1 октября — День пожилых людей. Душы маладыя не старэюць

С праздником 01 октября 13 1471

У гэтым перакананы пятнаццаць удзельніц аматарскага аб’яднання “Сустрэча”, якое існуе пры Нацкім сельскім цэнтры нацыянальных культур. Людзі сталага ўзросту прыходзяць сюды, каб пагутарыць, адпачыць душой і, канешне ж, добра правесці вольны час. У тым, што яны не лічаць гады і не баяцца іх колькасці, пераканалася, пабываўшы на адной з сустрэч гэтых пазітыўных і актыўных жанчын.

Калі пераступіла парог Нацкага цэнтра і ўбачыла адкрытыя твары і шчырыя ўсмешкі ўдзельніц аб’яднання, адчула сябе, як дома. Знаёмства пачалося з кіраўніка “Сустрэчы”, былой настаўніцы пачатковых класаў мясцовай школы, Тэрэзы Іванаўны Вашчылы. Энергічная і жыццярадасная, яна расказала, што кожны месяц яе сяброўкі-аднадумцы спяшаюцца сюды: вельмі прыемна пасядзець за шырокім сталом, падзяліцца радаснымі весткамі дый, што не менш важна для жанчын, прыгожа апрануцца. Іншы раз нішто так не адвядзе скруху ад сэрца, як дасціпныя жарты, сумесная песня і вясёлы танец. Абменьваюцца і рэцэптамі: кожная ж з прысутных —гаспадыня! Збіраюцца жанчыны і для таго, каб перадаць маладому пакаленню свой вопыт. Таму частыя госці ў іх — школьнікі. Дзеці не проста даведваюцца пра гісторыю сваёй вёскі, яе цікавых людзей, але і зберагаюць разам са сталымі вяскоўцамі традыцыі (святкуюць Каляды і Вялікдзень), памяць аб продках. А яшчэ прыходзяць з прыемнымі сюрпрызамі — невялічкімі, зробленымі сваімі рукамі падарункамі. Напэўна таму кожная сустрэча ўдзельніц аб’яднання напоўнена новымі эмоцыямі і ўражаннямі.

Расказваючы пра сябе, жанчыны заўважылі, што тут, акрамя былых працаўнікоў калгаса, гандлю, сельскага Савета, сабраліся тры пакаленні настаўнікаў. З павагай яны прадставілі самую старэйшую (87 год) — Марыю Фёдараўну Маханько, якая вучыла хіміі і біялогіі практычна ўсіх прысутных. Ёсць сярод іх і цудоўная спявачка — вядучы голас у вакальнай групе, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ірына Юльянаўна Сабалеўская. Спявае ў хоры ў касцёле Браніслава Іосіфаўна Ульбін. Сапраўдная майстрыца — Уладзіслава Вікенцьеўна Міклюкевіч: у свой час яна ткала на кроснах, і зараз яе можна ўбачыць за калаўроткам, вышываннем. Ды што тут казаць: усе ўдзельніцы “Сустрэчы” — добрыя гаспадыні і ўмеліцы. І спяшаюцца ў Нацкі цэнтр нездарма. Яны сцвярджаюць: “Такія зборы вельмі неабходныя для нас: пабыўшы разам, адчуваем, што яшчэ некаму патрэбны ў сваёй вёсцы”.

Марына КАНДРАТОВІЧ.

На здымку: падчас мерапрыемства.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.
Добавление комментария
CAPTCHA
*