14 студзеня спаўняецца 105 гадоў з дня нараджэння Міколы Аўрамчыка
Нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Тут жа скончыў пачатковую школу, а потым на працягу трох гадоў хадзіў за шэсць кіламетраў у Цялушскую сямігодку. Будучы дзесяцікласнікам, рэгулярна прапаноўваў свае творы ў насценную газету, а ў канцы 1937 года дэбютаваў у бабруйскай газеце «Камуніст». Праз год яго верш «Парашутыстка» быў надрукаваны ў другім нумары часопіса «Полымя рэвалюцыі». А ўлетку 1938 года, пасля заканчэння сярэдняй школы, Міколу запрасілі на рэспубліканскія курсы маладых аўтараў. Восенню ж паступіў на літаратурны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута імя М. Горкага, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі».
У 1938-1940 гадах М. Аўрамчык апублікаваў яшчэ некалькі вершаў: у тым жа «Полымі рэвалюцыі», у газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Камунар Магілёўшчыны». У суаўтарстве з Аляксеем Коршакам прарэцэнзаваў дзве кнігі. Пасля гэтых выступленняў у друку наступіў доўгі перапынак, да 1946 года. Яго імя з літаратуры на нейкі час выкрасліла Вялікая Айчынная вайна. Мікола Аўрамчык удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года быў узяты ў палон і вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вызвалення ўдзельнічаў у аднаўленні Данбаса. Увесну 1946 года вярнуўся ў Мінск, дзе прадоўжыў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля яго заканчэнне (1949) Аўрамчык цалкам прысвяціў сябе журналісцкай і пісьменніцкай дзейнасці. У 1953 годзе пачаўся новы перыяд у яго жыцці. Гэты этап звязаны з новым часопісам «Маладосць», дзе паэт працаваў 27 гадоў загадчыкам аддзела паэзіі.
Амаль услед выходзяць паэтычныя зборнікі «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952). Аўтар кніг паэзіі «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Радовішча» (1976), «Запрашэнне да роздуму» (1994) і інш. У яго творах шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваенны лёс. Кніга «Сустрэча былых канагонаў» — жыццёвы і творчы ўзлёт Аўрамчыка-паэта, за якую ён атрымаў вышэйшую літаратурную прэмію імя Я. Купалы ў 1964 годзе.
У раманах «Падзямелле» (1983) і аповесці «Палон» (1989) аўтар праўдзіва піша пра перажытае, пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць.
У 1984 годзе Мікола Аўрамчык кнігаю «Знаёмыя постаці» ярка заявіў пра сябе як эсэіст і мемуарыст. У твор увайшлі нарысы з цікавымі звесткамі, мала ці зусім невядомымі старонкамі жыцця беларускіх празаікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў.
Апошнія гады цяжка хварэў. Памёр 8 мая 2017 года ў Мінску. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Людміла Фурман,
загадчык аддзела маркетынгу,
сацыякультурнай дзейнасці і метадычнай
работы ДУК “Воранаўская раённая бібліятэка”.