Шлях да веры праз дабрыню. Гасцінна прымаюць пілігрымаў на воранаўскай зямлі
Зноўку ліпень склікаў каталіцкіх вернікаў на сустрэчу з Маці Божай Тракельскай Каралевай нашых сем’яў у дыяцэзіяльным санктуарыі ў Тракелях. Самы далёкі адрэзак дарогі, амаль у 130 кіламетраў, пераадольваюць вернікі, якія ранкам у нядзелю вырушылі з Гродна. Каля 400 чалавек ахвяравалі ў думках свае падзякі і просьбы да Маці Божай. Няблізкую дарогу яны падмацоўваюць пранікнёнай малітвай і песнямі. На працягу шасці дзён пілігрымаў з радасцю сустракалі ў вёсачках і аграгарадках, кармілі, арганізоўвалі начлег.
На шляху да Марыі Воранаўскі раён каторы год прымае падарожнікаў на тры ночы. Арганізоўваюць прытулак гасцінныя жыхары аграгарадкоў Забалаць, Радунь, Жырмуны. Карэспандэнт “ВГ” разам з руплівымі гаспадарамі і гаспадынямі вёсак Магуны, Ажэлішкі і Плікі Жырмунскага сельсавета сустрэлі гасцей на воранаўскай зямлі.
Крыж на перасячэнні дзвюх дарог яднае і гасцей, і жыхароў ужо трэці год. Гэтая падзея збірае тут усіх — ад малых да самых сталых.
Стараста вёскі Магуны Марыя Швед з ветлівай усмешкай дзеліцца:
— Назаўсёды запомніла словы нашага ксяндза Юрыя Барташэвіча: “Хто прымае да сябе падарожнага, той мае ў сэрцы Ісуса”. Пачынаем рыхтавацца амаль за месяц. Да работы заклікаем жыхароў трох вёсак. У нас каля 30-ці жылых двароў, але разам дружна ўсё атрымоўваецца. Прыбіраем дарогі, падворкі. Накрываем стол у падворку сям’і Гіль. Свежае печыва заказваю ў Лідзе, астатняе самі талакой гатуем. Суп ды чай з лімонам варым у аб’ёме 40 літраў! Не шкадуем ні часу, ні сіл, каб падмацаваць сілы пілігрымаў, якія стаміліся з дарогі. Усё разлятаецца за імгненне ў абмен на шчырае “дзякуй”. Для нас гэта самая важная ўзнагарода.

— Ганаруся, што на тэрыторыі Жырмунскага сельсавета жывуць такія душэўныя і неабыякавыя людзі. Іх гатоўнасць адкрыць свае сэрцы і дамы для пілігрымаў, шчырая гасціннасць — гэта прыклад сапраўднай хрысціянскай міласэрнасці, — лічыць Алена Ястрэмская, старшыня Жырмунскага сельвыканкама. — Працаваць з такімі людзьмі — адно задавальненне. Кожны імкнецца зрабіць свой унёсак, дапамагчы чым можа. Мы арганізоўваем акошванне двароў. Шчырае дзякуй і кіраўніцтву эксперыментальнай базы “Кастрычнік” і ДБРУ-120. Яны не застаюцца ў баку і дапамагаюць тэхнікай, бо прывесці ў парадак неабходна ўсе прыдарожныя тэрыторыі. КСУП “Доцішкі” частуе пілігрымаў гарачым абедам. Такое плённае супрацоўніцтва мясцовай улады, гаспадарак і грамадзян — гэта залог таго, што мы можам годна сустрэць пілігрымаў, паказаць ім сапраўдную беларускую гасціннасць і забяспечыць незабыўныя ўражанні ад знаходжання на нашай зямлі. На начлег пілігрымаў запросяць жыхары Жырмун, некаторых размесцім у цэнтры культуры.
Асаблівым, душэўным і напоўненным радасцю становіцца візіт вернікаў для былой ураджэнкі Магун, а сёння жыхаркі літоўскай вёскі Палукніс пад Тракаем Ядзвігі Ючоніс. Разам са сваёй сястрой Галінай Юрго з Навіянкі яна трэці год прыязджае на малую радзіму і дапамагае землякам.
Адпачыўшы і падмацаваўшыся, пілігрымы зноўку рушылі ў дарогу. Зусім хутка яны прыйдуць у Тракелі, дзе Маці Божая прыме іх з адкрытым сэрцам. Пакідаючы такія вёсачкі, яны забяруць з сабой часцінку іх гасціннасці і дабрыні. Пілігрымы дасканала ведаюць: на Воранаўшчыне жывуць напоўненныя міласэрнасцю і любоўю людзі, якія праз год зноў будуць чакаць іх і шчыра рыхтавацца.
Кацярына ГАЙЖЭЎСКАЯ.
Фота Алега БЕЛЬСКАГА.