Маці-заступніца, беражы нашу Бацькаўшчыну! У Тракелях праходзіць каталіцкі фэст
Сёння другі дзень урачыстасцей у Тракелях. Фэст з’яўляецца сапраўднай праявай веры, якая натхняе нас на раскрыццё лепшых душэўных якасцей, на стваральную працу дзеля будучыні кожнай сям’і і Айчыны. Біскуп Уладзімір Гуляй прывітаў усіх вернікаў, духоўных асобаў, прадстаўнікоў мясцовай улады. Удзел у святочнай імшы прыняў Апостальскі нунцый у Беларусі Іньяцыё Чэффаліа.
Галоўную імшу 11 ліпеня ўзначаліў іерарх Тадэвуш Кандрусевіч, які звярнуўся да прысутных на на пяці мовах. У кожным слове — падзяка за веру і ахвярнасць.
— Да Маці Божай Тракельскай мы прыйшлі з немалым багажом клопатаў, праблемаў і патрэбаў. Мы верым, што Марыя дапаможа, але не забудзем таксама дзякаваць Ёй за дар веры, прыналежнасць да Касцёла, за ўсе выслуханыя малітвы.
Як расказаў іерарх Аляксандр Кашкевіч, які, дарэчы, у гэтым годзе адзначае 50-годдзе святарства і 35 гадоў біскупства, у 1991 годзе Папа Ян Павел II паклікаў да існавання структуры каталіцкага касцёла ў Беларусі. З гэтага часу пачаўся новы раздзел у гісторыі веры ў нашай краіне. Пачалі адраджацца святыні, аднавілася дзейнасць манаскіх ордэнаў і супольнасцей. Калісьці вера вытрывала ў чалавечых сэрцах, была перададзена старэйшым пакаленнем маладым людзям — гэта вялікі дар для нас і адказнасць.
Апостальскі нунцый у Беларусі Іньяцыё Чэффаліа:
— У гэтым святым месцы вера нашых айцоў знаходзіла падтрымку ў самыя цяжкія хвіліны. Многа пакаленняў малілася тут у цішыні, давяраючы Марыі сям’ю, працу, супакой у краіне. І сёння мы далучаемся да гэтага доўгага пілігрымавання вернікаў. Пілігрымка — гэта не проста знешні жэст, гэта акт даверу. Вера — гэта не мімалетнае пачуццё, а штодзённы выбар, пошук дабра нават тады, калі гэта вельмі цяжка.
Марыя заклікае нас нанова адкрыць тое, што з’яўляецца істотным: сэрца, якое верыць, надзею, якая не гасне, любоў, якая не стамляецца. Папросім у Яе захаваць супакой у Касцёле і ва ўсёй краіне.
З віншавальнай прамовай да прысутных звярнуўся Аляксандр Часнойць, старшыня Воранаўскага райвыканкама:
— Паважаныя святары, прыхаджане касцёла Наведвання Маці Божай Тракельскай і пілігрымы!
Прыміце самыя шчырыя віншаванні з гэтай вялікай урачыстасцю – святам у гонар цудатворнага абраза Маці Божай Тракельскай. Гэтая святыня з’яўляецца гісторыка-культурнай спадчынай Воранаўскага раёна, сапраўдным «духоўным сэрцам», сімвалам непахіснасці веры і адданасці людзей традыцыям хрысціянства. Стагоддзямі тракельская святыня аб'ядноўвае людзей, натхняе на міласэрнасць і добрыя справы, служыць захаванню традыцый і духоўных каранёў.
Гэты дзень асаблівы для ўсіх нас, бо праз святы абраз Маці Божая праяўляе сваю ласку і апеку над вернікамі, абуджае ў сэрцах людзей любоў і міласэрнасць, згоду і патрыятызм.
Няхай Маці Божая напаўняе сэрцы ўсіх вернікаў мірам, дабрынёй і надзеяй на лепшае!
Галіна ШЛЕМПА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Відэа глядзіце у нашых сацсетках.