Салют табе, вялікі, пераможны дзень! (Фота)



9 Мая Беларусь шырока і ўзнёсла адзначыла 70-ю гадавіну з дня Вялікай Перамогі савецкага народа над фашызмам. Святочныя мерапрыемствы прайшлі паўсюдна. Галоўнае развярнулася ў сталіцы, горадзе-героі Мінску, удзельнічаў у якім Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Прэзідэнта, у вялікі і светлы, пераможны майскі дзень многім здавалася, што вайна ніколі не вернецца. «Але новыя часы не прынеслі чалавецтву пазбаўлення ад войнаў. Сёння мы бачым: трагічныя ўрокі вайны забыты. Ізноў перамагае не сіла права, а права сілы. Ізноў ірвуцца снарады, шугаюць пажары і гінуць людзі. І свет, і Еўропа набліжаюцца да небяспечнай рысы,  — падкрэсліў беларускі лідар. — І цяпер як ніколі важна памятаць урокі Вялікай Айчыннай вайны. Памятаць аб гэтых уроках павінны і палітыкі, і кіраўнікі, і народы. Важнейшы з гэтых урокаў такі: няма нічога больш каштоўнага, чым мір. І ніякія амбіцыі, ніякія разлікі, ніякія інтарэсы не варты таго, каб прыносіць ім у ахвяру чалавечыя жыцці», — упэўнены кіраўнік беларускай дзяржавы.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.



.





На Воранаўшчыне святкаванні пачаліся з прыёму дэлегацыі з Польшчы ў складзе намесніка бургамістра г. Піш Я. Пухальскага, прэс-сакратара мясцовай управы Я. Зажэцкага, дырэктара аддзела адукацыі і навукі З. Канопы і дырэктара школы Ш. Веры. Госці прыбылі на свята, каб раздзяліць радасць Вялікай Перамогі разам з братамі-беларусамі. Ім, як і ўсім удзельнікам святочных мерапрыемстваў, былі прышпілены чырвона-зялёныя стужкі з яблыневай кветкай. У гэты дзень у 11 гадзін 8 хвілін праходзіла рэспубліканская акцыя «Хвіліна маўчання». У знак удзячнасці і павагі да бессмяротнага подзвігу савецкага народа госці таксама прынялі ў ёй удзел. Па ўсёй Беларусі на адну хвіліну спынілі сваю працу прадпрыемствы і арганізацыі, замаўчалі радыё і тэлебачанне. Толькі метраном адлічваў секунду за секундай, нібы спыняючы час і вяртаючы ў тыя смутныя часы. Пасля традыцыйнага абмену падарункамі госці разам з кіраўніцтвам райвыканкама выйшлі на плошчу, дзе ўжо чакала калона з прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў райцэнтра. На чале з духавым аркестрам усе накіраваліся да месца правядзення ўрачыстага мітынгу — помніка загінуўшым савецкім воінам і партызанам у цэнтры Воранава.



Адкрываючы мітынг, старшыня Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Мікалай Розум адзначыў, што новыя пакаленні беларусаў шчыра шануюць подзвіг дзядоў і бацькоў і, будуючы міралюбівую суверэнную дзяржаву, дэманструюць вернасць запаветам тых, хто праліваў кроў за права на існаванне нашай Айчыны. Напрыканцы выступлення Мікалай Аркадзьевіч звярнуся да ветэранаў: «Мы схіляем галовы перад вашай бяспрыкладнай мужнасцю. Вам мы абавязаны ўсім: жыццём, свабодай, шчасцем нашых дзяцей. Нізкі паклон вам! Жывіце доўга, застаючыся для нас прыкладам гонару і мужнасці. Мы, нашчадкі пакалення пераможцаў, абяцаем быць годнымі таго, каб ісці з вамі ў адным строі». Павіншаваў кіраўнік раёна прысутных і яшчэ з адным святам — Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Пачэснае права ўзняць Дзяржаўны сцяг было прадстаўлена ветэрану Вялікай Айчынная вайны С.А. Жуку і пераможцу рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, вучню Воранаўскай школы Багдану Шалешку.



.



.



.



