Вяселле з народнымi матывамi

С праздником 28 августа 12 5336

Жнівень, як кажуць у народзе, жыта дажаў, можна крыху перадыхнуць, пагуляць, а маладым — і пажаніцца. Бо так ужо павялося здавён на Беларусі, што самая вялікая колькасць вяселляў як раз і ладзіцца пасля ўборкі хлеба. Вось такой ураджайнай на вяселлі і выдалася мінулая субота ў Воранаве. Спачатку аўтамабільныя картэжы адзін за адным пад’язджалі да раённага Дома культуры, урачыста гучаў марш Мендэльсона, абвяшчаючы аб стварэнні новых семейных пар. А потым наваколле напоўнілася вясёлай музыкай, якая гучала ў “Родным куце” (сталовая), у “Сустрэчы” (рэстаран) і іншых месцах гарпасёлка. Сучасныя і мінулых гадоў песні стваралі лірычны настрой у прахожых, мабыць, навяваючы прыемныя ўспаміны і пачуццё добрага. А даведаўшыся, што на вяселле ў “Сустрэчу” запрошаны фальклорны ансамбль “Курчоўскія напевы”, пабывалі там, з дазволу гаспадароў, і мы, супрацоўнікі рэдакцыі. Вельмі ж хацелася адчуць, пабачыць, ці стасуюцца народныя традыцыі з сучаснасцю?

Усё атрымалася як мае быць! Артыстаў сустрэлі апладысментымі, якія не сціхалі падчас усяго выступлення. Напачатку кіраўнік ансамбля Вера Васько ўручыла букет пунсовых руж маладым Алегу і Наташы, пажадала ім такога ж прыгожага, як кветкі, сумеснага жыцця. Загучала песня для маладой і яе бацькоў “Кланяюся табе, мама”, і госці прыціхлі, задумаліся, а многія жанчыны выціралі хусцінкамі набягаючыя слёзы... Песня нібы расказвала пра развітанне з дзявоцтвам і пачаткам новай старонкі жыцця — замужжа. Ды светлы смутак імгненна прайшоў, калі курчоўскія артысты-аматары заспявалі “Гарэла сосна”, “Як я ехаў у сваты”, “А ў полі пры даліне” і іншыя народныя песні. Да месца прыйшліся і гумарэскі пра тое, як муж і жонка дзялілі ўладу, пра каханне і вернасць... А колькі ж народнай мудрасці прагучала ў жартоўных падарунках-пажаданнях для маладых: “Дару часы, каб доўга не спалі і праз год на радзіны пазвалі”; “Дару часнок, каб хутка быў сынок”; “Дару дугой, каб не хадзіў да другой”; “Дару грошы, каб вашы дзеці былі харошы”... І як толькі пачулася “100 гадоў”, то разам з артыстамі заспявала ўся зала. “Зачапілі” выступоўцы і сватоў. Іспыт быў не з лёгкіх — полька стоячы на лаве! Ну а “Чарка на пасашок” падымалася і звінела ўжо на ўсю святочную залу!

Развітвалася вяселле з ансамблем “Курчоўскія напевы” бурнымі воплескамі і воклічамі “ма-лай-цы!”  Нават музыкант з Мажэйкава шчыра прызнаўся, што вельмі эмацыянальна атрымалася і ён усім сэрцам за такую фальклорную старонку сучаснага вяселля.

Вікенцій ПАДГАЙСКІ.

Фота Алега БЕЛЬСКАГА.

Добавление комментария
CAPTCHA
*