Традыцыі і сучаснасць. Як весялілі гасцей удзельнікі адкрытага абласнога фестывалю гульні “Карнавал весялосці” на Воранаўшчыне
Фестываль, які стаў візітнай карткай Воранаўшчыны, сабраў майстроў гульнёвага жанру. Шаснаццаць калектываў устаноў культуры Гродзеншчыны сабраліся на цэнтральнай плошчы раённага цэнтра. Амаль чатыры гадзіны цягнулася конкурсная гульнёвая праграма. Дасціпны гумар, каларытныя касцюмы, вясёлая музыка і сакавітае беларускае слова… Атмасфера на святочнай пляцоўцы была сапраўды асаблівай.
Канешне ж, самымі актыўнымі былі дзеці. Столькі разнастайных гульняў з імі яшчэ ніхто не праводзіў. Аднак не толькі забава была галоўнай мэтай творчых калектываў. Іх гульнёвыя праграмы былі вельмі інфарматыўнымі. Шмат можна было даведацца пра беларускія трацыцыі, стравы, святы, абрады і прыкметы.
Зэльвенскія “Пагуляначкі” запрасілі дзяцей у цікавае падарожжа па краіне шахмат, дзякуючы Лідскаму тэатру гульні маленькія варанаўчане сустрэліся з героямі казкі “Чараўнік смарагдавага горада”, Астравецкі народны драматычны тэатр прывёз адзінарогаў з мультфільма “Сяброўства — гэта цуд”.
Цікавасць праявілі дзеці і дарослыя да фальклорных праграм. Адгадвалі загадкі, гулялі ў традыцыйныя беларускія гульні, вучыліся карыстацца прыладамі працы, упрыгожвалі караваі, вязалі венікі для лазні і спасцігалі сэнс абярэгаў. Нацыянальны каларыт быў у аснове выступленняў майстроў гульнёвага жанру з Смаргонскага, Навагрудскага, Дзятлаўскага, Ваўкавыскага і Гродзенскага раёнаў. Захапляльнае падарожжа “На кірмаш у Пагародна” прапанаваў гасцям свята ўзорны тэатр-студыя гульні Пагародзенскага цэнтра культуры.
Адным словам, майстрам гульнёвага жанру было што паказаць. А гледачам гэта падняло настрой і падаравала шмат прыемных эмоцый. Відаць, складана было вызначаць пераможцаў конкурсу і журы. Першае месца яны аддалі народнаму тэатру гульні “Завадатар” г.Смаргонь і ўзорнаму тэатру-студыі гульні “Гульнёвы кірмаш” Пагародзенскага цэнтра культуры. Другое месца – у народнага тэатра-студыі гульні “Пагуляначкі” Зэльвенскага раёна, трэцяе падзялілі народны тэатр гульні “Анфас” Гродзенскага раёна і народны тэатр-студыя гульні “Ваўкавыскія забывы ” г. Ваўкавыска.
Вольга ВАРАБ’ЁВА.
Фота аўтара і Алега БЕЛЬСКАГА.