Адклад не ідзе ў лад, ці Як святкавалі Купалле

С праздником 15 июля 14 2735

Вечарам у мінулую суботу святкаваць Купалле на Воранаўскім возеры сабраліся мясцовыя жыхары і госці. Але ж вось надвор’е адразу не спрыяла ні артыстам гарадскога цэнтра культуры і вольнага часу, якія распачалі так званае тэатралізаванае прадстаўленне пад дажджом, ні тым, хто імкнуўся прыйсці раней, каб яго паглядзець. Тут і народная прыказка адклад не ідзе ў лад падцвердзіла сама сябе.


Купальскае свята было аднесена на тыдзень, мабыць, таму і страціла ўсе свае чароўныя і магічныя сілы. Бо, паводле старадаўніх народных паданняў, у купальскую ноч нібыта ажывае ўся прырода: звяры, птушкі, дрэвы, травы размаўляюць між сабою; адкрываюцца скарбы, а недзе ў лесе, у самым гушчары, цвіце чараўнічая папараць-кветка; і той, хто знойдзе яе, будзе самым шчаслівым чалавекам на зямлі. Многія людзі верылі ў гэтыя міфалагічныя паданні, у якіх адлюстраваны спрадвечныя людскія мары аб шчаслівым жыцці. Імправізаваную “папараць-кветку” шукалі і знайшлі і на свяце ў райцэнтры, але наўрад ці яна падорыць свае чароўныя сілы таму смельчаку, які яе адшукаў...


Менш як за гадзіну адпачываючыя ўспомнілі шмат старадаўніх купальскіх традыцый: дзяўчаты пакружыліся ў карагодах, спусцілі на водную роўнядзь свае вянкі, загадалі патаемныя жаданні, а моладзь і падлеткі паскакалі ля вогнішча. Прадоўжылася свята дыскатэкай.

З кожнаю гадзінаю да возера падыходзіла ўсё больш людзей. Гучала музыка, песні і радасны смех. Весяліліся і танцавалі, пакуль не пачало світаць...

Наталля ІВУЦЬ.

На здымках: фрагменты свята.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*