ТУТ АДКРЫВАЮЦЬ дзверы і СЭРЦЫ. У Тракелях распачалася ўрачыстасць у санктуарыі Каралевы нашых сем’яў
Дыяцэзіяльны санктуарый Каралевы нашых сем’яў у Тракелях прымае шматлікіх пілігрымаў, якія адолелі пешшу дзясяткі кіламетраў, прыйшлі з розных куткоў Гродзеншчыны і іншых абласцей краіны. Многія вернікі прыбылі сваім транспартам, каб разам перажыць незабыўныя хвіліны малітвы ля святога абраза Маці Божай Тракельскай.
Найбольш кранальным момантам быў уваход паломнікаў у санктуарый. Вернікі з малітвай і радасным спевам хвалы ўваходзілі ў святыню, каб выказаць свае інтэнцыі і ахвяраваць працу пілігрымавання.
У гэтыя, здаецца, найважнейшыя хвіліны ахвяры ў вачах многіх можна ўбачыць слёзы радасці, вялікага ўзрушання. Пасля цяжкай дарогі і доўгага чакання сустрэчы Маці Божая з вышыні алтара глядзіць на кожнага пілігрыма, пранікаючы сваім позіркам у душу…
Вечаровую імшу для пілігрымаў узначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. У ёй прынялі ўдзел арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, першы гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч і іншыя іерархі.

Шчыра прывітаў вернікаў біскуп Гродзенская дыяцэзіі Уладзімір Гуляй:
— Маці Божая ніколі не пакідае сваіх дзяцей. Яна аб’ядноўвае, незалежна ад межаў, адлегласцей і жыццёвых абставінаў. Сёння Тракелі зноў напоўніліся светам малітвы, радасцю людей, якія прыйшлі сюды як адна вялікая сям’я Божага народа. У тракельскай святыні адкрываюць дзверы і сэрцы.
“Маці міласэрнасці — наша апякунка” — у гэтых простых словах заключаецца ўся праўда аб прысутнасці Марыі ў жыцці Касцёла і кожнага з нас. Яна вядзе нас да свайго сына, падтрымлівае ў выпрабаваннях, умацоўвае ў хвіліны слабасці, вучыць бязмежнаму даверу Ісусу.
Сёлетняя пілігрымка мае юбілейны характар — спаўняецца 35 гадоў адраджэння касцёльных структур у Беларусі, а таксама 35 гадоў існавання Гродзенская дыяцэзіі. Гэты час напоўнены Божай ласкай, самаадданай працай святароў і вернікаў. Гэта падзяка ўсім, хто сваёй верай і ахвярнасцю пакінуў добры след у гісторыі Касцёла на Беларусі.
Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, звяртаючыся да пілігрымаў, сказаў:
— Маці Божая ідзе са сваім сынам крок у крок, з мацярынскай чуласцю апякуецца над усімі, хто побач з Ім. Роля Маці Божай ў нашым збаўленні — неацэнная.
Арцыбіскуп паразважаў над крызісам паклікання. Ён кранае крызіс у заснаванні сям’і — нашай будучыні, калыскі новага жыцця. Галоўнай прычынай яго з’яўляецца ўплыў сучаснага свету, які заклікае моладзь жыць выключна для сябе, у свабодзе.
— Моладзь — будучыня Касцёла і дзяржавы. Касцёл і дзяржава — сям’я сем’яў, таму будуйце сваю сям’ю на моцным падмурку веры, надзеі і любові. У праслаўленні Бога імкніцеся да таго, каб ваша штодзённае жыццё, якасць вашай працы, сумленнасць у вучобе і адносінах з блізкімі сталі найлепшай падзякай. Вучыцеся аддаваць у рукі Маці Божай страхі, крызісы, прызначальнасць. Напоўніце свет Божай міласэрнасцю праз словы і ўчынкі. Напоўніце свет супакоем і дабрынёй, — заклікаў Ю. Станеўскі.
Галіна ШЛЕМПА.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Відэа глядзіце ў нашых сацыяльных сетках.