Беларусь — гэта мы!

С праздником 09 июля 14 2923

Вясёлы душэўны настрой 3 ліпеня панаваў з самага ранку і да позняга вечара як на вуліцах, так і ў сэрцах гараджан і гасцей Воранава, якія прыехалі разам з намі адзначыць дзве лёсавызначальныя даты для беларускага народа — Дзень Незалежнасці і 70-годдзе з дня вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сустрэча цёплая сяброў-пабрацімаў


— Вельмі рады бачыць вас на нашай воранаўскай зямлі, — шчыра віталі старшыні райвыканкама Мікалай Розум, райсавета дэпутатаў Віктар Роік, а таксама намеснік старшыні райвыканкама Мечыслаў Уляшка і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Ястрэмская ўдзельнікаў дэлегацый з горада Піш Рэспублікі Польшча на чале са старшынёй мясцовага самакіравання Ліліяй Беднарэк і горада Несцерава Калінінградскай вобласці Расійскай Федэрацыі пад кіраўніцтвам загадчыка аддзела культуры адміністрацыі муніцыпальнай адукацыі Ірыны Апрышка. — Вялікі дзякуй, што прыехалі раздзяліць з намі радасць з нагоды Дня Незалежнасці і 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Жадаем вам прыемных уражанняў і добрага настрою на нашым свяце.

Падчас сяброўскай гутаркі былі яшчэ раз узгаданы чалавечыя страты і тыя беды, якія прынёс нямецкі фашызм усім народам Еўропы, асабліва беларускаму. Успомнілі Хатынь, аперацыю “Баграціён”, падчас якой і была вызвалена Беларусь ад фашысцкай акупацыі. З павагай гаварылі госці  аб той вялікай увазе і пашане, якія надаюцца ветэранам у нашай краіне. Узгадалі падчас размовы і Першую сусветную вайну, 100-годдзе з пачатку якой адзначаецца сёлета. У гэтай сувязі гаварылі пра нашу Смаргонь, дзе 1 жніўня адкрыецца мемарыяльны комплекс, прысвечаны тым падзеям. Дарэчы, госці з Расіі будуць рады бачыць у жніўні дэлегацыю воранаўцаў у Несцераўскім раёне (там таксама свой след пакінула Першая сусветная  вайна), дзе будуць рэканструяваны баі тых часоў.  Запрасілі кіраўніцтва Воранаўскага раёна да сябе ў госці і польскія сябры — на жнівеньскае свята “Дажынкі” ў горад Піш, і ўжо вельмі прасілі, каб абавязкова прыехалі “Радунскія салавейкі”. Запрашэнні з удзячнасцю былі прыняты.

Між тым, святочныя мерапрыемствы набіралі моц. Наведаўшы выставу славутых воранаўскіх прычэпаў “Баярын”, “горад” гульняў і атракцыёнаў, маляўнічыя гаспадарчыя падворкі, госці з Польшчы і Расіі разам з перадавікамі народнай гаспадаркі і кіраўнікамі раёна накіраваліся да помніка загінуўшым воінам і партызанам.

Пад мірным небам 70 год жыве і працуе Беларусь



— У гэты дзень, звяртаючыся да гістарычнай памяці, — зазначыў на адкрыцці мітынгу старшыня райвыканкама Мікалай Розум, — выказваю ўдзячнасць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны за мужнасць і стойкасць, праяўленыя як на палях змаганняў, так і на працоўным фронце.  Ваша напоўненае гераічным зместам жыццё стала належным прыкладам для нашчадкаў. Нізкі паклон вам, дарагія ветэраны! Моцнага здароўя, міру, дабрабыту, клапатлівых адносін родных і блізкіх. Дарагія варанаўчане! Няма радней і бліжэй зямлі, чым тая, дзе нарадзіўся і вырас, дзе яскрава відаць вынікі тваёй працы. Я з удзячнасцю звяртаюся да вас, працаўнікі воранаўскага краю, хто добрасумленнай працай умацоўвае эканоміку, развівае сельскую гаспадарку, працуе ў сферах адукацыі, аховы здароўя, культуры. Дзякуючы вам наша Воранаўшчына ўпэўнена ідзе наперад разам з усім беларускім народам. Мы ганарымся нашай моладдзю, якая паспяхова выступае на рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядах, канкурыруе на прэстыжных навуковых конкурсах, спартыўных турнірах. Ад усёй душы жадаю ўсім жыхарам Воранаўшчыны моцнага здароўя, прафесійных поспехаў, новых ідэй. Няхай галоўнае свята нашай краіны — Дзень Незалежнасці — прынясе ў кожны дом, кожную сям’ю добры настрой, шчасце і дабрабыт. Няхай над нашай Беларуссю заўсёды будзе мірнае неба, а ў сэрцах людзей — спакой.

