Свята радасці і надзеі. Велікоднае віншаванне Аляксандра Кашкевіча, біскупа Гродзенскага
Дарагія дыяцэзіяне!
Хрыстус уваскрос! Алілуя!
Гэтае пасланне радасці і надзеі гучыць сёння ў нашых сэрцах. У Пасхальнай таямніцы Мукі, Смерці і Уваскрашэння здзейснілася справа нашага збаўлення: Езус Хрыстус назаўсёды перамог усе сілы зла, граху і смерці, а сэрцы сваіх вызнаўцаў напоўніў надзеяй цалкам новага жыцця ў вечнасці. Уваскрослы Хрыстус застаецца з намі, пілігрымуе з намі па шляхах жыцця, з’яўляецца нашым Панам і Збаўцам у кожным месцы і ў кожны час.
Жадаю ўсім вам, дарагія браты і сёстры, глыбокага спазнання незвычайнай блізкасці Пана і Яго бясконцай любові. Няхай Хрыстус Уваскрослы ўмацуе ў кожным з нас надзею і ажывіць веру. Няхай сваёй ласкай нястомна адкрывае нашы сэрцы на моц Яго любові, на дар міру, прабачэння і паяднання.
Яднаючыся духоўна ў перажыванні Велікоднай радасці, жадаю вам усім, дарагія дыяцэзіяне, Божага благаслаўлення, добрага здароўя і шчодрасці ўсялякіх ласкаў ад Уваскрослага Збаўцы.
Вясёлых святаў!