Чацвёра дзяцей, бацькі і бабуля па матчынай лініі. Зямлі ў нас было няшмат, ледзь забяспечвалі сябе. Але трэба было яшчэ плаціць падаткі і страхоўку на зямлю. А адкуль грошы браць? Толькі, калі нешта прадасі. Гэта значыла, што сабе застанецца яшчэ менш...”
Каб людзьмі звацца
Тым не менш спакойнымі і памяркоўнымі беларусы застаюцца, пакуль усё добра. Такую знявагу цярпець яны не збіраліся. Аднак і палякі паказалі свае нечалавечыя якасці спаўна. Вось што кажуць гістарычныя факты.
Да 1922 года на тэрыторыі Заходняй Беларусі з польскімі акупантамі змагаліся больш за 10 тысяч партызан, у шэраг беларускага нацыянальна-вызваленчага руху ўваходзілі сотні тысяч чалавек.
У канцы 1923 года ў турмах Заходняй Беларусі налічвалася 1300 палітычных зняволеных, а ў жніўні 1927 года – ужо 3 тысячы. Толькі за 1923 год у Польшчы былі прысуджаныя да смяротнага пакарання 109 чалавек, большасць з іх – беларускія патрыёты.
Асобнай жудаснай старонкай у знішчэнні беларусаў, як этнаса, з’яўляецца канцлагер Бяроза-Картузская, створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў 1934 годзе. Туды без суда і следства заключалі ўсіх, хто выказваў нязгоду з польскай уладай. Праз катаванні, прыніжэнні і катаржную працу прайшлі да 10 тысяч чалавек (пераважна з Заходняй Беларусі). Гэта адзін з першых канцэнтрацыйных лагераў у свеце, які стаў прататыпам і школай кадраў для канцлагераў нацысцкай Германіі, такіх як Трэблінка і Бухенвальд.
І гэта далёка не адзінае трагічнае месца на нашай зямлі. Па ўмовах утрымання не лепш гітлераўскага Асвенцыма быў Баранавіцкі фільтрацыйны лагер, за калючым дротам якога людзі месяцамі пакутавалі ў перапоўненых халодных бараках, паміралі ад тыфу. Дзённы рацыён складаў кружку кіпеню і міску баланды. Гісторыкі высветлілі, што там паміралі да паўсотні чалавек у дзень.
Але нават такі рэпрэсіўны рэжым аказаўся нямоглым зламаць код беларускай нацыі, прымусіць яе адмовіцца ад сваіх каранёў. У 1937–1938 гадах польскія навукоўцы правялі закрытыя этнасацыялагічныя даследаванні, якія вывучалі ўзровень нацыянальнай свядомасці ў заходнебеларускіх рэгіёнах. Анкетаванне на тэрыторыі Віленска-Троцкага і Ашмянскага паветаў паказала добры ўзровень нацыянальнай свядомасці палякаў толькі ў 7 вёсках з 52 апытаных. У большасці ж сваёй праваслаўныя беларусы цягнуліся да роднай беларускай культуры.
Дачакаліся!
Таму і сустракалі Чырвоную армію хлебам і соллю як сапраўдных вызваліцеляў. Звернемся да кнігі “Крышталікі перамогі” супрацоўніка Лідскага гісторыка-мастацкага музея Анастасіі Каладзяжнай. Там апублікаваны ўспаміны Вольгі Германовіч, жыхаркі вёскі Ганчары Лідскага раёна, якія прывядзем блізка да тэксту.
“З вялікай радасцю ў верасні 1939 года бацькі Вольгі Кандрацьеўны, як і многія аднавяскоўцы, сустракалі воінаў Чырвонай арміі. Польская адміністрацыя ўспешцы пакідала нашу зямлю, а маладыя людзі на ўездзе ў вёску Ганчары пабудавалі святочную брамку і з хваляваннем чакалі вызваліцеляў, якія павінны былі прыйсці з боку Навагрудка…
Першымі ў вёску ўвайшлі танкі. Камандзір першага танка з крыкам: “Ура!” вітаў сустракаўшых радасных жыхароў, якія яго літаральна закідалі кветкамі…
Хутка з’явіліся чырвонаармейцы і засталіся на начоўку ў вёсцы. Усе былі размеркаваны па хатах, у тым ліку ў хаце бацькоў Вольгі Кандрацьеўны. Іх частавалі тым, што было ў гаспадарцы: бульбай і салам.
Пасля смачнай вячэры воіны звярнулі ўвагу на дзяцей, якія сядзелі на печы. І былі вельмі здзіўлены, што тыя з імі загаварылі не па-польску, а на беларускай мове…
Напэўна, гэта і ёсць самы яркі прыклад захавання нацыянальнай самасвядомасці.
А нас выбраў час, каб мы не забываліся, хто мы. Каб выхоўвалі дзяцей у любві і павазе да сваёй краіны. Не ішлі на кампрамісы з сумленнем, а з гонарам зваліся беларусамі.
Сустрэча з насельніцтвам в. Крышава Беластоцскага павета Заходняй Беларусі байцоў Чырвонай арміі. 1939 год.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
Фото:дзяржаўнага архіва грамадскіх аб'яднанняў Гродзенскай вобласці і згенеравана ІІ