Ад імя працоўных калектываў і ўсіх жыхароў Воранаўшчыны выступіў і падзякаваў ветэранам вайны за іх вялікі ўклад у Перамогу над фашызмам дырэктар ААТ “Воранаўская сельгастэхніка” Аляксандр Магазіншчыкаў. Хвалюючымі і запамінальнымі былі словы старшыні раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Нэлі Пушнянковай:

— У гады Вялікай Айчыннай вайны амаль 6 тысяч загінуўшых прыняла воранаўская зямля, як напамін аб гэтым — 27 помнікаў.


Не вярнуліся з вайны 1 612 нашых землякоў. Ідуць гады, у жыццё ўступаюць новыя пакаленні, але горкая памяць жыве ў сэрцах ветэранаў і ўсіх тых, чые родныя загінулі. Жыве ў сэрцах былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, у сэрцах тых, хто аднаўляў разбураныя гарады, спаленыя вёскі. І гэтую памяць перадалі нам, дзецям вайны, нашы бацькі — пакаленне вызваліцеляў. А мы ў сваю чаргу робім усё, каб перадаць яе вам, нашым дзецям і ўнукам, каб вы ніколі не забывалі, што вайна — гэта страшна, што чалавечае жыццё нельга нічым замяніць. Ветэраны вайны і працы і сёння ў страі, робяць усё, каб наша моладзь любіла сваю краіну, умацоўвала яе незалежнасць. Усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, а роднай Беларусі — працвітання, міру і згоды ў грамадстве.

Ад імя моладзі раёна выступіла сакратар пярвічнай арганізацыі ГА “БРСМ” СВК “Больцішкі” Наталля Мяцеліца.


.


.


Наступае Хвіліна маўчання, гучыць трохразовы аружэйны залп, да помніка ўскладаюцца кветкі ад кіраўніцтва раёна, гірлянда Славы ад пагранічнікаў. Шматлікія кветкі і вянкі — ад ветэранаў вайны і працы, былых воінаў-інтэрнацыяналістаў, прадстаўнікоў працоўных калектываў, дэлегацый гасцей. Аддаўшы даніну памяці загінуўшым, усе накіроўваюцца на цэнтральную плошчу горада, дзе распачалося шматгадзіннае яскравае святочнае дзейства пад назвай

“Квітней, мая Радзіма”



Галоўнымі героямі тут сталі 16 лепшых працаўнікоў раёна розных галін народнай гаспадаркі і сацыяльна-культурный сферы, 3 працоўныя калектывы і прыёмная сям’я Валянціны і Часлава Урублеўскіх. Са словамі падзякі за плённую работу і імкненне працаваць яшчэ лепш, эфектыўней і больш якасна, Пасведчанні аб занясенні на раённую Дошку Гонару ім уручыў кіраўнік раёна Мікалай Розум.

Апладысментамі сустрэлі воранаўцы і выступленне кіраўніка польскай дэлегацыі Ліліі Беднарэк:

— 70-я гадавіна з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкай акупацыі — дата вельмі значная. Для ўсяго беларускага народа, як і польскага, які таксама быў пад акупацыяй, гэта быў праблематычны час. Нашы народы панеслі вялікія страты — загінулі мільёны людзей, знішчаны тысячы гарадоў і вёсак. Але мы ведаем, што тыя ахвяры не былі дарэмнымі: мы радуемся свабодзе, спакою і міру. І тыя намаганні, якія прыкладаем сёння ў нашых сяброўскіх кантактах, будуць спрыяць далейшаму ўмацаванню фундамента дружбы паміж нашымі народамі.

Сардэчныя віншаванні на свяце прагучалі і ад братоў-расіян, якія выказаў намеснік старшыні раённага Савета дэпутатаў муніцыпальнага ўтварэння Несцераўскага раёна Уладзімір Бялецкі:

— Паважаныя жыхары Воранаўскага раёна, паважаныя ветэраны вайны, мы прыехалі да вас з трапяткім пачуццём, каб выказаць вялікую падзяку за тое, што і вы ўнеслі свой уклад у барацьбу з чумой фашызму, бо напэўна ў вас няма ніводнай сям’і, якую б не закранула вайна. Хачу пажадаць вам плённай працы на палях, на прадпрыемствах, каб вашы дасягненні былі ўсё больш значнымі. Мірнага жыцця вам, згоды ва ўсіх справах!

