Чацвёртае лета запар студэнты і выкладчыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы наведваюцца ў аг. Канвелішкі
Разам з мясцовымі дзецьмі яны бавяць час, вывучаюць фальклорнае багацце Воранаўшчыны. Сёлета ў лагер “Канвалія”, які працуе пры навучальна-педагагічным комплексе аграгарадка, госці прыехалі з выхаванцамі беларускамоўнай школы №32 г. Гродна і іх класным кіраўніком Зояй Бушэйка. На дзевяць дзён для амаль шасцідзесяці хлопцаў і дзяўчат Канвелішкі сталі месцам моцнага сяброўства, няўрымслівых мар і новых навуковых адкрыццяў.
— З Купалаўскім універсітэтам супрацоўнічаем як мы, так і гродзенская школа №32. Таму сумесны адпачынак у лагеры “Канвалія”, які ўзначальвае поўны энергіі і цікавых ідэй Валерый Адамчык, стаў заканамерным, — падзялілася намеснік дырэктара па выхаваўчай працы Галіна Янушка. — Кожны наш дзень насычаны новымі падзеямі. Асобны мы прысвяцілі спартыўнай Беларусі. Узгадалі лепшых спартсменаў, у тым ліку выхадцаў з Ворнаўшчыны, паўдзельнічалі ў футбольных баталіях, спартыўных эстафетах. Шмат карысці прыносіць супрацоўніцтва з канвелішскімі сельскай бібліятэкай і цэнтрам культуры і вольгача часу. Бібліятэкар Таццяна Сініцкая дапамагае адпачываючым раскрыць творчыя таленты. Сумесныя тэатралізаваныя пастаноўкі ў вучняў карыстаюцца вялікай папулярнасцю. А разам з Цэнтрам, думаю, здорава адпачнем на Купаллі, мо, хто-небудзь адшукае папараць-кветку. (усміхнулася) Канешне ж, вялікае месца адводзіцца збору фальклору як на канвелішскай зямлі, так і ў іншых кутках Воранаўшчыны. Нашы вучні ад сёлетняга адпачынку атрымаюць вялізную карысць. Па-першае, у вольнай ненадакучлівай форме праводзіцца прафарыентацыя. Па-другое, пасля стасункаў з гарадскімі аднагодкамі ў дзяцей узнікае неабходнасць у самаўдасканаленні. Лічу, гэта назіраецца не толькі цяпер, падчас адпачынку, але будзе моцным стымулам для перамог у вучобе пасля летніх канікул. Па-трэцяе, развіваецца камунікабельнасць — канвелішкаўцы вучацца ў гасцей яскрава прэзентаваць сябе, сваю школу.
Кульмінацыйным мерапрыемствам у “Канваліі” палічылі літаратурную вечарыну. На яе запрасілі начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Валянціну Люленку, галоўнага спецыяліста аддзела Людмілу Запаснік і карэспандэнта раёнкі. Чаканні спраўдзіліся. Здзіўляў россып талентаў. Прысвечаныя малой радзіме аўтарскія і беларускіх класікаў вершы, песні пра Беларусь у пранікнёным выкананні дзяўчат і хлопцаў, мясцовых настаўнікаў Валерыя Адамчыка і Ганны Русак хвалявалі сэрцы. “Сягоння я за горадам была, слухала, як ціха шэпчуць травы. Я тут такой шчасліваю была!..” — так натхнёна прызнавалася ў любові да канвелішскага краю выкладчык універсітэта, кандыдат філалагічных навук, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Аліна Сабуць. Пазней пачынаючыя акцёры запрасілі тэатралаў у падарожжа па гісторыі нашага раёна. У невялічкіх пастаноўках распавялі, як тварыў Адам Міцкевіч, раскрылі сакрэты колішніх жыхароў замка ў Гайцюнішках.
Не абышлі бокам і знакавыя даты —75-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўтварэння Гродзеншчыны. Гледачоў вельмі ўсхваляваў расказ аб гераізме на вайне дзядулі выкладчыка ўніверсітэта, кандыдата філалагічных навук, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Руслана Казлоўскага. “Прайшліся” яны франтавымі дарогамі жыхароў канвелішскага краю Іосіфа Зубеля і Аляксандра Невяркевіча. Дзякуючы ім, салдатам Перамогі, наша краіна квітнее, а жыхары смела глядзяць у будучае. Яго некаторыя сённяшнія абітурыенты бачаць у сценах ГрДзУ імя Я. Купалы. Якія дзверы адкрыты перад студэнтамі гэтага прэстыжнага ВНУ, у відэароліку расказала студэнтка першага курса спецыялізацыі “Беларуская філалогія”, міс “Гарадзенская беларусачка” Маргарыта Сяцько.
Літаратурная вечарына прайшла на адным дыханні. Вельмі не хацелася адразу развітвацца з выкладчыкамі, настаўнікамі і навучэнцамі. Таму ў сяброўскім коле душэўна пагутарылі з імі, як насамрэч адпачываецца у “Канваліі”, якімі здабыткамі могуць пахваліцца.
Кіраўнікі фальклорнай практыкі Руслан Казлоўскі і Аліна Сабуць:
— Сёлета мы імкнуліся адшукаць новыя крупіцы ў фальклорных жанрах. Пабывалі ў мясцовых аколіцах, упершыню — у Жырмунах, Бастунах. У Забалаці спадзяёмся пачуць гісторыю мясцовага касцёла. Адзначым, што можна знайсці шмат цікавага нават у тых вёсках, дзе бывалі раней: можа, каго не засталі дома або людзі яшчэ прыгадалі штосьці з мінулага. Скажам шчыра, удалося адшукаць новыя сюжэты паданняў. Воранаўскі край вельмі багаты — няма аналагаў прыкметам і павер’ям, што бытуюць тут. Збіраючы фальклор, мы таксама пашыраем краязнаўчы аспект. Зрэшты, нашы студэнты прыехалі сюды са шчаслівым білетам у спелае сонечнае лета.
Вучаніца школы №32 г. Гродна Каміла Габрукевіч:
— Вельмі задаволена, што прыехалі сюды. Тут пашыраем свае веды. Нас паўсюль сустракаюць прыемныя і адкрытыя людзі. У Канвелішках адчуваю сябе, як у гасцях у бабулі з дзядулем. З аднакласнікамі ні на хвіліну не пашкадавалі, што адпачываем у “Канваліі”.
Вучань Канвелішскага НПК Віктар Буйноўскіс:
— Трэці год праводжу летам у школьным лагеры. Шчыра кажучы, гэты год — самы цудоўны. З прыездам аднагодкаў з Гродна стала ў разы весялей. Новыя знаёмствы — толькі ў плюс.
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.