Прагучалі ў той дзень віншаванні ад камісара Воранаўскага райваенкамата А.М. Волкава, старшыні раённага савета ветэранаў Н.К.Пушнянковай, ад сакратара пярвічная арганізацыі ГА «БРСМ» СВК «Больцішкі» Н. Мяцеліцы. Да помніка былі ўскладзены жывыя кветкі і вянкі.

Услаўлялі Перамогу песняй


Ад помніка пад гукі духавога аркестра мнагалюдная калона рушыла да цэнтральнага парку і гарадскога стадыёна. Менавіта яны сталі эпіцэнтрам народнага гуляння.



Урачыстае адкрыццё свята адбылося пад сімвалічны ход гадзінніка, які абарвалі гучныя выбухі. Работнікі культуры прапанавалі гледачам прасачыць шлях да Перамогі па 12 гістарычных эпізодах-карцінах тэатралізаванага прадстаўлення. Падзеі вайны, велічныя і трагічныя, паказалі працоўныя калектывы Воранава. Перад гледачамі праехалі на аўтамашынах абаронцы Брэсцкай крэпасці (Воранаўская сельгастэхніка), Масквы (Воранаўская СШ), удзельнікі Сталінградскай бітвы (РЭС) і наступленчай аперацыі «Баграціён» (электрасувязь), партызаны (ПМС), матросы Чарнаморскага флоту (Воранаўскі каледж), медыкі і параненыя ваеннага палявога шпіталя (ЦРБ), прайшлі калонай салдаты-добраахвотнікі (Сельэнерга).



.



.



.



.



.



Асабліва няпростай задачай, напэўна, было ўвасабленне помнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэта ж не толькі касцюм, але і раўнавага, якую варта вытрымаць на аўтамашыне падчас руху. З гэтай задачай выдатна справіліся прадстаўнікі аўтамабільнага парка №14 Андрэй Малахоўскі і пяцігадовая дзяўчынка з прыгожым іменем Васіліна. Яны нерухома застылі, каб  упадобіцца фрагменту мемарыяльнага комплексу «Хатынь»: нескаронаму жыхару спаленай вёскі з закатаваным сынам на руках. У велічнай позе — жанчына: узняты меч, у рашучым парыве павернуты торс. Скульптуру «Родина-мать зовет» пазналі ў Ліліі Кітовіч (пошта, РУП БА).

Для стварэння тэатралізаваных эпізодаў вайны працоўным калектывам давялося не толькі фантазію праявіць. Напрыклад, працаўнікі райгаза паклапаціліся аб дэкарацыях, адшукалі мэблю і элементы побыту 40-50-х гадоў. Таму блакадны Леніград у іх выкананні атрымаўся відовішчным і ўдалым. Працаўнікі РУП ЖКГ аздобілі свой шлях да рэйхстага рарытэтнай тэхнікай, Воранаўскі каледж пашыў галаўныя ўборы і элементы формы для матросаў Чарнаморскага флоту.

У спалучэнні з адпаведным гукавым суправаджэннем тэатралізаванае прадстаўленне аказала на прысутных моцнае эмацыянальнае ўздзеянне. Уражаныя відовішчам, гледачы ахвотна падпявалі Андрэю Філюцічу «День Победы». Стоячы…

Добра вядомыя ўсім песні ваенных гадоў «Прощание славянки», «Катюша», «Смуглянка», «Огонек» і іншыя прагучалі ў выкананні артыстаў эстрады В. Цевель, А. Куель, А. Лялько, А. Кукіна, Э. Бутрыма, А. Мацюка.

Звонкія галасочкі вядучых Дзяніса Філона і Ксеніі Патапчык запрасілі гасцей на дзіцячы  канцэрт «Дзяцінства свет такі цудоўны». Весела спявалі пра дожджык, траўку, птушак, каханне і сяброўства  юныя выканаўцы К. Камыно, Дз. Камінскі, Я. Герасімовіч, М. Комар, А. Войшніс, А. Івуць, Л. Барнатовіч, А. Кульніс, Я. Крысенель, М. Запаснік.



Яркімі і запамінальнымі былі выступленні ансамбляў «Радунскія салавейкі», «Карамелькі», «Юнасць», танцавальнага калектыву «Равеснік», групы «Забава», эстраднага аркестра ДШМ.

