Літоўскі акцэнт беларускай глыбінкі

С праздником 27 сентября 11 2749
З імем рымскага епіскапа Лінаса звязана гісторыя жыхароў літоўскай нацыянальнасці, якія абаснаваліся на пяляскай зямлі ў пачатку ХХ стагоддзя. Сваім заступнікам яны абралі менавіта гэтага святога мучаніка, а яго імем назвалі пабудаваную святыню. Фэст у гонар Лінаса — ужо не проста касцёльнае свята, а сапраўднае культурна-рэлігійнае дзейства. У гэты асаблівы дзень жыхары Пелясы, навакольных вёсак, шматлікія госці не толькі ўзносяць малітвы да Усявышняга і дзякуюць свайму заступніку за апеку падчас урачыстага набажэнства, але і далучаюцца да музычнай і песеннай творчасці літоўскага народа.
Свята ў гонар Лінаса прыпадае на апошні тыдзень верасня. Аднак надвор’е ніколі не хмурыцца, не псуе фэсту, які ладзіцца пад адкрытым небам. Увогуле, парафіяне не прыпомняць такога, каб яно было дрэнным. І ў гэты раз сонейка шчодра адорвала ўсіх сваім апошнім цяплом: гуляла промнямі ў каляровых бліскучых хусцінках прыбраных парафіянак, пялёстках восеньскіх кветак, настойліва заглядвала ў твары ўдзельнікаў свята. Асабліва даспадобы нябеснаму свяцілу прыйшліся бурштынавыя каралі, якія ўпрыгожвалі шыі жанчын у нацыянальных літоўскіх  касцюмах. Камяні загараліся цёплым мяккім светам, калі промні краналі гэты атрыбут нацыянальнага ўбору. 
Здавалася, у гэты маляўнічы куточак Воранаўшчыны свята ўдыхнула новае жыццё. Асаблівы ўзнёслы настрой стварала ўсё, на чым спыняўся позірк: і будынак касцёла, што велічна і маўкліва ўзвышаецца над вёскай, і мітусня вучняў у апошніх прыгатаваннях да канцэрта, і няспешныя парафіяне, якія добразычліва адказвалі адзін аднаму на прывітанне, і нават аўтамабілі, што прытаіліся воддаль у цярплівым чаканні сваіх гаспадароў. Мала хто абмінуў прылавак пенсіянеркі Леакадзіі Ціхан з Ліды, якая ўжо больш за трыццаць гадоў прывозіць на фэст салодкія пачастункі. Ледзянцы ў форме вавёрак і пеўняў, размаляваныя пернікі, цукеркі яна вырабляе загадзя, каб госці свята змаглі набыць іх для сябе або прывезці гасцінец дзецям ці ўнукам.
Раздзяліць урачыстасць з жыхарамі пяляскага краю прыехалі высокія госці: дырэктар па сувязях з літоўцамі за мяжой Міністэрства замежных спраў Літоўскай Рэспублікі Арвідас Даўнаравічус, віцэ-консул пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Валдас Бурнэйка, вядучы спецыяліст Міністэрства адукацыі і навукі ЛР Пятрас Навіцкас; прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў літоўцаў з Радуні, Рамдзюнаў, Ліды. Раённую ўладу прадстаўлялі намеснік старшыні Воранаўскага райвыканкама Мечыслаў Уляшка, старшыня Больцішскага сельскага Савета Марыя Скорб, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Людміла Запаснік. Усе прынялі ўдзел у святочнай імшы і працэсіі, а затым перамясціліся ва ўнутраны дворык Пяляскай прыватнай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы з навучаннем на літоўскай мове, дзе іх чакала культурная праграма. У прывітальных прамовах гасцей гучалі цёплыя і шчырыя словы ў адрас жыхароў гэтага краю, якія дзесяцігоддзямі суіснуюць у згодзе і сяброўстве, паважаюць і зберагаюць свае нацыянальныя традыцыі. А яны, безумоўна, узаемна ўзбагачаюць культуры двух народаў.
Канцэртная праграма складалася з выступленняў прадстаўнікоў розных пакаленняў. Распачалі яе народныя спявачкі самага шаноўнага ўзросту, якія выканалі народныя песні акапэльна. Прадоўжылі настаўнікі і вучні Пяляскай школы. А вось “Пяляскі марш” на словы былой настаўніцы школы Дануты Белюнене і музыку Пятраса Рымкуса, музыкальнага кіраўніка гэтай установы адукацыі,  выконвалі і самі артысты, і гледачы.
Далёка адносіў вецер гукі музыкі і літоўскіх песень, якія ліліся па-над наваколлем. І як тут не пранікнешся каларытам гэтага краю, непаўторнасцю беларускай глыбінкі з літоўскім акцэнтам!..
Вольга ВАРАБ’ЁВА.





Добавление комментария
CAPTCHA
*