“Мамулечка, можна да Вас прытулiцца…”

Социальная сфера 10 октября 17 2309
1C9A7861

З парога абдымаюць дарослыя дзеці Тарэсу Браніславаўну Пастарняк, калі прыязджаюць у бацькоўскі дом у Сеўруках, што у Місявіцкім сельсавеце. Матчына душэўнае цяпло і свет, які льецца з яе вачэй, супакойваюць, пасяляюць у сэрцы незвычайнае трапяткое пачуццё. Верыце, я і сама гэта адчула, аднойчы сустрэўшыся з ёй. Пра жыццё-быццё простай сялянкі і ў той жа час вельмі таленавітай і мудрай жанчыны і пойдзе размова далей.

“Дзяўчыне дастаткова і чытырох класаў адукацыі”


Лічыў тата Тарэсы Браніславаўны. Пагэтаму і скончыла толькі пачатковую школу — “супроць бацькі не пойдзеш”. Надзвычай моцнай была павага да бацькоў, іх аўтарытэт быў бясспрэчны. Раней нават казалі: “Бацька і маці ад Бога ў хаце”.

— Ды і, напэўна, так тата не стараўся прынізіць жаночы род, а хацеў зберагчы ад бяды, як яму здавалася, — разважае жанчына.

Бацька прайшоў Вялікую Айчынную аж да Берліна. Часта дзіцячае ўяўленне па расказах-успамінах былога салдата малявала жудасныя карціны: праз паўнаводную Віслу выжыўшыя праходзілі па “мосце” з цел загінуўшых, а рака была барвоваю ад крыві. І трывога бацькі за будучае дачкі заключалася ў тым, што яе “вучэнне”  будзе патрабаваць уступлення ў камсамол. А камсамольцаў, калі зноў вернецца вораг, расстраляюць.

1C9A7845

 

Смага ведаць больш кіравала дзяўчынкай, калі тая тайна бегала ў мясцовую бібліятэку, у знаёмых прасіла кнігі. Вядома ж, забарона дзейнічае наадварот. Такім чынам яна асвоіла не толькі рускую і беларускую мовы, але і польскую. А вось мара стаць “дохтарам” так і не ажыццявілася.

Рукі не ведалі стомы


З 14 гадоў Тарэса Браніславаўна пачала працаваць у калгасе і памнажаць сямейны бюджэт сваім заробкам. Яна была старэйшай сярод дзяцей і адчувала важнасць дапамогі бацькам. Хатнія справы — не ў лік.

1C9A7846

— З такімі жа дзяўчаткамі звяном хадзілі на лён. Дзіцячыя тоненькія ручкі за сезон па тры гектары нарыхтоўвалі. Зараз дзіўлюся, як вытрымлівала боль, калі з крывавымі мазалямі зноў ішла на работу, — успамінае субяседніца.

“І жнец, і швец”


Літаральна. Аднойчы мама вызначыла для малодшай дачкі  будучую прафесію: “Тарэса — адважная дзяўчына, знойдзе шлях у жыцці. А ты будзь швачкай — людзі самі да цябе прыйдуць”. Але “навука краўца” ўсё ж такі прыйшлася больш даспадобы старэйшай.

Прыватныя ўрокі брала ў жанчыны з суседняй Ваверкі. Майстрыца шыла, як кажуць, “ад тапкаў да шапкаў” 50 гадоў. Дарэчы, і сёння Тарэса Браніславаўна носіць адзенне сваёй вытворчасці, а вось людзям ужо адказвае — сілы не тыя, ды і машынка псуецца. А ў маладосці, калі выйшла замуж, навык шыцця спатрэбіўся падчас працы ў камбінаце бытавога абслугоўвання. Гэтай справе прысвяціла шмат год. Апошні час перад выхадам на пенсію жанчына працавала санітаркай на ФАПе. Дадатковы заробак мела і з рукадзелля. Тканыя “перабіранкі”, напрыклад, паслужылі для набыцця дошак на падлогу ў хаце. А якія вышыванкі ўпрыгожваюць хатні інтэр’ер!

