Гродзеншчына на Дні пісьменства ў Касцюковічах: чым здзівяць гасцей, расказала Алена Клімовіч

Гродзеншчына на Дні пісьменства ў Касцюковічах: чым здзівяць гасцей, расказала Алена Клімовіч
Ужо ў бліжэйшыя выхадныя ўтульныя Касцюковічы на Магілёўшчыне стануць сталіцай XXXIII Дня беларускага пісьменства – свята, якое аб’ядноўвае мінулае і сучаснасць нашай духоўнай культуры. Гродзенская вобласць, якая беражліва захоўвае традыцыі і не так даўно перадавала эстафету свята са славутай Ліды, рыхтуе для гасцей форуму маштабную і адметную праграму. Пра тое, якія ўнікальныя экспанаты, аўтэнтычныя рамёствы і літаратурныя набыткі прадставіць наш рэгіён, паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч.

– Ужо ў гэтыя выхадныя ў Касцюковічах адбудзецца Дзень беларускага пісьменства, і Гродзеншчына, безумоўна, рыхтуецца прыняць у свяце самы актыўны ўдзел, – адзначыла Алена Клімовіч. – Для жыхароў і гасцей фестывалю работнікі культуры нашага рэгіёна падрыхтавалі асаблівыя падарункі. Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей і яго філіял – музей Максіма Багдановіча – прадставяць унікальныя музейныя рэліквіі, звязаныя са словам і паэзіяй. На адметнай тэматычнай пляцоўцы «Кабінет пісьменніка» кожны зможа пабачыць прыжыццёвы зборнік вершаў Максіма Багдановіча «Вянок». Акрамя таго, госці нашага павільёна пазнаёмяцца з рэдкім экспанатам, – першым фотаздымкам паэта разам з яго маці Марыяй Апанасаўнай. Пісьменнасць і роднае слова – гэта непарыўны падмурак беларускай культуры. На нашай пляцоўцы будзе шырока прадстаўлена нематэрыяльная спадчына Прынёмання. У прыватнасці, госці свята змогуць убачыць традыцыйнае ткацтва Лідскага раёна, якое ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей і адзначана спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Майстры чатырох раёнаў вобласці прадэманструюць практыкі беларускага саломапляцення, уключаныя ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Сваё віртуознае майстэрства пакажуць Алена Малышава з Астравеччыны, Алена Шчэліна з Лідчыны, а таксама таленавітыя ўмельцы са Свіслацкага раёна Ірына Фунт, з Іўеўскага раёна Ірына Смірнова і іншыя.

Асаблівым гонарам Гродзеншчыны з’яўляецца мастацтва выцінанкі, якое таксама мае сусветнае прызнанне ЮНЕСКА. Наведвальнікі змогуць не толькі палюбавацца філіграннымі ўзорамі, але і самі прыняць удзел у майстар-класах, дзе майстры раскажуць пра сакрэты ажурнага выразання з паперы і навучаць гэтаму рамяству.

Шырока вядома далёка за межамі нашай краіны і знакамітая Поразаўская чорна-глянцавая кераміка. Свіслацкія ганчары павязуць у Касцюковічы сапраўдны ганчарны круг і арганізуюць майстар-класы па вырабе аўтэнтычнай чорнадымленай пасуды.

Безумоўна, якое ж свята слова без саміх пісьменнікаў? Удзельнікамі святочных мерапрыемстваў стануць члены Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. На пляцоўцы будуць прэзентаваны творы такіх вядомых аўтараў, як Людміла Кебіч, Віктар Кудлачоў, Браніслаў Ермашкевіч. Таксама свае кнігі і новыя вершы прадставяць лаўрэаты абласнога літаратурнага конкурсу імя Максіма Багдановіча – Тамара Мазур, Юлія Мельнік, Андрэй Дарожкін і іншыя маладыя літаратары.

На Дні беларускага пісьменства ў Касцюковічах Гродзеншчына будзе прадстаўлена багатай народнай скарбніцай і шчырай духоўнасцю, якімі мы па-сапраўднаму ганарымся. Сардэчна запрашаем усіх на гасцінную пляцоўку Гродзенскай вобласці!
Маргарита Севко

Фото:аўтара

https://grodnonews.by/