Аматары народнай музыкі апладысментамі сустракалі народныя гурты Воранаўшчыны: ансамблі «Лявоны», «Вясёлка», «Зараніца», вакальныя групы «Радунскія хлопцы», «Весялуха», «Ярыца». Эмацыянальна выканалі музычныя кампазіцыі М. Васюкевіч, В. Драбышэўская, Л. Бярцэвіч.

Пяе душа — звіняць цымбалы


Аркестр народных інструментаў адкрыў інструментальна-размаўляльны блок «Пяе душа — звіняць цымбалы». Удала падхапілі яго браты Мацюлевічы, Ігар Вільчэўскі і Андрэй Ткачук, дорачы гледачам асалоду ад гучання знаёмых мелодый. Было месца і гумару. Павесялілі прысутных сваімі байкамі, гісторыямі ды жартаўлівымі вершамі Данута Крэнь, Святлана Вараноўская, Васіль Маркевіч, Ганна Нядзелька, Алёна Цевель і Святлана Салмановіч. Заспявалі-загаманілі «Гарэзлівыя струны», зачаравалі прысутных цудоўнымі нотамі. Народны ансамбль перадаў эстафету выканаўцам эстраднага жанру.



Па-сапраўднаму горача стала на сцэне падчас выступлення трыа Эдуарда Бутрыма, Алега Марцінкевіча і Арцёма Сцефановіча. Брутальныя хлопцы паланілі не адно дзявочае сэрца. Заваяваць сімпатыі гледачоў Алеся Сярдзюк вырашыла песняй на роднай мове — украінскай. Бурнымі авацыямі сустракалі народны вакальны ансамбль «Цветные сны» і іншых выканаўцаў.

А ў парку — шум і гул…


Тым часам у гарадскім парку свята віравала пад звонкі дзіцячы гоман, песні і танцы.  Гасцінна сустракаў удзельнікаў мерапрыемства ветэранскі падворак. Арганізаваны пры падтрымцы раённага аб’яднання прафсаюзаў і прафсаюза аграпрамысловага комплексу, ён сабраў каля партызанскага вогнішча сяброў. Жадаючыя маглі пачытаць святочны выпуск нашай раёнкі і нават газету «Красная Звезда» ад 10 мая 1945 года. Побач размясцілася франтавая бібліятэка. Вялікім попытам карысталася франтавая кухня. Багата было жадаючых адведаць сапраўдную салдацкую кашу. Не абыходзілі ўвагай госці свята і тэматычныя падворкі. Жырмунскі цэнтр культуры і вольнага часу (далей — цэнтр) арганізаваў «Вячоркі напярэдадні вайны». Не ведаючы аб хуткай бядзе, сабраўшыяся на адпачынак масла білі, вязалі, вышывалі ды полечку танцавалі… Аб ваенных падзеях «гаварылі» падворкі «Брэсцкая крэпасць» Беняконскага цэнтра  і Больцініцкага культурна-турыстычнага цэнтра, «Ваенны шпіталь» Тракельскага і Пераганцаўскага цэнтраў, «Штаб» — Забалацкага і Гіркаўскага. На прывале адпачывалі лётчыкі з Пагародна і Паляцкішак. Яны аглядалі самалёты, абмяркоўвалі план бліжэйшых аперацый за картай. Рыхтаваліся да бліжэйшага бою і на партызанскім падворку, арганізаваным Місявіцкім і Больцішскім цэнтрамі, Курчоўскім сельскім клубам. Узяцце рэйхстага ўрачыста адзначалі прадстаўнікі Нацкага культурна-краязнаўчага і Доцішскага цэнтраў.



Аматары песень хора ветэранаў «Землякі» сабраліся на летняй эстрадзе. Падпявалі, калі гучалі знаёмыя да болю мелодыі, радасна віталі аўтараў-выканаўцаў. Затым закружыліся ў віхоры танца.



.



.



Парадавалі святкуючых цікавымі вырабамі, карцінамі і, перш за ўсё, талентам супрацоўнікі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, народныя ўмельцы з Міра, вучні школ раёна і выхаванцы Воранаўскага і Радунскага цэнтраў творчасці дзяцей і моладзі. Па душы прыйшліся і пейзажы настаўніка Воранаўскай дзіцячай школы мастацтваў Гражыны Пяцюн, якая ў дадатак праводзіла майстар-клас для жадаючых памаляваць гарэз.



