Віншаванне біскупа гродзенскага Уладзіміра Гуляя на Божае Нараджэнне і новы 2026 год

Культура и духовность 25 декабря 25 359
Віншаванне біскупа гродзенскага Уладзіміра Гуляя на Божае Нараджэнне і новы 2026 год

Віншаванне біскупа гродзенскага Уладзіміра Гуляя на Божае Нараджэнне і новы 2026 год

Умілаваныя ў Хрысце Пану Браты і Сёстры!

У свята Божага Нараджэння мы з глыбіні сэрцаў узносім Нябеснаму Айцу гімн радасці, удзячнасці і праслаўлення. Злучаючы свае галасы з хорамі анёльскіх войскаў, спяваем: “Хвала на вышынях Богу, а на зямлі спакой людзям добрай волі” (Лк 2, 14).

Урачыста адзначаючы прыйсце Божага Сына ў свет, мы праслаўляем неспасціжны цуд Божай любові. Вялікай, бязмежнай і безумоўнай любоўю Бог палюбіў кожнага чалавека і пасяліўся сярод людзей. У Асобе Езуса Хрыста ён увайшоў у штодзённасць нашага жыцця, каб былі ўпэўнены, што ў кожнай сітуацыі, у кожным досведзе, з якімі можам сутыкнуцца, Пан Езус з намі, ніколі не пакіне, заўсёды ёсць і будзе на нашым баку.

Ці можа быць для чалавека большая радасць, чым усведамленне, што ён любімы – прычым любімы самім Богам? Чым больш мы адкрываем сэрцы на гэтую любоў, чым больш дазваляем ёй даваць належны кірунак сваім думкам, словам і ўчынкам, тым больш адчуваем у сабе бласлаўленне міру.

Мы гаворым аб дары міру, які Хрыстос нясе ўсяму чалавецтву. Гэты мір паходзіць ад Бога, які любіць усіх людзей без выключэння сваёй безумоўнай любоўю. Такі мір з’яўляецца няўзброеным і раззбройвае, ён пакорны і трывалы – бо заснаваны на любові і справядлівасці, адзінстве і братэрстве.

У гэты цудоўны святочны час ахопліваю ўсіх Вас, дарагія Браты і Сёстры, сваёй малітвай і прашу навароджанага Збаўцу прынесці бласлаўленне міру. Няхай у вашых сэрцах, дома, там, дзе вучыцеся і працуеце, у вашых парафіях і супольнасцях, у нашай Айчыне і ва ўсім свеце ўсталюецца Божы мір, а разам з ім – любоў і радасць, дабрыня і цеплыня, цярплівасць і чуласць, аптымізм і надзея.

Няхай як за вігілійнымі сталамі, так і кожны дзень у нашых сэрцах будзе дастаткова месца для тых людзей, якія хворыя, якія пакутуюць, якія бедныя і самотныя, засмучаныя і нешчаслівыя, людзей пажылога ўзросту і тых, хто сутыкаецца з якойсьці сацыяльнай ізаляцыяй. Зробім усё, што ў нашых сілах, каб іх дасягнула святочная радасць і цяпло Божай любові, якая лечыць раны чалавечых сэрцаў.

Дарагія вернікі нашай дыяцэзіі! Няхай у новым 2026 годзе Пан Бог адорвае Вас добрым здароўем, душэўным ладам, асабістым шчасцем і поспехамі ва ўсіх важных справах. Няхай кожны дзень праходзіць пад знакам міру і Божага бласлаўлення. Радасных свят!

Ваш біскуп Уладзімір
Гродна, Божае Нараджэнне, 2025

Фото:из архива "ГП"

https://grodnonews.by/