Жывуць традыцыі — квітнее зямля

12 октября 24 411
Жывуць традыцыі — квітнее зямля

изображение_viber_2024-10-02_13-22-12-257.jpg
Воранаўская зямля стала калыскай для звыш дваццаці нацыянальнасцей. У добрасуседстве, міры і згодзе яны жывуць на нашай зямлі. Сэрцам адданы Беларусі, дзе пабудавалі свае сем’і, могуць захоўваць свае нацыянальныя традыцыі і перадаваць іх нашчадкам.

Згодна перапісу насельніцтва 2019 года, на Воранаўшчыне літоўцамі вызначаюць сябе 1,7% насельніцтва. Менавіта культуру гэтай нацыянальнай супольнасці на мінулым тыдні вывучала Таццяна Кухаронак, этнограф, фалькларыст, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследавання беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Сваімі здабыткамі яна падзялілася з журналістамі “ВГ”.

Аддзел народазнаўства, дзе працуе Таццяна Іванаўна, атрымаў дзяржаўнае заданне — вывучыць у 2021-2025 гадах развіццё нацыянальнай ідэнтычнасці этнічных супольнасцей Рэспублікі Беларусь. Навукоўцы выпала даследаванне літоўскай этнічнай супольнасці. Яна звярнулася да статыстыкі апошняга перапісу насельніцтва, які пакаказаў, што найбольшая іх колькасць пражывае ў Астравецкім і Воранаўскім раёнах Гродзеншыны. Этнаграфічныя здабыткі з Астраветчыны захоўваюцца ў архіве Цэнтра, а вось на Воранаўшчыне навукоўцы яшчэ не працавалі. Таццяна Кухаронак вырашыла запоўніць гэтыя белыя плямы. Пры падтрымцы сектара культуры райвыканкама пабывала ў жыхароў Пагародзенскага і Больцішскага сельсаветаў. Інфарманты адказалі на пытанні Таццяны Іванаўны, у асноўным яны датычылі звычаяў, прыкмет, павер’яў і абрадаў на розныя святы.

— Сабрала вельмі багаты матэрыял, які яшчэ патрабуе расшыфроўкі і аналізу, — натхнёна падзялілася суразмоўца. — Зазначу, што адметнасці выяўляюцца не на ўзроўні вялікіх рытуальных комплексаў, а пасродках мікраабрадаў, дзенняў, магічных прыёмаў, павер’яў і вераванняў. Рэгіён унікальны. Кінулася ў вочы тое, што ў вас назіраецца ўзаемаўплыў — цесна перапляліся і мірна ўзаемаіснуюць тры культуры — беларуская, літоўская і польская. Так, беларускія фалькларысты не раз пісалі, што радзінныя і хрэсьбінныя песні, велікодны абрад — гэта адметнасць беларускай этнічнай культуры. А тут сярод літоўцаў і палякаў распаўсюджаны валачобнікі і маленькія жачыкі. І гэтая традыцыя яшчэ жывая!

У рэгіёне бачны вялікі ўплыў рэлігійнага чынніка. Каталіцкі каляндар — гэта стрыжань, на якім трымаецца святочны каляндар. Па словах інфармантаў, любое свята пачыналі са службы ў касцёле.

Падчас працы выявіла вельмі шмат адрозненняў у вясельнай абраднасці. Напрыклад, нідзе раней не фіксавала ў Беларусі вяночак, з руты, які прымацоўваецца нявесце і пасля захоўваецца ў сям’і. Адзначыла і прымеркаванасць тых ці іншых абрадавых дзеянняў да іншай даты. У Беларусі і ў праваслаўных, і ў атэістаў ёсць вераванне, што нельга хадзіць у лес і штосьці адтуль прыносіць дадому на Узвіжанне, а на Воранаўшчыне — да Звеставання.

Трэба сказаць, што спецыфіка лакальнай культуры кожнага рэгіёна выяўляецца і ў адсутнасці таго ці іншага абрада. Напрыклад, у вас няма веравання пра русалку, русалчын тыдзень.

Дарэчы, сабраны матэрыял будзе захоўвацца ў архіве Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора імя К. Крапівы, які адкрыты для наведвальнікаў. Для гэтага неабходна папярэдне атрымаць дазвол на працу.

— На Воранаўшчыне я была ўпершыню, — была шчырай Т.І. Кухаронак. — Аб раёне застануцца самыя лепшыя і прафесійныя, і чалавечыя ўспаміны дзякуючы вашым людзям, гасцінным, добразычлівым і адкрытым.

изображение_viber_2024-10-02_13-21-29-048.jpg

изображение_viber_2024-10-02_13-26-24-633.jpg

Марына КАНДРАТОВІЧ.