1C9A7847

Дар у спадчыну


Ужо пад’язджаючы да хаты сям’і Пастарняк, мы зразумелі, што тут жывуць працавітыя і творчыя людзі. У двары проста, але чысценька. Брамка аздоблена драўлянымі грыбкамі, франтон — разнымі кветачкамі. У пакоі незвычайны для вясковай хаты ложак — драўляны з фігурнымі ножкамі. Усё гэта, тлумачыць Тарэса Браніславаўна, зрабіў калісьці яе муж Уладзіслаў Іосіфавіч.

—     Не гультай быў мужчына. Шмат што рабіў сваімі рукамі, і дзяцей навучыў сваёй справе. Старэйшы сын — мастак, працуе рэзчыкам па дрэву, другі мае справу з металам. Удзячна я мужу за сумеснае жыццё. На жаль, ужо чатыры гады, як без яго на гэтай зямлі.

Былі ў маці тры сыны


А засталіся двое. Трагічны выпадак забраў малодшага Уладзіміра. Пасля здарэння жанчына часова страціла памяць і зрок, якія паступова вярнуліся. Зараз у свае 76 год чытае нават без акуляраў. Дарэчы, падзеі выклікалі ў арганізме і іншыя змены. Напрыклад, пачаў праяўляцца паэтычны дар. Гора Тарэса Браніславаўна перажывае і сёння: часта чуюцца ёй песні малодшанькага, голас якога штодня даносіўся з аколіц, калі той вяртаўся са школы. Але “так Бог даў”… Старэйшы Вітольд і сярэдні Станіслаў, як могуць, падтрымліваюць матулю. Хоць не заўсёды ў патрэбны час могуць быць побач, усё ж па магчымасці спяшаюцца ў родны дом са сваімі сем’ямі.

— Туляцца да мяне і сыны, і нявесткі, і ўнукі. Адчуваю, што патрэбна ім, — дзеліцца жанчына. — Непарыўная сувязь між намі. Вось не паверыце, не ведаю, што павінны прыехаць дзеці, а адчуваю іх набліжэнне: то гул машыны чую за некалькі гадзін да прыезду, то знаёмы пах адэкалону…

1C9A7848

Разважанні аб выхаванні


Кажуць, што кожнае новае пакаленне разум-нейшае за папярэдняе. Можа, з-за такой упэўненасці мы і не карыстаемся вопытам продкаў. Таму здабываем сабе новыя праблемы, многіх з якіх удавалася пазбягаць нашым дзядулям і бабулям. Гэта ў нейкай навуковай галіне можна ствараць новае. А жыццё ўвогуле трымаецца на папярэднім вопыце, традыцыях. Мудрыя продкі карысталіся той сістэмай выхавання дзяцей, якая складвалася стагоддзямі. А мы чытаем усялякія разумныя кніжкі, шукаем парады на інтэрнэт-форумах, ды так і не можам разабрацца з самымі простымі пытаннямі.

—     Цяпер вельмі мала сем’яў, якія жывуць разам з дзядулем і бабуляй. А іх роля ў выхаванні дзяцей была вялікай, — лічыць Тарэса Браніславаўна. — Бабуля і казку раскажа, і гісторыі з жыцця павучальныя. А яшчэ дзеці бачылі, як да старых ставяцца іх бацькі, вучыліся на прыкладах.

1C9A7849

Да слова, неяк прачытала народную казку пра тое, як жанчына карміла свайго старэнькага бацьку з міскі і ўбачыла, як яе малы сын майструе драўляную міску. Навошта? Хлопчык адказаў, што будзе яе гэтак жа карміць, як яна дзядулю…

Галіна ШЛЕМПА.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Стоит почитать:


Сделать селфи с мамой предлагают профсоюзы Гродненщины ко Дню матери


Дню матери ПОСВЯЩАЕТСЯ


14 октября — День матери. Многоголосое счастье Анны

Добавление комментария
CAPTCHA
*