Завяршылася ўрачыстая частка маляўнічай кампазіцыяй пад песню “Белая Русь”. У неба ўзняліся рознакаляровыя паветраныя шары. Святочную творчую эстафету прынялі хор ветэранаў “Землякі”, народныя ансамблі “Зараніца” і “Лявоны”.  Калі ж на сцэну з песнямі, танцамі выйшлі юныя артысты, то, здавалася, на плошчы стала яшчэ больш сонечна. Гледачы нібы памаладзелі і ўпэўніліся: зямля наша багата на таленты і над воранаўскім краем заўсёды будзе гучаць песня.

А цвёрдай гарантыяй таго, што мірнае жыццё ў нашай васільковай, ласкавай і светлай Беларусі знаходзіцца пад надзейнай абаронай і нішто не памяшае нам спяваць і спаборнічаць у розных спартыўных гульнях (на стадыёне і парку якраз праходзілі спартыўныя баталіі), сталі паказальныя выступленні байцоў спецназа.

Наша жыццё  ў надзейных руках




.



.


Дарэчы, паказальнае выступленне байцоў 22-й асобнай роты спецыяльнага прызначэння з Гродна было захапляючым. Узрываліся гранаты, навокал усё агортвалася дымам, ды яшчэ прыцэльна на прысутных былі наведзены аўтаматы. Але на сустрач так званым “захопнікам” выбеглі бравыя хлопцы, якія прафесійна далі ім адпор, не даючы ворагу магчымасці апамятацца. Гледачы зразумелі — наша жыццё ў надзейных руках.

Музычны падарунак


Павіншаваць жыхароў і гасцей Воранаўшчыны са святам краіны прыехалі і салісты духавога аркестра Лідскага пагранічнага атраду. Іх патрыятычныя песні дарылі ўсім адпаведны настрой. А змянілі іх на раённай сцэне аматары народнага гумару з розных устаноў раёна. Пачаліся жарты, а з імі, як водзіцца, і залівісты смех. А каб гледачам даць трохі перадыхнуць ад смеху, на сцэну выходзілі музыкі і гралі так, што ногі самі ў пляс ішлі. Таму канцэртная праграма “Весяліцца — не журыцца” прыйшлася даспадобы тым, хто любіць народную творчасць.

Далей настаў час сучасным песням і кампазіцыям. На плошчы збіралася ўсё больш маладых людзей. Яны спяшаліся, каб паслухаць не толькі мясцовых эстрадных артыстаў, але і прыезджых зорак. На свята да нас завіталі прыгожая дзяўчына, спявачка беларускай эстрады Ганна Шаркунова і знакамітая ўжо ў нашай краіне моладзевая група  «R.I.P. Legion», выканаўцы якой нарадзіліся на воранаўскай зямлі. Іх выступленне стала сапраўдным падарункам для нашай моладзі, якая, як кажуць, проста “адрывалася” пад сучасныя рытмы.

Прыгожым кульмінацыйным момантам стала рэспубліканская акцыя “Праспяваем гімн разам”. Спявалі ўсе, хто прыйшоў на плошчу, нават малыя дзеці.

Феерыя агню


Яркім і запамінальным стала вогненнае шоу ад “Чорных воранаў” з Ліды, якія змаглі падпарадкаваць сабе стыхію агню. І так умела ёй авалодалі, што дух займала ад іх выступлення. Феерыю агню працягнуў святочны салют, які шматколернасцю размаляваў усё неба над райцэнтрам і прывёў у захапленне усіх яго жыхароў і гасцей. Скончылася свята краіны дыскатэкай з элементамі пена-лазернага шоу.

Вікенцій ЯКОВІЧ і Наталля ІВУЦЬ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.



[gallery link="file" columns="2"]


Комментарии
валет
Так вот и не дали побыть молодыми! Закрыли перед носом дверь! А душа - она праздника хотела! Да и речь шла, вообще-то, не о возрасте....
Хи-хи
Каждому возрасту свое))) Главное - быть молодым душой, а не по паспорту
валет
Праздник получился так себе... Особенно его финал.После салюта вся аудитория "кому за 30" вынуждена была на эмоциональном подъёме ползти по домам.А так хотелось потанцевать! Почему нельзя было сделать на площади дискотеку? Ведь праздник по прейскуранту до 3 часов ночи. Только для кого? Для подростков, котрые пошли на пенно-лазерное шоу? А остальной народ? Да и перед салютом выступление рэперской группы было не совсем уместно, так как слушают эту музыку опять же те, кому до 30.Да, и самые интересные мероприятиябыли спланированы на то время, когда утомлённый зритель пошёл по домам отдохнуть (то же, например, выступление военных).Я молчу о подметании тратуара флагами под известную красивую песню о Белоруссии
Добавление комментария
CAPTCHA
*