.



А колькі раздолля было для дзетак!.. Сапраўдны бум выклікалі супрацоўнікі аддзела Дэпартамента аховы МУС. Дзецям хацелася прымераць усё: бронежылет, каску, патрымаць у руках спецсродкі. А яшчэ — абавязкова зрабіць здымкі з гэтай экіпіроўкай і службовым сабакам. Не змаўкаў шчаслівы смех і на атракцыёнах. Маленства «атакавала» батуты. Весела было на дзіцячай дыскатэцы, гульнёвай пляцоўцы, дзе дружна збіваліся кеглі, правяралі трапнасць стралкі. Не адзін фотаздымак з казачнымі персанажамі папоўніць сямейны альбом. Як і палічкі сувенірамі, здабытымі ў святочных латарэях.

Прысвяцілі Перамозе спартыўныя перамогі


У насычанай святочнай праграме значны час быў  адведзены і розным спартыўным спаборніцтвам.



.



.



.



Звыш 150 юных  варанаўчан  прынялі ўдзел у спартыўна-гульнёвай праграме «Вясёлыя старты», парадавалі і сябе, і сваіх бацькоў азартам, жаданнем перамагчы ў эстафетах і цікавых гульнях. Самыя ж спрытныя дзяўчынкі і хлопчыкі былі ўзнагароджаны  сувенірамі з сімволікай Вялікай Перамогі.

Асабліва шмат балельшчыкаў прыцягвала да сябе, пляцоўка, дзе лідарства па міні-футболу аспрэчвалі каманды Воранаварайгаза,  Воранаўскай цэнтральнай раённай бальніцы, СВК «Доцішкі», аддзялення пагранічнай службы «Воранава», Воранаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС, райветстанцыі, ВРЭСа, унітарнага прадпрыемства «Незабудка». Гэты від спорту настолькі захапляльны, што патрабаваў ад ігракоў не толькі дасканалай зладжанасці паміж сабой і добрай фізічнай формы, але і імгненнай рэакцыі на сітуацыю на полі. Таму кожны забіты гол у вароты суперніка суправаджаўся як дружнымі галасамі саміх футбалістаў, так і ўсіх балельшчыкаў. У выніку Кубак раёна па міні-футболе заслужана дастаўся камандзе Воранаўскай ЦРБ, а каманда з Воранаварайгаза была другой.

Падоўгу затрымліваліся госці свята і каля пляцоўкі, на якой праходзіла першынства раёна па гіравому спорту сярод арганізацый, прадпрыемстваў і гаспадарак. За гонар быць самым дужым, вынослівым спаборнічалі 14 атлетаў-аматараў. Камусьці з іх гэты 24-кілаграмовы спартыўны снарад у рыўку пакарыўся да 30 разоў, а камусьці —  і менш. Былі вынікі пад 80 і звыш. Але рэкордным стаў вынік супрацоўніка Воранаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерыя Бутрыма — 112!

Між тым, таварыская сустрэча па валейболу паміж камандамі г.п. Воранава і вёскі Бастуны завяршылася на карысць апошніх з лікам 3:2.

Акорд свята


Амаль да вечара гудзеў гарадскі парк, пакуль эстафету не перанялі зоркі беларускай эстрады — Вячаслаў Статкевіч, Святлана Шыманская, Анастасія Арцем’ева і ансамбль «Гуляй, казак». Песні пра каханне, родную зямлю змянялі танцавальныя, скажам так, з агеньчыкам. Гучалі прэм’еры песень.



.



.



.



.



Шматлюдны стадыён чакаў асноўнага атрыбута свята — феерверка. І вось неба запалала сотнямі агеньчыкаў. Яркім і надзвычай маляўнічым будзе помніцца гэтае відовішча, як і ўвесь юбілейны Дзень Перамогі.

За ходам святкавання назіралі

Наталля ІВУЦЬ, Вольга ВАРАБ’ЁВА, Марына КАНДРАТОВІЧ,

Вікенцій ЯКОВІЧ і Алег БЕЛЬСКІ (фота).

[gallery link="file" columns="2"]







Добавление комментария
CAPTCHA
*