Дзятлаўчане ўдзельнічаюць у планавых вайсковых зборах
Мерапрыемствы прадоўжацца не больш за 35 сутак.
Наш раён прымае ўдзел у мерапрыемствах па праверцы баявой гатоўнасці аднаго са злучэнняў Заходняга аператыўнага камандавання.
Былыя ваеннаслужачыя, радавыя салдаты і сяржанты 4 красавіка прыбылі ў пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных у сярэднюю школу № 1 горада Дзятлава для рэгістрацыі, праходжання інструктажу і адпраўкі ў вайсковую часць. Згодна з патрабаваннямі “Закона аб мабілізацыйнай падрыхтоўцы і мабілізацыі” іх суправаджалі кіраўнікі сельскіх саветаў, у якіх яны жывуць.
Пра тое, як праходзяць планавыя мерапрыемствы, расказаў ваенны камісар Дзятлаўскага раёна падпалкоўнік Генадзь Суравец:
– У адпаведнасці з распараджэннем Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь праводзіцца комплексная праверка Узброеных Сіл. 3 красавіка мы атрымалі распараджэнне на прызыў-пастаўку мабілізацыйных рэсурсаў у вайсковыя часці Заходняга аператыўнага камандавання. Ваенным камісарыятам раёна было праведзена апавяшчэнне ваеннаабавязаных і збор у вызначаны тэрмін. Прызыў вядзецца з улікам атрыманых імі ўліковых спецыяльнасцяў, па якіх яны праходзілі тэрміновую службу. Дадзеныя мерапрыемствы планавыя, яны прадоўжацца не больш за 35 сутак. Па заканчэнні збораў усе ваеннаабавязаныя прыбудуць да месца жыхарства і прадоўжаць выконваць свае грамадзянскія абавязкі.
У ліку тых, хто адпраўляецца ў Слонім, работнік Дзятлаўскага філіяла ААТ “Молочный Мир” Дзмітрый Нічыпаровіч. Ён расказаў, што чакае ад збораў:
– Працую на сыраробным заводзе вадзіцелем, у армію прызываюся па гэтай жа спецыяльнасці. Спадзяюся, час, які правяду на зборах, пройдзе хутка, паспяхова і з карысцю: успомню навыкі, атрыманыя ў час тэрміновай службы. Лічу, што служба Радзіме – свяшчэнны абавязак кожнага паўналетняга беларуса. Дома мяне будзе чакаць любімая сям’я – жонка і двое сыноў. Хачу, каб яны ганарыліся сваім татам і сталі сапраўднымі абаронцамі Айчыны.
Разам з мужам на пункт папярэдняга збору прыбыла Анастасія Браніцкая, якая суправаджае групу прызыўнікоў як інспектар Казлоўшчынскага сельсавета. Яна падзялілася сваімі эмоцыямі:
– Адчуванне невялікага суму, што развітваюся з любімым чалавекам больш чым на месяц. Разам з тым гонар за тое, што нашы мужчыны будуць выконваць ваенны абавязак – стаяць на варце нашага міру і спакою. Моцных хваляванняў няма, бо напэўна ведаю: усе ваеннаабавязаныя будуць праходзіць службу на тэрыторыі нашай краіны.
– Пакуль мы служым, нашы блізкія могуць спаць спакойна, – запэўніваюць дзятлаўчане Аляксандр Пузач і Андрэй Жэгала, якія праходзяць афармленне на пункце прызыву.
Вайсковыя зборы – не новае для іх мерапрыемства, удзельнічалі ў іх некалькі гадоў таму. Як адзначаюць маладыя людзі, настрой на службу станоўчы і канструктыўны. Месяц праляціць хутка, і яны вернуцца на Дзятлаўшчыну да сваіх сем’яў.
– Практычна ў кожнага з нас тут ёсць любімыя жонкі і дзеці, якія будуць чакаць, сумаваць, перажываць. Аднак ёсць і адна матуля для ўсіх нас – наша Айчына. І калі яна паклікала на службу сваіх верных сыноў, ніхто не мае права адмовіць, – заўважыў Андрэй Жэгала.
diatlovonews.by